***

Карэспандэнт “НН” гутарыць пра сытуацыю ў беларускіх гутах з Данiлам Жукоўскім, інжынэрам Гарадзенскага шклозаводу

“НН”: Цi маюць будучыню прадпрыемствы, якiя не вырабляюць эўратары?

Даніла Жукоўскі: Попыт на традыцыйную тару быў i будзе. Хоць у пакупнікоў цяпер зьяўляюцца й іншыя патрабаваньні. Вось лідзкая “Белэўратара” часьцей вырабляе не стандартную, а эксклюзіўную бутэльку па эскiзах замоўцы. Працуюць яны з вытворцамi, якiя жадаюць разьлiць гарэлку цi лiквор у бутэлькi адмысловай формы.

“НН”: Цi праўда, што нашыя гуты губляюць шмат грошай з-за таго, што ў нас шклатара выкарыстоўваецца па некалькі разоў?

Д.Ж.: Норма звароту шклатары — 8—10 разоў. Потым, згодна з статыстыкай, бутэлька звычайна разьбiваецца. Цяпер да нас “едзе” шмат бутэлек з Расеi. Тара гэтая застаецца тут. Таму склалася такая сытуацыя, што ў нас бутэлек шмат i свае апынуліся незапатрабаваныя. Але нашыя прадпрыемствы не маглi б забясьпечыць рынак, калi б не было збору зваротнай бутэлькi — не стае вытворчых магутнасьцяў. Каб зрабiць так, як у Чэхii цi Нямеччыне, — адзiн раз выкарыстоўваць бутэльку, а потым адпраўляць яе на пераплаўку, патрэбныя час i грошы на абсталяваньне. Ну, i сыстэма збору бутэлек. Фiрмы, якiя займаюцца зборам бiтага шкла, ёсьць і ў нас, але толькі ў Менску.

“НН”: Цi здольныя нашыя слоiкi ды бутэлькi вытрымлiваць канкурэнцыю з замежнымi?

Д.Ж.: Наша бутэлька мае невысокую паводле эўрапейскiх стандартаў якасьць. Бо абсталяваньне, на якiм яна вырабляецца, старое. Як вызначаецца якасьць бутэлькi? Самае прыкметнае, што кiдаецца ў вочы, — выгляд. Якасная бутэлька гладкая, блiскучая. Цi, напрыклад, колер. Атрымаць чыстае бясколернае шкло досыць цяжка. Гэта дорага, патрэбная добрая сыравiна, адпаведная яе падрыхтоўка — каб не было iншародных целаў цi бурбалак. Наш завод такой якасьцi сёньня дасягнуць ня мог бы, але мы й ня ставiм перад сабой гэтае мэты.

“НН”: Дзе беларускiя шклозаводы бяруць сыравiну?

Д.Ж.: Пясок набываем гомельскi. Яго выкарыстоўваюць амаль усе прадпрыемствы. Зрэдку вязуць з Украiны цi Расеi. Крэйда таксама iдзе нашая — часта бяруць ваўкавыскую, мы бяром гарадзенскую. Соду вязём з Расеi, кампанэнты, якiя ўтрымлiваюць алюмiнiй, — таксама адтуль, даламiт выкарыстоўваецца беларускi. Самая дарагая частка — гэта сода ды алюмiнiевыя складнiкi.

Гутарыў А.К.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0