Сабачыя гісторыі

Аднаму сабаку захацелася стаць начальнікам. Паехаў ён на Нарач, закінуў сетку і стаў чакаць. На трэці тыдзень выцягнуў вялікую жабу. І спыталася жаба сабачым голасам: “Што табе трэба?” — “Хачу быць вялікім начальнікам”, — адказаў сабака. “Ідзі дамоў. Усё будзе па-твойму”, — паабяцала жаба. Прыехаў сабака дахаты, а каля ганку яго чакае Граждан: “Таварышу начальнік, падайце на прапітаніе…”

Адзін сабака зайшоў у піўбар. Выпіў куфляў сем, і тут сушаная рыба кажа яму: “Прасі чаго хочаш, толькі ня еж мяне!” — “Хачу быць маладым, прыгожым і багатым”, — папрасіў сабака. А Граждан з-за суседняга століка сказаў: “Я не магу на такое пайсьці. Мне трэба пасаветавацца ў органах…”

Адзін сабака заблукаў у лесе. Каб не сканаць ноччу ад страху, вырашыў сам сабе зрабіць сьмерць. Знайшоў сабачыя грыбы, а тыя і кажуць яму: “Ня еж нас і прасі што хочаш!” Сабака ўсю ноч думаў, што ж яму загадаць. Раніцай у грыбы прыйшоў Граждан і сказаў сабаку: “Я ведаю, хто ты. Ты ў нас усіх качак мацыклетам падушыў…”

Адзін сабака залез да суседа ў яблыкі. Ірваў-ірваў, а пад раніцу пачуў: “Дастань мяне. Я табе дапамагу!” Гэта гаварыў зялёны яблычак на самай вершаліне. Пакуль сабака лез па яго, зусім разьвіднела. Выйшаў з хаты Граждан і, убачыўшы сабаку, сказаў: “Зноў амэрыканскага шпіёна скінулі…”

В.Ш.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0