Алег Тачоны

У Нямеччыне па-ранейшаму знаходзіцца пад вартай беларуская бізнэсоўка Натальля Шаўко (Судлянкова), колішняя прэзыдэнтка кампаніі “Фіко”.

Фота А.Кляшчук
Фота А.Кляшчук

Н.Шаўко праходзіла па справе крадзяжу крэдытаў Нацбанку, якія ў сярэдзіне 1990-х праз “Белаграпрамбанк” атрымалі некалькі беларускіх камэрцыйных фірмаў. На суму ў 4 мільёны даляраў павінна было быць закупленае збожжа, але, як сьцьвярджалі пасьля сьледчыя, большая частка грошай (як мінімум 3 мільёны даляраў) была пераведзеная за мяжу фірмамі “Рас”, “Казаграсэрвіс” і “Пушэ-Агра”. Шаўко абвінавацілі ў тым, што яна, маючы сувязі ва ўладзе, “выбіла” гэтыя крэдыты. Па іншых зьвестках, яна і яе фірма “Фіко” ня мае да гэтай справы ніякіх адносінаў, а крэдытаў дамогся Аляксандар Пупейка, прэзыдэнт “Пушэ”, які цяпер жыве ў Польшчы.

У 2001 г. праваахоўныя органы Беларусі ўпершыню зьвярнуліся да ўладаў Чэхіі ў справе Шаўко, якая атрымала там у сьнежні 1999-га палітычны прытулак. Менск патрабаваў экстрадыцыі беларускі на радзіму, вінавацячы яе ў “фінансавых махінацыях, крадзяжы сродкаў і злоўжываньні службовым становішчам”. Але чэскі суд, у матэрыялах якога Натальля праходзіць як “дысыдэнтка”, вырашыў яе не выдаваць.

Як паведамляе агенцва БелаПАН, сьледчыя пракуратуры Беларусі рыхтуюць дакумэнты на Н.Шаўко, якія ў найбліжэйшы час будуць накіраваныя праваахоўным органам Нямеччыны. Кіраўнік беларускай службы радыё “Свабода” Аляксандар Лукашук у гутарцы з карэспандэнтам “НН” выказаў спадзяваньне, што суд адбудзецца на працягу тыдня і Натальля будзе вызваленая.

Нагадаем, што ў Празе Н.Шаўко супрацоўнічала зь беларускай службай радыё “Свабода”, выдавала мясцовую расейскамоўную газэту. Пісала і ў менскія газэты. Так, у чэрвеньскім дадатку да “БДГ” “Для служебного пользования” яна надрукавала вялікае інтэрвію з былым памочнікам прэзыдэнта Чачэніі, а цяпер палітэмігрантам Баудзінам Кадзіевым.

Але ў Беларусі яна болей запомнілася як выдатная бізнэс-вумэн, фундатарка культурніцкіх і выдавецкіх праектаў (напрыклад, часопісу “Унія”). Гэтая прыгожая жанчына была тварам беларускага нацыянальнага бізнэсу, які паволі нараджаўся ў пачатку 90-х, але быў разагнаны ў першыя гады праўленьня Лукашэнкі. Натальля змушаная была ўцякаць з краіны, якую моцна любіла й любіць, у якую, напэўна, яшчэ калісьці вернецца. Толькі гэта будзе ўжо іншая краіна і іншая Натальля Шаўко.


Фота Анатоля Клешчука
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0