Даніла Жукоўскі

Чытаць бэлетрыстыку лёгка і цікава — інакш гэта не бэлетрыстыка. Пісаць “лёгкае чытво” цяжка, хоць і цікава. На інтэрнэт-форумах можна пабачыць грэблівыя выказваньні пад імёнамі вядомых у літаратурным сьвеце асобаў: “Дайце нам 300 даляраў, і ў вас будзе дэтэктыў. Найкруцейшы”. Ня так проста гэта, спадарства.

Гэтым летам “НН” публікавала дэтэктыў Наталкі Бабінай “Пастка для крата”. Ад самага пачатку відаць, што аўтарка не імкнулася стварыць тэкст паводле рэцэпту. Наталка Бабіна сьмела экспэрымэнтуе з канонамі дэтэктыву: пачатак і фінал нагадваюць баявік, некаторыя старонкі — жаночы раман, сьледзтва ледзь паказанае, асоба сышчыка амаль адсутная і г.д.

Галоўная гераіня Яніна выглядае прыхаднем у дэтэктыўным сьвеце, і гэта інтрыгуе. Бо экзатычны пэрсанаж у дэтэктыве неабходны, як соль у страве. Усе магчымыя і немагчымыя варыянты злачынстваў і іхнага раскрыцьця даўно прыдуманыя пісьменьнікамі, і элемэнт незвычайнага можна стварыць толькі з дапамогай экзатычных акалічнасьцяў ці пэрсанажаў.

Яніна распавядае сваю гісторыю фрагмэнтарна-самнамбулічна, з адхіленьнямі ад асноўнай тэмы, і гэтым розьніцца ад большасьці халодных і лягічных дэтэктыўных “апавядальнікаў”. Гераіня мітусіцца перад намі, рашэньні прыходзяць да яе самі сабою і маюць адно інтуітыўнае абгрунтаваньне. Характарыстыкі іншых пэрсанажаў суб’ектыўныя й перанасычаныя дэталямі, якія не працуюць на асноўнае дзеяньне.

Пачатак твору дынамічны — на некалькіх першых старонках Яніна знаходзіць на лецішчы забітага, заўважае, што за ёю цікуюць, ды трапляе пад абстрэл у калідоры інстытуту. Перад кульмінацыяй дзеяньне зусім запавольваецца, пакідаючы чытача ў разгубленасьці.

Раптам мы дазнаёмся, што гераіня ледзьве ня зь першых імгненьняў ведала пра прысутнасьць на месцы злачынства суседа па лецішчы (ён, уцякаючы, абмінуў спаржу, якую дапамагаў саджаць), зноў жа раптам — у сьне — яна ўсьведамляе, што да забойства мае дачыненьне ейны каханак. Яніна сустракаецца з суседам, той пацьвярджае ейныя здагадкі, зьяўляецца каханак-забойца, але верныя сябры ратуюць…

У гэты момант зьяўляецца пачуцьцё расчараваньня, бо аўтарка адмовіла чытачу ў праве на вэрсію. Амаль усё, пра што мы дазналіся з папярэдніх старонак, выяўляецца малаістотным для высьвятленьня матываў злачынных дзеяньняў. Адразу прапануецца адказ на ўсе пытаньні і фінал-разьвязка ў стылі амэрыканскага баевіка. Але чытач ня ведае плоймы істотных фактаў і сустракае фінал абсалютна непадрыхтаваным. Таму шмат што ў аповесьці падаецца непераканаўчым.

Адрадзіўшы традыцыі Караткевіча, Наталка Бабіна надала дзеям і пэрсанажам беларускі калярыт, стварыўшы атмасфэру амаль рэальнасьці, і гэткім чынам элегантна вызвалілася ад абавязку трымацца рэалізму ў дэталях штодзённага жыцьця. Аўтарка здолела пазбавіцца ад усюдыпрысутнае ў айчынных дэтэктывах роднае міліцыі. Хоць і фігура прыватнага сышчыка — украінскага нацыяналіста Сьлёзкі — атрымалася нерэальная. Зрэшты, усе гэтыя Эркюлі Пуаро, Пэры Мэйсаны і Ніра Вульфы ня ўражваюць сваёй матэрыяльнасьцю. Сышчык-прыватнік пэрсаніфікуе Свабоду і Справядлівасьць. Вобраз міліцыянта можа ўвасобіць толькі апошнюю. Са справядлівасьцю ў Наталкі Бабінай ня надта атрымалася, пра што гаворка ніжэй, але крыху свабоды ў беларускую квазірэчаіснасьць яна дадала, імпартаваўшы яе з таямнічай Бандэраўшчыны.

