Насьпела дэнансацыя саюзнай дамовы

Прафэсар Станіслаў Багданкевіч выступіў у “Нацыянальнай эканамічнай газэце” зь вялікім артыкулам на тэму беларуска-расейскае інтэграцыі, нашага нацыянальнага інтарэсу ў ёй на кароткі і больш доўгі тэрмін. “НН” прапануе Вашай увазе скарочаны пераказ артыкулу.

Паглыбленьне беларуска-расейскай інтэграцыі, на першы погляд, эканамічна беззаганнае, бо Беларусь залежыць ад расейскіх энэрганосьбітаў і рынку збыту пераважнай часткі прадукцыі. Наша інтэграцыя ў рамкі высокаразьвітога Эўразьвязу не адбудзецца прынамсі ў найбліжэйшыя 15 гадоў — з-за паглыбленьня крызысу нашай эканомікі, адставаньня з рынкавай трансфармацыяй і палітычнай самаізаляцыі. На карысьць беларуска-расейскай інтэграцыі, на першы погляд, сьведчыць і дэкляраваны Расеяй курс на паступовую агульнаэўрапейскую інтэграцыю.

На долю Расеі прыпадае блізу 60% нашага замежнага гандлю. Інтэграцыя дазволіць прыбраць са шляху перамяшчэньня тавараў, паслуг, рабочай сілы і капіталу разнастайныя мытныя, а таксама эканамічныя, найперш падатковыя і цэнавыя, перашкоды. Інтэграцыя забясьпечыць беларускім прадпрыемствам на пераходны пэрыяд ніжэйшыя расейскія цэны на энэрганосьбіты і чыгуначныя тарыфы. Гэта аргумэнты, якія прыводзяцца прыхільнікамі інтэграцыі.

Вядома, ёсьць шэраг важкіх аргумэнтаў на карысьць паскоранага пераходу на расейскую валюту. Цэнтрабанк РФ мае значныя валютныя рэзэрвы, валютны курс расейскага рубля больш стабільны, інфляцыя ў Расеі значна ніжэйшая, каэфіцыент манэтарызацыі расейскай эканомікі ўдвая вышэйшы, а бартэрызацыя разьлікаў — ніжэйшая, чым у Беларусі. Адзіны ўнутраны валютны рынак дазволіў бы забясьпечыць эканомію выдаткаў пры валютным абмене, разьліках, мытным наглядзе і інш., спрыяў бы зьніжэньню ўзроўню інфляцыі.

 

Перавагі несупастаўныя
з стратамі

Аднак гэтыя невялікія перавагі несупастаўныя з тым, што афіцыйны пераход на расейскі рубель і валютнае заканадаўства пагражаюць нам стратай сувэрэнітэту.

На думку С.Багданкевіча, аб’яднаньне з Расеяй у адну дзяржаву ні ў палітычных, ні ў эканамічных, ні ў вайсковых адносінах не апраўданае. Эканамічнае становішча Расеі няўстойлівае, бо грунтуецца на экспарце энэрганосьбітаў і сыравіны, сусьветныя цэны на якія нестабільныя. Што стане з эканомікай РФ, калі цяперашні рэжым у Іраку будзе заменены на праамэрыканскі і цэны на нафту ўпадуць? Расея мае вялізную замежную запазычанасьць, якая шматкроць перавышае адносную велічыню дзяржпазыкі Беларусі. Па ўзроўні нацыянальнага даходу на душу насельніцтва РФ адстае амаль у два разы нават ад Польшчы. Карумпаванасьць улады ў Расеі — адна з самых высокіх у сьвеце. Краіну захліснуў тэрор, працягвае ўцякаць капітал. Расея ваюе ў Чачэніі. Захоўваецца небясьпека ўсталяваньня аўтарытарнага рэжыму, прыходу да ўлады антыдэмакратычных сілаў, што настальгуюць па імпэрыялістычнай мінуўшчыне. Многія рэгіёны скаланаюцца ад энэргетычных праблемаў, крызысу неплацяжоў. Аслабленая эканоміка ня можа падтрымліваць былую вайсковую магутнасьць, што робіць войска нестабільным, патэнцыйна здольным на авантуры.

Іншая прычына нявыгаднасьці інтэграцыі для Беларусі — што ў нас не сфармаваны нацыянальны прыватны капітал. Пры валютнай інтэграцыі з Расеяй гэта спрычыніцца да поўнай страты беларусамі ўласнасьці, ейнага пераходу да нецывілізаванага алігархічнага расейскага капіталу.

