Камэнтары

 

Расейскі сындром

Расейская сацыялягічная служба ВЦІОМ апублікавала вынікі апытаньня жыхароў Расеі, што ладзілася з 25 да 28 кастрычніка. Яны нечаканыя: у 9% апытаных дзеяньні тэрарыстаў выклікалі спачуваньне і разуменьне, у 1% — павагу.

 

Можна, вядома, сьпісаць гэткую рэакцыю на непрыманьне людзьмі брыдкага асьвятленьня падзей у расейскіх СМІ. Такое ўражаньне, што ўсе яны на тры дні ператварыліся ў франтавыя выданьні Мінабароны. З мэдыяў — у байцоў антытэрарыстычнага фронту. Голас праціўнікаў вар’яцкай вайны ў іх не гучыць. І што, пабядзілі байцы? Сотня ці дзьве сотні трупаў… Нават палічыць ахвяры сумленна ім не стае сьмеласьці. Але корань спачуваньня чачэнцам, відаць, іншы — глыбокая нянавісьць часткі грамадзянаў Расеі да сваёй дзяржавы, да яе тытульнай нацыі. Інакш не патлумачыць салідарнасьці з паскудамі, якія бяруць у закладнікі мірных людзей, робяць з аркестравае ямы прыбіральню, расстрэльваюць.

Тыя самыя рэакцыі спачуваньня тэрарыстам я назіраў у многіх беларусаў. Іх лёгка патлумачыць, але нельга апраўдаць.

Тэрор — рэакцыя слабага. Той, хто салідарызуецца з тэрарыстамі, выяўляе сваю слабасьць.

Барыс Тумар


 

Закладнікі Пуціна

 

Апэрацыю дзеля вызваленьня закладнікаў ў тэатры на Дуброўцы, што ў Маскве, кіраўнік фракцыі Саюзу правых сілаў у Дзяржаўнай Думе Расеі Барыс Нямцоў назваў “фантастычнаю”: усяго 67 ахвяраў. Такую лічбу паведамілі расейскія афіцыйныя крыніцы раніцай у суботу 26 кастрычніка. І дэпутат — паверыў?

Прайшла інфармацыя пра газ. Нейкі доктар хіміі заспакойваў: ёсьць паліцэйскія газы і баявыя. Баявыя забароненыя канвэнцыяй, якую падпісала й Расея; значыць, выкарыстоўваўся паліцэйскі газ, нешта накшталт снатворнага, якi ўжываюць у хірургіі. Досьвед ізноў падказваў: ня вер. І вось увечары ў нядзелю чую, што загінула 117 чалавек, зь іх 115 — ад газу. Сапраўды, “фантастычная апэрацыя”.

Захоп закладнікаў на Дуброўцы — жэст адчаю спакутаваных ад дзяржаўнага тэрору дзяцей чачэнскага народу. У акцыі ўдзельнічалі пераважна маладыя — якім трохі болей за дваццаць гадоў — людзі. Людзі, якія вырасьлі ва ўмовах вайны. Калі глядзець у корань, дык і баевікі Бараева, і гледачы ў тэатры на Дуброўцы былі закладнікамі вялікадзяржаўнае палітыкі маскоўскага ўраду. Ён, гэты ўрад, атруціў 115 (а мо і болей) мірных грамадзянаў сваёй ды іншых краінаў, у тым ліку Беларусі. Дзеля якое высокае мэты? Бойняю назвала гэтую акцыю гішпанская “El Pais”, разьнёю — брытанская “The Independent”.

Тым часам асаромленыя перад сьветам Пуцін і ягоны ўрад спрабавалі дыктаваць сваю волю іншым краінам. Ураду Даніі быў прад’яўлены ўльтыматум: калі на гэтым тыдні ў Капэнгагене адбудзецца сусьветны зьезд чачэнцаў, Расея ня будзе ўдзельнічаць у саміце Эўразьвяз—Расея, прызначаным на першую палову лістапада; апрача таго, не адбудзецца сустрэча кіраўнікоў Даніі й Расеі. Данія адказала: дзяржава ня можа душыць грамадзкую ініцыятыву, асабліва калі гэта тычыцца правоў чалавека. Зьезд адчыніўся ў панядзелак, 28-га, а саміт перанесены ў Брусэль.

А Беларусь, не беручы ўдзелу ў вайне, ізноў страціла сваю грамадзянку.

Беларуская дэмакратычная інтэлігенцыя магла б, калі б яна хацела, зьвярнуцца да дэмакратычнае Эўропы з заклікам пачаць рух дзеля спыненьня чалавеказабойства, этнацыду ў Чачэніі. Бо ідзе этнацыд. Ад часу Мікалая І і Ярмолава, які “геройстваваў” на Каўказе, у палітычнай маралі гэтае краіны нічога не зьмянілася. Што гаворка йдзе пра генацыд, разумеюць ужо й на Захадзе. Паказальна, што адным з ініцыятараў чачэнскага зьезду ў Капэнгагене стаўся дацкі цэнтар вывучэньня праблемаў галакосту й генацыду. Калі рух за мір не пачнецца па ўсёй Эўропе, калі Масковію не прымусіць сесьці за стол перамоваў, трагічныя падзеі накшталт маскоўскіх паўторацца не адзін раз.

Анатоль Сідарэвіч

 

 

За цаной не пастаяць

Захоп тысячы закладнікаў у цэнтры Масквы ня мог не пахіснуць трону кіраўніка Расеі. Баевікі меркавалі паставіць Расею на калені. Ім здавалася, што патрабаваньне міру і вываду войскаў з Чачэніі будзе задаволенае.

 

Прынамсі, у любой іншай краіне такое рашэньне разглядалася б. Іншага выйсьця, каб захаваць жыцьці закладнікаў, не было. Пуціну прапаноўвалі прыняць цяжкое рашэньне, якое магло б пакласьці канец вайне на Каўказе, але яно паставіла б пад пытаньне пэрспэктывы ягонага прэзыдэнцтва. Пуцін прыйшоў да ўлады на хвалі нібыта пасьпяховай чачэнскай кампаніі, і што было б яму рабіць, калі б гэтую вайну прыйшлося бясслаўна спыніць? Ня дзіўна, што ён даў згоду на штурм будынку з закладнікамі: у Расеі прывыклі ваяваць, не зважаючы на ахвяры і цану перамогі.

Патрабавалася эфэктная перамога. Пра гэтую “перамогу” суткамі захоплена гаварылі пасьля штурму расейскія СМІ і палітыкі, што яшчэ ўчора былі “за мір”. Па тэлеканалах бясконца паказвалі трупы забітых баевікоў. Пасьля сьцішыліся — калі колькасьць памерлых перасягнула за сто чалавек, а сярод іх выявіліся і дзеці. Усе забыліся, што быў яшчэ адзін варыянт вырашэньня праблемы — спыненьне вайны ў Чачэніі і пачатак палітычных перамоваў...

Гаспадараньне ў Расеі спэцслужбаў і іх прадстаўніка Пуціна не прынесла краіне спакою. Не прынесьла яно спакою і Беларусі. Маскоўскі тэракт часова спыніў актыўнасьць Масквы на “беларускім фронце”, але яна неўзабаве адновіцца. Пуцін абяцаў рэфэрэндум, які можа пазбавіць беларускі народ дзяржаўнасьці. Расейцы пэўныя, што ў Беларусі ідзе рост “інтэграцыйных настрояў”. Але пасьля маскоўскага тэракту настроі беларусаў могуць хіснуцца ў адваротны бок. Ізноў была магчымасьць пабачыць сапраўдны твар расейскай улады.

Павал Сумарока

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0