камэнтар Зянона Пазьняка

Дарога застанецца помнікам барбарству

Народны мэмарыял ужо створаны і будзе разьвівацца далей. Ён створаны людзьмі, якія прыяжджаюць у Курапаты з усёй краіны і з-за мяжы, ставяць крыжы, запальваюць сьвечкі. Гэта справа рук самога народу. Пакуль хтосьці спадзяецца на ўладу, пакуль ідуць размовы, паседжаньні, людзі ўзялі справу ў свае рукі, пачалі ствараць Народны мэмарыял.

Курапаты нельга зьнішчыць. З таго часу, калі праўда пра Курапаты была адкрытая, — яны незьнішчальныя. Чым больш нахабным будзе рэжым, тым хутчэй ён выкапае сабе яму. Яны хацелі сфальсыфікаваць матэрыялы па Курапатах, але гэта ім не ўдалося зрабіць. Будоўля аўтадарогі праз Курапаты — гэта кашчунства. У сьвеце такога не было! Гэта пераходзіць усе маральныя нормы. Яны перакрочылі мяжу дабра і зла. Гэта сатанінскае мысьленьне. Дарога застанецца помнікам барбарству. На гэтым асфальце будуць напісаныя імёны і ахвяраў, і катаў.

Недахоп інфармацыі прыводзіць да таго, што большасьць людзей у краіне ня ведаюць пра Курапаты, пра тое, што там адбываецца. Каб людзі ведалі, заўтра там былі б тысячы. З усёй Беларусі людзі ехалі б, каб захаваць сваю памяць. Бо ў кожнага ў сям’і хтосьці загінуў.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0