1997—2002

Споўнілася пяць гадоў радыёпраграме “Вострая Брама”. Яна пачыналася як супольны праект “Нашай Нівы” і Беларускай службы радыё “Свабода”. Кожную нядзелю на хвалях “Свабоды” гучалі рэпартажы, рэфлексіі, гутаркі, якія адначасова знаходзілі сваё месца на старонках газэты. Адноўлены і перачытаны кантэкст беларускае культуры ХХ стагодзьдзя ў “Вострай Браме” пераплаўляецца ва ўнікальны нацыянальны радыёнаратыў. Нічога падобнага да “Брамы” на беларускіх радыёстанцыях няма. У “НН” — урыўкі з “Брамаў” за пяць гадоў.

Аўтар і вядучы “Вострае Брамы” — Сяргей Дубавец.
У несфармаванасьці культурнага кантэксту ён бачыў прычыну глябальнае дэзарыентацыі нацыі. З жаданьня пераадолець такую сытуацыю і нарадзілася гэтая літаратурная па духу праграма, унікальная па працягласьці існаваньня і фармаце. “Брама” вылучае ўзаемасувязі асобных падзеяў культурнага, акадэмічнага і грамадзкага, палітычнага жыцьця. Сярод суаўтараў Дубаўца — сьпявак Зьміцер Бартосік, мастацтвазнаўца Сяргей Харэўскі.

 

Сьмяротны двубой (Вострая Брама і Курган Славы)

Вострая Брама і Курган Славы ўступаюць у этычны і эстэтычны канфлікт менавіта як хрысьціянская і паганская сьвятыні. Вострая Брама — міжканфэсійны сымбаль. Для курганаслаўшчыкаў ён незразумелы і чужы. Курган Славы — для вастрабрамшчыкаў — сымбаль чужое вайны на беларускай зямлі. Даводзячы гэты раскол да зусім канкрэтнага знакавага ўзроўню, я спрабую паставіць эстэтычную задачу: верш, у якім бы апяваліся Вострая Брама і Курган Славы адначасова. Можа быць, калі такі верш усё ж зьявіцца, тады адбудзецца і наша нацыянальная кансалідацыя.

20 кастрычніка 1997 г.

Інтэрнэт адкрывае беларускую культуру

Галоўная асаблівасьць Інтэрнэту — гэта ягоная ўсеагульнасьць. У гэтай прасторы беларуская культура сапраўды адкрытая сьвету. Яе творы могуць уваходзіць у Інтэрнэт у любым пункце зямлі і ў любым іншым пункце прымацца. Яе будучыня тут залежыць толькі ад яе самой.

15 сьнежня 1997 г.

Незаўважаны Чарнобыль

У нашай краіне ня толькі начальства ператварыла катастрофу ў прафанацыю, але і грамадзтва дазволіла начальству гэта зрабіць. “Духоўны Чарнобыль” — ці ня самая моцная мазахісцкая вынаходка нашых трыбунаў, якая ставіць кропку на любым душэўным неспакоі. Вось яна — фатальная бездапаможнасьць, супраць якой не папрэш, хіба што ты сам прарок Майсей ці Данка, гатовы вырваць сваё сэрца.

29 красавіка 1998 г.

Усё наадварот

Магчыма, некалі мне ўдасца адказаць на сваё адкрытае пытаньне пра ролю майго асобна ўзятага народу ў гісторыі. Ня хочацца зьвязваць з нацыянальным характарам або прыроднымі дадзенымі. Хоць, шчыра кажучы, калі чую хоць афіцыёзныя, хоць апазыцыйныя развагі пра самую кваліфікаваную нацыю ў Эўропе або пра тое, што мы самыя працавітыя і сьціплыя, мой уласны жыцьцёвы досьвед пачынае ціхенька пратэставаць. Магчыма, некалі варта будзе казаць пра адваротнае — пра тое, што чуў і бачыў. І калі б газэты пачалі шырока пісаць пра самую бяздарную і гультайскую, самую жлобскую, як пяе Шалкевіч, нацыю ў Эўропе, тады і адбыўся б той жаданы катарсыс, які б ператварыў беларусаў у проста нармальных спасярод іншых народаў.