Штучна выглядае мэтамарфоза, калі малады спэцслужбовец, у прыемнасьці якога гэтак старанна і шматслоўна пераконвае нас гераіня-апавядальніца, раптам выяўляецца злачынцам. Зрабіўшы гэтае адкрыцьцё, раптам разумееш, што Яніна нам нічога пра свайго Андрэя не расказала — псыхалягічнага партрэту зь ейных расповедаў не паўстае. А мы паверылі на слова. Між тым, вобраз Андрэя патэнцыйна вельмі цікавы: супрацоўнік спэцслужбаў, здольны хлопец зь небагатай сям’і, self-made man, меркаваны жаніх цікавай дзяўчыны і — як раптам выяўляецца — абсалютна пазбаўлены маральных рысаў чалавек. У аўтаркі была магчымасьць падаць нам вобраз Андрэя спачатку сьветлым бокам, потым падкінуць некалькі шматзначных дэталяў, пасьля адцягнуць увагу фальшывай вэрсіяй і потым выявіць сумную праўду.

Постаці выбаўцаў у фінале выглядаюць казачнымі пэрсанажамі. Функцыі сышчыка Сьлёзка выканаў бліскуча — і таямніча. Дастаткова яму было пабачыць Андрэя, і ён, асоба прыватная, арганізаваў сачэньне за ім. Але дзе ж мэтад спадара сышчыка — дзе абавязковая салодкая начынка дэтэктыўнага твора?

Яшчэ больш ад кульмінацыі ўражвае фінал. Гераіня пасьпешліва тлумачыць нам, што выкрытага забойцу-спэцслужбіста Сьлёзка завэрбаваў. Чаму б не паказаць сцэну вэрбоўкі — характар галоўнага адмоўнага пэрсанажа меў бы нагоду выявіцца ў стрэсавай сытуацыі? Змарнаваны апошні шанец зрабіць з сылюэту паўнавартасны вобраз.

Але самае сумнае пачынаецца далей. Яніна, якую выбавілі сумеснымі дзеяньнямі ўкраінец Сьлёзка, беларус Дуб ды два старыя антысаветчыкі, раптам безь ніякіх згрызотаў сумленьня зьяжджае ў Амэрыку! Зьяжджае, несучы ў сабе дзіця ад каханка-забойцы. Той застаецца ў Беларусі свабодны — ці амаль свабодны. Жанчына ж поўніцца радасьцю мацярынства ў заакіянскім парадызе… Між тым, у дэтэктыве істотна ня толькі разьвязаць загадку злачынства, але й задаволіць чытацкае пачуцьцё справядлівасьці.

Усьлед дэтэктыву можна зрабіць колькі высноваў. Выснова першая: “Пастка для крата” — удалы твор, бо, каб яго прачытаць, ня трэба змушаць сябе да чытаньня. Недахопы твору тлумачацца ягоным піянэрскім характарам. Нешаблённы выбар асобы апавядальніка, цікавая знаходка з кустамі спаржы, адраджэньне Караткевічавай традыцыі абеларушваньня будзённасьці, дынамічны дэбют захапляюць.

Выснова другая: дэтэктывы трэба пісаць, каб навучыцца іх пісаць.

Выснова трэцяя: вучыцца пісаць дэтэктывы варта. Кожны твор гэтага жанру — магчымасьць займальна прааналізаваць грамадзкія праблемы. Нездарма Айзэк Азімаў пісаў: “Дэтэктыў — гэта сацыёляг, які дзейнічае”. Наталка Бабіна стварыла выдатны малюнак менскага жыцьця, выявіла цікавыя сацыяльныя супярэчнасьці — і твор не згубіў займальнасьці. Адно слова — дэтэктыў. Усё залежыць ад таго, якім будзе працяг. Якасьць першага бліна заўсёды лепей вызначаць па наступных.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0