Аляксей Шыдлоўскі
У суботу наша зборная, у рамках адборачнага турніру да чэмпіянату Эўропы, прайграла аўстрыйскай (а ў сераду — і чэскай).
Адзінае, чым атакавалі беларусы супернікаў, быў беларускі гімн з новымі словамі. Выкананы перад пачаткам сустрэчы гімн Аўстрыі доўжыўся сэкундаў дваццаць пяць, бо граюць звычайна толькі першы куплет. Шасьціхвілінны гімн Беларусі сыгралі цалкам. Гледачы некалькі разоў сядалі, але даводзілася ўставаць ізноў. Аўстрыйскія футбалісты відавочна мерзьлі. Але на гэтым іхныя непрыемнасьці й скончыліся…
Міліцыянты на трыбунах паводзіліся надзіва міралюбна. Пабачыўшы расьцяжку “Жыве Беларусь!”, адно пракамэнтавалі: “Дзе ж яна жыве, калі 0:2?!” Адзінымі затрыманымі ў гэты дзень сталі маладыя хлопцы, якія нібыта запалілі ў сэктары за брамаю дымавую шашку. Наколькі нам вядома, да іх паставіліся гуманна. Адно што гульню не далі даглядзець. Зрэшты, страта невялікая. Пройгрыш чэхам 0:2 і глядзелі ўжо ня ўсе. А што там глядзець?