Навіны

***

Дык Маню паабяцалі завод

У Менску прымалі генсэка кампартыі Віетнаму Нонг Дык Маня. Кіраўніку блізкіх нам па духу бальшавікоў абяцалі прадаць акцыі мотавэлязаводу. З нагоды візыту высьветлілася, што ў краіне жыве каля тысячы віетнамцаў, зь іх 400 грамадзянаў Сацыялістычнай Рэспублікі Віетнам, якія калісьці працавалі на беларускіх прадпрыемствах, а цяпер ня маюць грошай, каб вярнуцца дадому. Апроч таго, сёлета зь Беларусі было дэпартавана 220 нелегальных мігрантаў — грамадзянаў Віетнаму.

“Народная грамада”
ў кааліцыі з ЛДПБ

“Народная грамада” падтрымала ініцыятыву лібэрал-дэмакратаў пра падзел акругаў на мясцовых выбарах. “Народная грамада” ўжо мае гэткія дамовы з ПКБ і Партыяй працы. М.Статкевіч заявіў, што сацдэмы готовыя падпісаць такія дамовы і з усімі іншымі партыямі, што ўваходзяць у Кансультацыйную раду апазыцыйных партый.

Асуджаны Аксёнчык

На паўтара году турмы з адтэрміноўкай два гады асуджаны Ігар Аксёнчык, былы адвакат, юрыдычны прадстаўнік маці Зьмітра Завадзкага. У часе “працэсу Ігнатовіча” ён заявіў, што да злачынства маюць адносіны найвышэйшыя беларускія чыноўнікі — у прыватнасьці Віктар Шэйман. І.Аксёнчыка зьвінавацілі ў паклёпе на генэральнага пракурора. Судовае паседжаньне было закрытым.

Козік аддае паўнамоцтвы

Леанід Козік больш не кіраўнік беларускай часткі сумеснай беларуска-ірацкай камісіі па гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве. На гэтую пасаду прызначаны намесьнік кіраўніка Адміністрацыі прэзыдэнта Мікалай Іванчанка, былы дырэктар канцэрну “Белрэсурсы”. 54-гадовы Л.Козік, апроч ФПБ, кіруе беларускай часткай рабочай групы па падрыхтоўцы канстытуцыйнага акту саюзнай дзяржавы і зьяўляецца сустаршынём савету Сабору славянскіх народаў Беларусі, Украіны і Расеі.

Гітліц супраць Лябедзькі

Тры кіраўнікі менскіх раённых суполак Аб’яднанай грамадзянскай партыі на чале з Рыгорам Гітліцам аб’явілі пра свой выхад з партыі. Яны сьцьвярджаюць, што ў апошнія гады з прычыны аўтарытарнага кіраўніцтва Анатоля Лябедзькі партыя страціла свой уплыў. Лідэры АГП дэмарш сваіх былых аднапартыйцаў называюць вынікам узьдзеяньня на партыю вонкавых сілаў.

Кансэрватары актывізуюцца

Брытанская Кансэрватыўная партыя ў часе нядаўняе канфэрэнцыі абвясьціла пра выхад з крызы і пра сваё абнаўленьне. Кансэрватары ўзмоцнена рыхтуюцца да мясцовых выбараў, што, як і ў Беларусі, пройдуць увесну 2003-га. На канфэрэнцыю быў запрошаны Аляксей Янукевіч, прадстаўнік БНФ “Адраджэньне”, зь якой Кансэрватыўная партыя мае дамову пра супрацоўніцтва ў сфэры навучаньня партыйных актывістаў. Нядаўна Партыя БНФ таксама заключыла пагадненьне аб супрацоўніцтве са “Зьвязам Айчыны — літоўскімі кансэрватарамі” (былы “Саюдзіс”).

Намесьнікі Пашкевіча

Рада Саюзу пісьменьнікаў абрала намесьнікамі старшыні саюзу Анатоля Кудраўца, Барыса Пятровіча і Міхася Скоблу.

Праваслаўныя і леваслаўныя

Першы сакратар расейскага камсамолу Канстанцін Жукаў, выступаючы на зьезьдзе сваёй арганізацыі, сказаў, што камсамолец можа быць праваслаўным, мусульманінам або будыстам, але ня мае права быць каталіком. Пра юдэйства нічога сказана не было.

No comments

Кіраўніцтва Акадэміі навук прапанавала сваім супрацоўнікам ахвяраваць на будаўніцтва Нацыянальнай бібліятэкі месячныя аклады.

Сюжэт для трылера

Пяць японцаў, выкрадзеных Паўночнай Карэяй у 1978 г. для навучаньня карэйскіх шпіёнаў, пабывалі на радзіме, каб пабачыцца з сваякамі. Яшчэ восем выкрадзеных не дажылі да такой сустрэчы.

У татараў — дні смутку

У нядзелю ў Казані татарскія грамадзкія арганізацыі зладзілі жалобны мітынг з нагоды 450-й гадавіны захопу места войскамі Івана Жахлівага. Некалькі тысячаў удзельнікаў прайшлі Крамлёўскай вуліцай і зьдзейсьнілі мусульманскі намаз у гонар забітых абаронцаў Казані.

Ахвяраў у Чачэніі болей

Паводле зьвестак нямецкае выведкі, на вайне ў Чачэніі загінула каля 10 тыс. расейскіх жаўнераў, а не 4,5 тыс., як цьвердзіць Крэмль. Чачэнскіх партызанаў і мірных жыхароў забіта не 13, як кажуць расейцы, а 80 тыс. чалавек.

Патрыярх румынскі ў Рыме

У Ватыкане з афіцыйным візытам знаходзіцца праваслаўны патрыярх Румыніі Тэактыст. Ва ўсіх сваіх выступах ён заклікае да злучэньня праваслаўных цэркваў і каталіцкага касьцёлу. Разам зь Янам Паўлам ІІ яны адслужылі імшу ў саборы Сьв.Пятра.

Б.Т.

Ірляндыя
перад рэфэрэндумам

Ірляндцы павінны падтрымаць або не падтрымаць трактат, падпісаны ў Ніцы, які прадугледжвае далейшае збліжэньне краінаў Эўразьвязу і далучэньне да арганізацыі новых сяброў. Цікава, што ірляндцы схільныя прагаласаваць супраць першага, але тым самым яны заблякуюць і другое. Таму да агітацыі “за” актыўна далучыліся польскія палітыкі й дзеячы культуры.

Зьмены ў ружанец

Папа Ян Павал II абвесьціў, што зьбіраецца ўнесьці зьмены ў ружанец. У яго дададуцца малітвы-разважаньні над яшчэ пяцьцю падзеямі з жыцьця Хрыста. Апошні раз ружанец мяняўся 900 гадоў таму.

 

апытаньне

Вы за свабодную куплю-продаж зямлі?

За 8,1%

За з пэўнымі абмежаваньнямі 52,5%

Супраць катэгарычна 28,6%

Ці можна, на Вашу думку, дазволіць продаж зямлі замежнікам?

Не 66,1% Так 20,4%

Крыніца: НІСЭПД

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0