Нямеччына

ХДС/ХСС робіць высновы з выбараў

Пасьля выбараў у Бундэстаг 22 верасьня Эдмунд Штойбэр, прэм’ер-міністар Баварыі і кіраўнік ХСС, вылучаны ад хрысьціянскіх дэмакратаў на пасаду канцлера, гаварыў аб стратэгічным посьпеху ХДС/ХСС. Партыя сапраўды здабыла больш галасоў, чым чатыры гады таму, і ледзьве-ледзьве не атрымала большасьці ў Бундэстагу — не хапіла 8,8 тыс. галасоў. Хадэкі па-ранейшаму маюць перавагу ў верхняй палаце нямецкага парлямэнту — Бундэсраце, што дазваляе ім пасьпяхова блякаваць ініцыятывы ўраду.

Аднак пры гэтым хрысьціянскія дэмакраты захавалі статус апазыцыі і здабылі менш за 40% галасоў — горшыя вынікі партыя мела толькі ў 1949 і ў 1998 г. Сапраўды, гэтым разам за яе прагаласавала на 1,1 млн. чалавек болей, чым чатыры гады таму, але мільён з гэтых галасоў дастаўся хадэкам дзякуючы папулярнасьці Штойбэра ў Баварыі.

Паразай называе вынікі выбараў новая “моцная жанчына” ХДС Ангела Мэркель — лідэр партыі й парлямэнцкай фракцыі хрысьціянскіх дэмакратаў. Зь ёй згаджаецца прэм’ер фэдэральнай зямлі Саар Пэтэр Мюлер зь лібэральнага крыла. Абое прызналі, што ў ХДС/ХСС ёсьць праблемы з папулярнасьцю сярод выбаршчыкаў на поўначы і ўсходзе Нямеччыны, жыхароў вялікіх гарадоў і жанчынаў. У вялікіх гарадах за хадэкаў галасавалі 29% выбаршчыкаў, у той час як за СДПГ — 41%, а за зялёных — 14%. Дзьве траціны маладых гараджанак аддалі перавагу левым. Толькі 1/3 выбаршчыкаў, маладзейшых за трыццаць гадоў, наважылася аддаць голас за хадэкаў, а ў былой ГДР за ХДС галасавалі на 10% менш, чым за СДПГ.

Што адсюль вынікае? П.Мюлер лічыць, што ХДС мусіць надалей неабмяжоўвацца пытаньнямі эканомікі, беспрацоўя ці падаткаў, а зьвярнуць большую ўвагу на праблемы сям’і, імігрантаў, адукацыі, экалёгіі, іншых сацыяльныя пытаньні. Мэркель лічыць, што праграма хрысьціянскіх дэмакратаў у гэтых адносінах дастаткова сучасная (чытай — лібэральная), але гэта ніяк не ўдаецца давесьці выбаршчыкам. Так, азначэньне сям’і ў праграме ХДС не назавеш старамодным (“Сям’я прысутнічае ўсюды, дзе бацькі клапоцяцца пра дзяцей, а дзеці пра бацькоў”), але многім, асабліва маладым кабетам, здаецца, што хадэкі ўхваляюць выключна традыцыйную, поўную сям’ю, дзе жанчына не працуе. На думку А.Мэркель, ХДС/ХСС не павінна прынцыпова асуджаць няпоўныя сем’і ды грамадзянскі шлюб. Апроч таго, палітык зьвяртае ўвагу, што для жыхароў вялікіх гарадоў “зялёныя” лёзунгі пра разьвіцьцё грамадзкага транспарту, правы спажыўцоў ці грамадзкую апеку над дзецьмі важнейшыя за рост цэн на энэргію з-за экалягічнага падатку, зь якім змагаецца ХДС/ХСС. Мюлер адстойвае эканамічную палітыку, арыентаваную на дробных прадпрымальнікаў і працаўнікоў, тым больш што найбольшы прырост прыхільнікаў ХДС/ХСС зафіксаваны сярод рабочых і беспрацоўных.

Тэзысы Мэркель і Мюлера падтрымала лібэральнае крыло ХДС, у тым ліку кіраўнік самай буйной рэгіянальнай арганізацыі ХДС Юрген Рутгерс зь зямлі Паўночны Рэйн — Вэстфалія і Крысьціян Вульф зь Ніжняй Саксоніі. Лідэр хрысьціянскіх дэмакратаў у Рэйнлянд-Пфальцы Крытаф Бёхр лічыць, што ХДС занадта засяродзілася на “матэрыяльна-рэчыўнай” аргумэнтацыі й забылася пра эмоцыі выбаршчыкаў, тады як канцлер Шродэр тонка адчуў грамадзкія настроі.

Цяжка прадказаць, ці перамогуць рэфарматарскія памкненьні А.Мэркель пашыраны ў хадэцкіх “нізах” кансэрватыўны лад мысьленьня. Ёрг Шонбам з брандэбурскай арганізацыі ХДС ўжо перасьцярог кіраўніцу партыі ад залішняй лібэралізацыі. На яго думку, няма сэнсу завабліваць гарадзкіх выбаршчыкаў прапанаванымі Мэркель тэмамі, такімі як экалёгія, правы чалавека ці абарона спажыўцоў. “Мы павінны ня гнацца за духам часу, а мацней праяўляць нашы нацыянальныя пачуцьці”, — сьцьвярджае Шонбам.

Паводле “Gazety Wyborczej”


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0