 

Навошта беларусам пасярэднік

Пагадненьне аб пераходзе з 2005 г. на валюту Расеі супярэчыць Канстытуцыі Беларусі, азначае перадачу ейнага сувэрэннага эмісійнага права ЦБ РФ. Бо наднацыянальнае заканадаўства аб парадку функцыянаваньня ЦБ саюзнай дзяржавы і парадку правядзеньня адзінай макраэканамічнай, грашова-крэдытнай і валютнай палітыкі, натуральна, будзе прарасейскім. Больш за тое, пасьля пераходу на расейскі рубель да зьяўленьня такога заканадаўства ў Расеі не застанецца ніякіх стымулаў для фармаваньня саюзнага эмісійнага цэнтру і саюзнай валюты. А ідэя двух эмісійных цэнтраў з выкарыстаньнем адзінай валюты ненатуральная. На практыцы гэта пагражае дэзарганізацыяй грашовага абарачэньня, асабліва пры сацыяльна-эканамічнай нестабільнасьці.

Ва ўмовах рынкавай канкурэнцыі з больш моцнымі расейскімі банкамі асноўныя беларускія банкі, што фінансуюць дзяржаўныя праграмы і прамысловых гігантаў, непазьбежна збанкрутуюць. Тое самае здарыцца і з прадпрыемствамі, якія штучна падтрымлівалі ўрад і банкі. Пачнецца абвальны рост беспрацоўя.

Альтэрнатывай увядзеньню расейскага рубля магла б стаць жорсткая прывязка да яго беларускага. Аднак сам расейскі рубель прывязаны да даляра ЗША. Дык навошта беларусам пасярэднік?

Таму варта адмовіцца на цяперашнім этапе ад ідэі поўнай валютнай інтэграцыі з Расеяй. Але мэтазгодна працягваць сынхранізацыю парамэтраў манэтарнай, падатковай, цэнавай і гандлёвай палітыкі. На гэтым этапе мэтазгодна лібэралізаваць наша грашовае абарачэньне, зрабіць паўнапраўным плацежным і ашчадным сродкам разам зь беларускім, расейскі рубель, эўра, даляр.

 

Патрэбны саюз, і мяжа патрэбная

Безумоўнай мэтай беларуска-расейскай інтэграцыі ёсьць мытны саюз, фармаваньне адзінай мытнай мяжы. Парамэтры такога саюзу павінны максымальна супадаць з парамэтрамі аналягічных міжнародных структураў. Аднак сьпярша варта было б пабудаваць клясычную зону вольнага гандлю паміж нашымі дзяржавамі, у межах якой прадугледзець адмену ўсіх (ці амаль усіх) мераў тарыфнага і нетарыфнага рэгуляваньня, адмову ад адміністрацыйнага рэгуляваньня цэнаў на тавары і паслугі, якія перамяшчаюцца празь мяжу. Каб супрацьстаяць кантрабандзе і ўпарадкаваць гандаль таварамі з трэціх краінаў, а таксама ў рамках падрыхтоўкі да ўступленьня ў СГА, неабходна часова аднавіць мытную мяжу з Расейскай Фэдэрацыяй. На апошнім этапе нашай інтэграцыі варта прадугледзець уступленьне сумесна з Расеяй у якасьці паўнапраўных сяброў у Эўразьвяз, пераход на агульнапрынятую стабільную эўрапейскую валюту — эўра.

У новай сытуацыі трэба дэнансаваць ці істотна скарэктаваць дамову аб саюзе Беларусі і Расеі 1997 г. Бо яна, як і рамкавае пагадненьне 2000 г. аб пераходзе на расейскі рубель, ставіць палітычныя пытаньні паперадзе эканамічных. Мэтазгодней спачатку ўніфікаваць з Расеяй эканамічнае заканадаўства і практыку гаспадараньня. Варта скарыстацца з прапановы У.Пуціна скасаваць створаныя наднацыянальныя органы — дарагія і непатрэбныя бюракратычныя структуры. Ня можа быць раўнапраўнай палітычная інтэграцыя, калі эканамічная вага адной краіны ў 19 разоў перавышае вагу другой, калі расейская эканоміка лічыцца рынкавай, а Беларусь, паводле ацэнкі ЭБРР, знаходзіцца на перадапошнім месцы ў рынкавых пераўтварэньнях.

Інтэграцыя сапраўды можа ісьці толькі па прынцыпах ЭЗ, лічыць С.Багданкевіч. Перш за ўсё таму, што галоўнай палітычнай і эканамічнай мэтай нашай краіны, як і Расеі, павінна стаць сяброўства ў Эўразьвязе. Таму эканамічнае заканадаўства трэба максымальна наблізіць да агульнаэўрапейскага.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0