саміт СНД у Кішынэве

Букет Малдавіі

Нялёгка беларусу ўявіць сытуацыю, калі нацыянальна-дэмакратычная апазыцыя выступае за скасаваньне сувэрэнітэту і зьліцьцё сваёй краіны з суседняй. Нялёгка ўявіць, што ёсьць краіна, насельніцтва якой так і не прыйшло да згоды, як называць сваю мову — малдаўскай ці румынскай.

Аб’ектыўна, як мяне пераконвалі малдаване, ніякай малдаўскай мовы не існуе. Проста пасьля захопу гэтай тэрыторыі СССР у 1940-м румынскую мову перавялі на кірыліцу і пачалі называць “малдаўскай”. Цяпер лацінку вярнулі, аднак многія па-ранейшаму з гэтым не пагаджаюцца, хоць і ня могуць сказаць, чым “малдаўская” адрозьніваецца ад румынскай.

Ня менш пытаньняў і з нацыянальнай самаідэнтыфікацыяй. Паводле перапісу 1989 г., у краіне жыло 64% малдаванаў, 13% украінцаў, 12% расейцаў, а таксама баўгары і гагаузы (гэтыя жывуць кампактна і цяпер маюць сваю аўтаномію). Новы перапіс сёньняшняе “камуністычнае” кіраўніцтва ўвесь час адцягвае. Паводле словаў малдаўскіх дэмакратаў, яно баіцца, што многія малдаване назавуць сабе румынамі. Дый незразумела, як правесьці перапіс у краіне, дзе з 4-мільённага насельніцтва каля мільёна працуюць і жывуць за мяжой — у Румыніі, Турцыі, Расеі, Партугаліі, уцякаючы ад сярэдняга заробку ў 40 даляраў. Дадайце сюды яшчэ прыднястроўскі канфлікт, каб атрымаўся востры і рэзкі “букет Малдавіі”.

Вось прыедзе Пуцін

Шчырае замілаваньне ў мяне выклікаў безаглядна-наіўны аптымізм малдаўскай расейскамоўнай прэсы, якая спадзявалася на паваротныя вынікі саміту. “Што скажа Пуцін? Як ён вырашыць прыднястроўскую праблему?” Варыяцыі на тэму “Пуцін думае пра Малдову” нагадвалі думку некаторых беларусаў, што мы знаходзімся ў цэнтры ўвагі ня толькі Масквы, але і ўсяго сьвету. Большасьць гэтай малдаўскай прэсы, трэба заўважыць, дзяржаўная, і піша пра апазыцыю прыблізна ў стылі БТ часоў Зімоўскага.

Расея ды Пуцін для дзяржаўнай малдаўскай прэсы — “сьвятарная карова”, у дачыненьні да якой нават цень крытыкі альбо скепсісу непажаданы. У кішынэўскіх крамах лямантуе “Русское радио”, таксіст-расеец родам з Рыгі прызнаецца, што, жывучы ў Кішынэве 30 гадоў, па-румынску гаварыць так і не навучыўся. Малдаване, кажа, людзі гасьцінныя: калі ў кампаніі хоць бы адзін расейскамоўны, усе будуць гаварыць па-расейску. Дзеля справядлівасьці трэба зазначыць, што прэзыдэнт-камуніст Уладзімер Варонін, як і іншыя вышэйшыя кіраўнікі краіны, валодае румынскай мовай.

Малдаўскія ўлады рыхтаваліся да саміту, як правінцыйныя кіраўнікі рыхтуюцца да прыезду начальства. За два дні да сустрэчы ў Кішынэве ўключылі гарачую ваду — упершыню за апошнія гады гэта было зроблена задоўга да пачатку ацяпляльнага сэзону. У кішынэўскім аэрапорце адрамантавалі фасад будынку для асабліва важных гасьцей, траву падстрыглі, кветкавыя клюмбы асьвяжылі. Галоўную магістраль Кішынэва ачысьцілі ад неарганізаваных гандляроў і жабракоў, якія з савецкіх часоў зьяўляюцца адметнасьцю Малдовы. Невядома для чаго на два дні зачынілі рынак за тры кварталы ад месца сустрэчы прэзыдэнтаў. У дзень саміту цэнтральны праспэкт Кішынэва ад раніцы быў проста перакрыты, па ім ня езьдзілі нават таксоўкі й грамадзкі транспарт. Уздоўж праспэкту Штэфана Вялікага, які праразае ўсю сталіцу, праз кожныя 10 мэтраў стаялі паліцыянты ў параднай форме.

Падарунак ад імяніньніка

Што да саміту, дык на ім самым інтрыгоўным аказаўся “падрыхтаваны экспромт” Пуціна наконт абраньня на пасаду старшыні Рады кіраўнікоў дзяржаваў СНД Леаніда Кучмы. Дагэтуль толькі прэзыдэнт Расеі ўзначальваў гэтую структуру. Прапанова Пуціна на фоне падпісаньня пагадненьня пра стварэньне расейска-ўкраінскага газавага кансорцыюму і сьціплых вынікаў сустрэчы прэзыдэнтаў Беларусі і Расеі стала яшчэ адным паказьнікам расейска-ўкраінскага збліжэньня. Аляксандар Лукашэнка тройчы браў слова, выступаючы супраць гэтай ініцыятывы. Яго падтрымалі прэзыдэнты Ўзбэкістану, Таджыкістану ды Арменіі. Нават сам зьбянтэжаны Кучма прапанаваў перанесьці разгляд гэтага пытаньня на наступны саміт, які адбудзецца ў Кіеве. Але гэта было зроблена толькі пасьля таго, калі Лукашэнка нагадаў, што Ўкраіна нават не ратыфікавала статуту СНД і фармальна зьяўляецца асацыяваным сябрам Садружнасьці.

Навідавоку тактычныя мэты Пуціна — падтрымка ўкраінскага прэзыдэнта ў цяжкі для таго пэрыяд і жаданьне Масквы сур’ёзна ўплываць на Кіеў. Стратэгічна, аднак, тут бачыцца прызнаньне Расеяй украінскага стаўленьня да СНД як сродку цывілізаванага разводу былых савецкіх рэспублік. Пуцін вымушана прызнае тое, з чым не прымірыўся Ельцын: Расея ня здольная будаваць на руінах Саюзу нейкую новую звышдзяржаву са сталіцай у Маскве. А таму можна ўвесьці ратацыю кіраўнікоў, скараціць пэрсанал органаў СНД на 25% і пераключыць моц дзяржавы на забесьпячэньне найперш эканамічных інтарэсаў.

Віталь Цыганкоў, кар. радыё “Свабода” — для “НН”.
Кішынэў—Менск


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0