Глеб Хмяльніцкі

Палаце прадстаўнікоў зноў адмоўлена ў самастойнасьці. Прэзыдэнт заблякаваў праект закону аб нацыянальным сходзе, які прадугледжваў пашырэньне ягоных паўнамоцтваў.

Нежартоўныя спрэчкі разгарэліся вакол законапраекту аб нацыянальным сходзе, падрыхтаванага да другога чытаньня ў палаце прадстаўнікоў. Намер парлямэнтароў адарваць ледзь бачную частку прэзыдэнцкіх паўнамоцтваў відавочна ўгнявіў Аляксандра Лукашэнку. 9 кастрычніка кіраўнік краіны сабраў нараду з прадстаўнікоў Адміністрацыі і кіраўніцтва нацыянальнага сходу, дзе паставіў ультыматум: “Ні аднаго кроку — ні ўлева, ні ўправа, ні наперад, ні назад — ад Канстытуцыі быць ня можа”.

Праект закону аб нацыянальным сходзе быў прыняты ў першым чытаньні яшчэ ў 2000 г. Да другога чытаньня дэпутаты прапанавалі звыш 300 паправак і заўваг. Аднак за два гады большасьць правак зьвяліся да трох момантаў.

Уласная бухгальтэрыя

Якраз-такі імкненьне Нацыянальнага сходу вырвацца з-пад фінансавае апекі Кіраўніцтва справамі прэзыдэнта, займеўшы ўласную бухгальтэрыю, выклікае найбольшую публічную занепакоенасьць выканаўчай улады. Сябра камісіі па дзяржаўным будаўніцтве Ўладзімер Навасяд лічыць, што тэхнічна парлямэнт можа абысьціся без бухгальтэрыі. “У Кіраўніцтве справаў прэзыдэнта ёсьць агульны рахунак абедзьвюх палатаў; да нас двойчы на месяц прыяжджае бухгальтар і выдае грошы. Фінансаваньне, рашэньне кватэрных пытаньняў — усё, што вынікае з закону аб статусе дэпутата, ідзе праз гэты разьліковы рахунак. Аднак бухгальтэрыя ў разуменьні дэпутатаў ператварылася ў сымбаль самастойнасьці парлямэнту”, — кажа ён.

За ўласную бухгальтэрыю выступаюць і дэпутаты відавочна прапрэзыдэнцкіх поглядаў. Так, старшыня камісіі па міжнародных сувязях і СНД Анатоль Малафееў гаворыць, што ў фінансаваньні праз Кіраўніцтва справаў “ёсьць свае нязручнасьці, зьвязаныя перш за ўсё з паездкамі дэпутатаў за мяжу”. Вырашэньне праблемы магчымае пры “наяўнасьці валютных сродкаў у бюджэце парлямэнту”. Натальля Машэрава таксама заяўляе, што з-за абмежаванага фінансаваньня “звужаюцца кантакты з парлямэнтарамі іншых краінаў”.

Кантроль
за Дзяржкантролем

Не публічным, але самым прадметным спрэчным момантам зьяўляецца прапанова заканадаўча замацаваць за парлямэнтам магчымасьць кантраляваць Камітэт дзяржаўнага кантролю. Гэтая акалічнасьць выклікала ўсплёск эмоцыяў у прэзыдэнта. “Я баюся ланцуговае рэакцыі па перадзеле ўлады. Канстытуцыя ўсім галінам улады вызначыла дакладныя месцы і адвяла ролю ўсім ейным інстытутам, ад прэзыдэнта да мясцовых органаў, таму парушаць балянс улады нікому ў нашай краіне ня будзе дазволена”, — жорстка заявіў А.Лукашэнка.

“Уважліва прачытаўшы Канстытуцыю, дэпутаты высьветлілі, што ім не забаронена кантраляваць Камітэт дзяржкантролю — у Канстытуцыі няма простага запісу, што гэта прэрагатыва прэзыдэнта. У працэсе падрыхтоўкі законапраекту ўлада зразумела, што гэта замах на правы прэзыдэнта, у прыватнасьці, на права кантраляваць бюджэт”, — сьцьвярджае У.Навасяд.

Цэнтар законапраектнай дзейнасьці

Трэці спрэчны момант — гэта папраўка У.Навасяда пра аднаўленьне пры парлямэнце Цэнтру законапраектнай дзейнасьці. Падобны інстытут існаваў да рэфэрэндуму 1996 г., а пасьля разгону легітымнага Вярхоўнага Савету ХІІІ скліканьня быў зьліквідаваны. “Такі цэнтар у самыя кароткія тэрміны мог падрыхтаваць законапраект і даць кароткае рэзюмэ па любым палітычным пытаньні. У Беларусі існуе практыка, калі на пачатку кожнага году Цэнтар законапраектнай дзейнасьці пры прэзыдэнце складае плян заканатворчай дзейнасьці на год. Чаму ён мусіць вырашаць за парлямэнт, якія пытаньні яму разглядаць?” — не разумее У.Навасяд.

А.Лукашэнка назваў прапанаваныя ў законапраект праўкі экспэрымэнтам, на які Беларусь ня мае грошай, ды параіў кіраўніцтву нацыянальнага сходу не сьпяшацца зь яго разглядам. Магчыма, увосень гэты закон ня будзе пастаўлены ў павестку дня.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0