Яшчэ перад пачаткам навучальнага году мясцовае ўпраўленьне адукацыі прыняло рашэньне адкрыць у Магілёве на базе нацыянальнай гімназіі беларускую клясу.

Але толькі чатыры сям’і пажадалі аддаць туды дзяцей. І гісторыя скончылася выклікам міліцыі, якая павінна была нэўтралізаваць старшыню абласной арганізацыі ТБМ Міхася Булавацкага, што намагаўся перадаць афіцыйныя паперы кіраўніку адміністрацыі Кастрычніцкага раёну Магілёва сп.Лебедзеву. Дзеці працягваюць вучыцца па-расейску, а іх бацькі налета зьбіраюцца зноў паспрабаваць адкрыць беларускую клясу.

Марыля Каралькова з Горак два гады была адзінай вучаніцай беларускае клясы. Але пасьля мясцовае ўпраўленьне адукацыі пачало настойліва раіць бацькам перавесьці дачку ў “звычайную” клясу або вясковую школу. Год дзяўчынка правучылася па-расейску, а летась бацькі вырашылі яе ў школу не аддаваць. Марыля вучыцца дома па падручніках, узятых у вясковай школе. Між тым, паводле інфармацыі Міністэрства адукацыі, школа мусіла арганізаваць навучаньне дзіцяці па індывідуальнай праграме.

камэнтар “НН”

У адпаведнасьці з новымі правіламі, прынятымі Мінадукацыі, дастаткова заяваў бацькоў траіх дзяцей для арганізацыі беларускамоўнае клясы. Гэтая норма дае добрую магчымасьць ствараць малыя, зручныя для навучаньня клясы. Таму, калі чатыры магілёўскія сям’і зьвернуцца з аналягічнай просьбай у наступным годзе, кляса будзе арганізаваная.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0