28 сьнежня 1998 г.

На пратоках

Беларусам няма як яднацца ў агульным комплексе віны, што іншым народам часам дужа дапамагае, як, скажам, немцам. Не аб’ядноўвае нас і комплекс ахвяры або богаабранасьці. Адзіная характарыстыка, агульная для беларусаў, якая, тым ня менш, іх ня лучыць, а часьцей разьядноўвае, — гэта некрытычнасьць у дачыненьні да сябе. Магчыма, яна і робіць нашых людзей такімі бездапаможнымі перад абліччам крызысу і перад абліччам будучыні. Савецкі стандарт жыцьця з усёй яго безадказнасьцю чалавека за сябе і свае ўчынкі — вось да чаго сёньня заклікае беларусаў начальства.

А можа, нам пачаць сьмяяцца з сваёй бездапаможнасьці, паняволенасьці? Саркастычна высьмейваць тую працавітасьць, гасьціннасьць і сьціпласьць, над якімі мы выплакалі ўжо не адну самазамілаваную сьлязу? Ці знойдуцца ў народзе на такое сілы?

11 студзеня 1999 г.

Што аб’яднае нас?..

Беларусаў найлепей яднае вёска. Менавіта здрада вёсцы наймацней разьяднала беларусаў як нацыю. Беларусы так і не стварылі сваёй гарадзкой культуры. Аб’яднацца для нас — значыць павярнуцца да вёскі і палюбіць яе так, як любілі нашыя продкі.

8 лютага 1999 г.

Крыўда і Праўда
ў беларускім культурным кантэксьце ХХ ст.

Усё наша нацыянальнае адраджэньне мае ў сабе гэты матыў — пакрыўджанасьці, у першую чаргу калі заходзіць гаворка пра беларускую мову. Гэты плач ці нават хныканьне прысутнічалі на ўсіх зьездах пісьменьнікаў апошніх гадоў. Пры гэтым не зьвярталася ўвагі на тое, што такім чынам выяўляецца слабасьць, бездапаможнасьць і тое, што паэт Ігар Бабкоў назваў маргіналізацыяй літаратуры.

29 сакавіка 1999 г.

Гэпі-энд
для Чарнобылю

У грамадзкім усьведамленьні Чарнобылю не хапае крэйсэра, надзеі на гэпі-энд, увогуле надзеі. Чарнобыль падбіў жыцьцяздольнасьць нацыі ня столькі радыенуклідамі, колькі гэтай вось безнадзёгай. Нацыя — у сваёй сьвядомасьці абкладзеная незразумелай і абсалютнай пагрозай — ніяк ня бачыць уласнае будучыні. Застаецца толькі марудна апускацца ў нішто.

26 красавіка 1999 г.

Тры мільёны за боязь NATO

Антынатаўскія настроі спрэс перагукаюцца з прызабытым ад часоў першага нашаніўства паняцьцем цемры народнай.

Народ, беларускі народ!

Ты цёмны, сьляпы, быццам крот.

5 ліпеня 1999 г.

Самаедзтва гісторыкаў

Варта нейкай зьяве толькі пакінуць межы нашай краіны, як шэрая беларуская гліна ператвараецца ў золата чужое гісторыі. Трапяткое стаўленьне нашых гісторыкаў да гістарычных фактаў сьведчыць пра маладосьць і слабасьць беларускай гістарычнай навукі. У выніку нічога не напрацоўваецца ў грамадзкай сьвядомасьці, а шчырае шуканьне праўды адбіваецца адваротным вынікам. Для масавае сьвядомасьці сымбалі важнейшыя за значэньні.

27 верасьня 1999 г.

