Загінуць або забіць

Улетку выйшла ў сьвет кніга амэрыканскага гісторыка Браена Марка Рыга “Жыдоўскія салдаты Гітлера” (Bryan Mark Rigg. Hitler’s Jewish Soldiers). Яна выклікала розгалас. Скандальнасьць дасьледаваньня — і ў назьве, і ў тэме, і ў лічбах, якія падае гісторык. Паводле ягоных зьвестак, у войсках Трэцяга райху служылі 150 тыс. габрэяў.

“Нямецкі ідэал”

“Мішлінге” — так зваліся ў гітлераўскай Нямеччыне дзеці, народжаныя ад шлюбаў арыйцаў з жыдамі. Расавыя законы 1935 г (г.зв. “Нюрнбэрскія законы” і імпэрскі закон аб грамадзянстве), якія выдалялі “стопрацэнтных” жыдоў па-за юрыдычнае поле, былі больш спагадлівымі да мяшанцаў. Тыя, у каго жыдам быў толькі адзін з бацькоў (мішлінге першай ступені) ці адзін з бабцяў-дзядоў (мішлінге другой ступені), не лічыліся жыдамі — яны былі немцамі з “сапсаванай” крывёю.

І гэтак сама, як і “чыстакроўных” немцаў, іх прызывалі ў вэрмахт, Люфтвафэ і на флёт. Яны гэтак сама служылі і даслужваліся да афіцэрскіх, часам нават генэральскіх званьняў. Сотні мішлінге атрымалі за сьмеласьць Жалезныя крыжы. 20 шарагоўцаў і афіцэраў жыдоўскага паходжаньня былі адзначаныя Рыцарскім крыжам — найвышэйшай вайсковай узнагародай Райху. Нацысцкая прэса рэгулярна зьмяшчала фатаздымак блакітнавокага бляндына ў касцы з подпісам “Ідэальны нямецкі салдат”. Звалі хлопца Вэрнэр Гольдбэрг. Ягоны бацька быў габрэй.

Гэтыя факты падаюцца фантастыкай, аднак дасьледнік пацьвярджае іх рэальнымі дакумэнтамі. Так, ён распавядае пра 82-гадовага жыхара ФРН, які служыў падчас вайны капітанам у вэрмахце і таемна выконваў юдаісцкія абрады ў ваенна-палявых умовах.

Маёр вэрмахту Робэрт Боргард заслужыў Рыцарскі крыж за танкавы прарыў савецкага фронту ў жніўні 1941 г. Потым ён трапіў у Афрыканскі корпус Ромэля і пад Эль-Алямэйнам брытанцы ўзялі яго ў палон. У 1944 г. ён прыехаў у Англію дзеля ўзьяднаньня з бацькам, аднак у 1946 г. вярнуўся ў Нямеччыну. На бацькава пытаньне адказаў: “Нехта ж мусіць адбудоўваць нашую краіну”. У 1983 г. ён казаў нямецкім школьнікам: “Шмат хто з жыдоў і паўжыдкаў ваяваў за Нямеччыну падчас другой сусьветнай. Яны лічылі, што мусяць сумленна бараніць свой фатэрлянд”.

Палкоўнік Вальтэр Голяндэр, сын габрэйкі, атрымаў ад фюрэра асабістую грамату, у якой пацьвярджалася ягонае арыйства. (Гэткіх пасьведчаньняў пра “чысьціню крыві” для афіцэраў жыдоўскага паходжаньня Гітлер падпісаў паўтары сотні. Сярод навасьпечаных арыйцаў былі нават 2 фэльдмаршалы.) За час вайны Голяндэр атрымаў Жалезныя крыжы абедзьвюх ступеняў і такую рэдкую ўзнагароду, як Залаты Нямецкі крыж. У 1943 г. на Курскай дузе ягоная супрацьтанкавая брыгада ў адным баі зьнішчыла 21 савецкі танк. Палкоўнік быў адзначаны Рыцарскім крыжам. На адпачынак у Райх ён ехаў праз Варшаву, і выгляд варшаўскага гета маральна зламаў Голяндэра. Вярнуўшыся на фронт, ён зрабіўся “занадта незалежным і малакіраваным”, як запісана ў асабовай справе, і праз гэта страціў магчымасьць узьняцца да генэральскага званьня.

Перасягнуў яго сын габрэя-фармацэўта Эрхард Мільх — генэрал-фэльдмаршал Люфтвафэ, намесьнік Германа Герынга. Ён злучыў свой лёс з нацыянал-сацыялістычнай партыяй, калі быў дырэктарам фінансавай управы кампаніі “Люфтганза” (1926—33 г.). З 1933 г. ён быў статс-сакратаром Міністэрства авіяцыі ды начальнікам узбраеньня Люфтвафэ. Заслуга стварэньня нямецкай вайсковай авіяцыі цалкам належыць Герынгу і Мільху. Пасьля капітуляцыі Францыі ў 1940 г. яму было нададзена званьне генэрал-фэльдмаршала. Каб давесьці “чысьціню крыві” Мільха, Герынг здабыў дакумэнт, падпісаны фраў Мільх, дзе цьвердзілася, што Эрхард — пазашлюбны сын барона фон Біра. Герынг сьмяяўся: “Мы зрабілі зь Мільха байструка, але ж байструка арыстакратычнага”.

У 1947 г. Міжнародны вайсковы трыбунал прысудзіў Э.Мільха да пажыцьцёвага зьняволеньня. Аднак ужо ў 1954 г. яго выпусьцілі.