Дзяды —
не “Деды”

Разьвітаньне з камунізмам у Расеі на ўзроўні народнай сьвядомасьці адбылося надзвычай лёгка. Ні ў якае параўнаньне ня йдзе сытуацыя зь беларускай народнай сьвядомасьцю, якая яшчэ доўга будзе разьвітвацца са сваім сацыялізмам. Гэта сьведчыць пра прыродны кансэрватызм і, у выніку, жыцьцяздольнасьць нашай нацыі, якая спрадвеку імкнецца “старыны ня рухаць, а навіны ня ўводзіць”. Можна сабе ўявіць, што пры ўмацаваньні ў душах людзей станоўчых арыенціраў мы можам стаць аднымі з найбольшых прыхільнікаў дэмакратыі і рынкавай эканомікі сярод суседзяў.

1 лістапада 1999 г.

Дзяцінства нацыі

Апошнім часам усё часьцей пераконваюся, што паводзіны і развагі беларусаў нагадваюць учынкі і думкі дзіцяці. Ня тое каб у гэтым было нешта кепскае. Можа быць, нават наадварот. Бо гаворка ідзе не пра інфантылізм ці затарможанасьць, а менавіта пра раньнюю стадыю разьвіцьця, павольнае, але няўхільнае станаўленьне нацыі.

Беларусы ня ведаюць свае гісторыі. Яны яшчэ замалыя, каб чытаць гістарычныя кніжкі. Вось падрастуць і з задавальненьнем будуць даведвацца пра дзядоў сваіх з ВКЛ. Стаўленьне беларусаў да прыватнай уласнасьці, да прыняцьця рашэньняў альбо, скажам, да сэксу з дакладнасьцю паўтарае стаўленьне дзяцей.

ХХІ ст. абяцае быць спрыяльным для нас. Гэта значыць, што дзіця будзе сталець, усё ясьней разумеючы сябе й свой будучы лёс. Дзіця не вінаватае ў тым, што яно малое і паводзіць сябе ня так, як дарослыя. Зь іншага боку (гэта да папрокаў на адрас беларусаў), неразумна, гледзячы на малое, якое вучыцца хадзіць і гаварыць, казаць пра гібель нацыі і гібель мовы.

3 студзеня 2001 г.

Пасаджэньне на кол

Менавіта арыстакратызму так баіцца Аляксандар Лукашэнка ў сваёй апазыцыі, калі кажа пра іх, што яны пасадзяць яго на кол. Верагодна, якраз у арыстакратызьме хаваецца вялікая сіла вяртаньня краіны з прастою на шлях разьвіцьця.

Казачок, гарачая галава, сымбалізуе сабой вольніцу і адсутнасьць прымусу, а Радзівіл патрабуе парадку і дысцыпліны. Радзівіл сымбалізуе гіерархію паводле паходжаньня, маёмасьці, здольнасьцяў, адукацыі. У выніку атрымліваецца поступ — растуць гарады, павялічваецца скарб, адкрываюцца ўнівэрсытэты, выдаюцца кнігі, краіна і нацыя набывае міжнародны прэстыж.

7 траўня 2001 г.

“Восень патрыярха”

Дыктатар сапраўды рукатворны. У стварэньні яго ўдзельнічае ўвесь народ. Больш-менш тыпова выглядае шэраг апалягетаў — прапагандыстаў, самадураў і запалоханых. Тут найменш выяўляецца нацыянальная сутнасьць. Але за дзесяць гадоў стварыліся вобразы апазыцыйнага палітыка, апазыцыйнага творцы, апазыцыйнай моладзі — такія непадобныя да падобных у іншых культурах. І самае галоўнае — паўстаў зусім іншы беларус, якога раней не было. Гэта беларус перад выбарам.

Варта згадаць яшчэ адзін досьвед паўднёваамэрыканскіх дыктатураў. Яны спрычыніліся да фармаваньня нацыяў. Не хачу, каб падумалі, што я стаўлю нацыянальнае станаўленьне ў заслугу дыктатуры. Гэта прыродная зьява і адбываецца сама сабою. Але гарт нацыя набывае ў супрацьстаяньні. Альбо ў экспансіі вонкі, або ўнутры сябе мацнее духам.

10 верасьня 2001 г.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0