Улюбёнец Гітлера Райнгард Гейдрых, кіраўнік RSHA, які кантраляваў гестапа, крымінальную паліцыю, выведку і контравыведку, усё сваё жыцьцё змагаўся з чуткамі пра габрэйскае паходжаньне. Кажуць, аднаго разу, вярнуўшыся дадому нападпітку, ён пабачыў сябе ў люстэрку і пачаў страляць, прыгаворваючы: “Жыд пархаты!”

Ахвяры ці каты?

У 1940 г. усім афіцэрам, якія мелі двух жыдоўскіх дзядоў ці бабуляў, было загадана падаць у адстаўку. Тыя, у каго толькі адзін продак быў габрэйскае крыві, маглі застацца служыць як шарагоўцы.

Аднак загады часта заставаліся толькі на паперы. Нямецкія салдаты не выдавалі партыйным і карным органам “сваіх жыдоў” (і адначасова цалкам спакойна ставіліся да расстрэлаў жыдоў на захопленых тэрыторыях). У кнізе Б.Рыга падаюцца 1200 прыкладаў службы мішлінге ў вэрмахце. У 1000 зь іх было зьнішчана 2300 жыдоўскіх сваякоў.

Часьцяком жыцьцё ставіла іх у сюррэалістычныя сытуацыі. Салдат з Жалезным крыжам прыехаў з фронту ў канцлягер Заксэнхаўзэн, каб наведаць свайго бацьку-жыда. Афіцэр СС быў у шоку: “Калі б не ўзнагарода на тваім мундзіры, ты б у мяне хутка апынуўся тамсама, дзе і твой бацька”.

76-гадовы жыхар Нямеччыны, жыд на ўсе сто працэнтаў, так і ня змог адказаць сабе на пытаньне: “Калі я служыў у нямецкім войску, а мая маці загінула ў Асьвенцыме, дык хто я — ахвяра ці адзін зь перасьледнікаў?” Ён у 1940 г. здолеў уцячы з акупаванай Францыі па фальшывых дакумэнтах на нямецкае імя. Зь імі ён трапіў у элітныя войскі “Вафэн-СС”. Ягоны выпадак — вынятак з традыцыйнага жыцьцяпісу мішлінге. Аднак — вынятак, які пацьвярджае правіла. “Немцы, якія адчуваюць сваю віну за зробленае, ня хочуць чуць пра нас. Жыдоўская грамада адварочваецца ад такіх, як я. Нашыя гісторыі супярэчаць таму, што звыкліся называць Галакостам”, — кажа гэты вэтэран другой сусьветнай.

Абсалютная бальшыня мішлінге служыла ў звычайных часьцях вэрмахту. Самі яны кажуць, што, ідучы ў войска, сваёй мужнасьцю стараліся абвергнуць расісцкія тэорыі нацыстаў. Гітлераўскія салдаты даказвалі, што жыдоўскія продкі не замінаюць ім быць нямецкімі патрыётамі і храбрымі байцамі.

Вэрмахт увесь час быў “гняздом апазыцыі” ў Райху. Кадравыя вайскоўцы не прымалі расавых і партыйных тэорыяў нацыянал-сацыялістаў і неаднойчы рыхтавалі замахі на “ўлюбёнага фюрэра”. Вядомы замах 20 ліпеня 1944 г. — іхная справа.

Праўда і няпраўда

Гісторыкі, якія даўно займаюцца дасьледаваньнем Трэцяга райху, кажуць, што амэрыканскі дасьледнік узьняў ня дужа новую праблему. Яшчэ ў 1970-х зьявіўся артыкул жыдоўскага гісторыка Міхаэля Фрэйнда, дзе гаварылася: Р.Гейдрыха прызначылі адказным за “канчатковае вырашэньне жыдоўскага пытаньня” менавіта таму, што Гітлер і Гімлер ведалі пра ягонае жыдоўскае паходжаньне.

Даніэль Клугер у ізраільскай газэце “Вести” зазначыў, што тэма мішлінге ў войску Райху ўздымаецца з канца 80-х. Аднак часта мішлінге кіраваліся зусім не матывамі патрыятызму, пра якія кажа Б.Рыг. Пэўная частка іх “ішла ў войска з адзінай мэтай: выратаваць сваіх бацькоў. Часам ім гэта ўдавалася, як безыменнаму танкісту, які, даведаўшыся, што ягоны бацька-“паўжыд” знаходзіцца на вакзале сярод іншых падрыхтаваных да дэпартацыі, уварваўся туды як быў — у чорнай уніформе танкіста — і гвалтам выцягнуў свайго бацьку з натоўпу асуджаных на сьмерць. І выратаваў яго: паліцыя, якая ачапіла будынак, не рызыкнула супрацьстаяць франтавіку”.

Рауль Гілбэрг, прафэсар гісторыі Вэрмонцкага ўнівэрсытэту, лічыць, што Рыг завышае лічбу мішлінге ў войсках Трэцяга райху. “Мы ведаем, што іх былі тысячы”, — кажа ён, аднак лічбу звыш 100 тыс. лічыць перабольшанай.

Чуваць галасы і ў падтрымку Б.Рыга. Былы канцлер ФРН Гельмут Шміт, афіцэр Люфтвафэ і ўнук габрэя, сьведчыць: “Толькі ў маёй авіячасьці было 15—20 такіх самых хлопцаў, як і я. Перакананы, што глыбокае вывучэньне Рыгам праблематыкі нямецкіх салдатаў жыдоўскага паходжаньня адкрые новыя пэрспэктывы ў вывучэньні ваеннай гісторыі Нямеччыны ХХ ст.”.

Аркадзь Шанскі


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0