***

Беларусы Польшчы ўпершыню ідуць самастойным палітычным блёкам на выбары ў органы мясцовага самакіраваньня. Пра перавыбарчую сытуацыю, шанцы беларускіх кандыдатаў піша Алег Тачоны.

Упершыню беларусы Польшчы ідуць на выбары самастойным палітычным блёкам

27 кастрычніка ў Польшчы адбудуцца выбары ў органы мясцовага самакіраваньня. Выбары важныя для беларусаў Беласточчыны, якія будуць змагацца за пасады войтаў, бурмістраў, прэзыдэнтаў гарадоў. Пасьля нядаўняга перапісу насельніцтва Поль­шчы і яго неафіцыйных, але несуцяшальных для беларусаў вынікаў паўстала неабходнасьць актывізаваць беларускі нацыянальны актыў.

 

Патрэба перамогі

“Няўдзел у дэмакратычных выбарах можа азначаць слабасьць”, - кажа старшыня Беларускага саюзу ў Польшчы Яўген Вапа. Ён - адзін зь лідэраў Беларускага выбарчага камітэту (БВК) у Беластоку. Зь ім пагаджаецца навуковец і публіцыст Яўген Мірановіч, пішучы на старонках беластоцкай “Нівы” пра важнасьць ужо самога ўтварэньня БВК: “Нават нягледзячы на тое, якія будуць вынікі яго дзейнасьці, гэта сыгнал, што яшчэ ў нашым асяродзьдзі нешта асталося жывое”.

Беларусам у Польшчы як паветра патрэбная хоць бы невя­лікая, але перамога. Вельмі ж шмат паразаў і няўдачаў спа­зналі яны апошнім часам. Польскі ўрад зьменшыў фінансавую дапамогу, закрылася радыё “Рацыя”, пад пагрозай зьнікненьня беларуская праграма радыё “Палёнія”, так і не стварыўся Беларускі інстытут у Беластоку. Да гэтага трэба яшчэ дадаць эканамічныя праблемы рэгіёну - рэформы і замежныя інвэстыцыі абмінаюць яго як самага аддаленага ад “цэнтраў росту” і самага перагружанага сацыяльнымі праблемамі. А яшчэ трэба перамагчы апатыю і няверу ў перамогу.

Зь левымі не па дарозе

На Падляшшы традыцыйна моцныя пазыцыі маюць левыя, найперш з Саюзу лявіцы дэма­кратычнай (СЛД). Аднак сёлета атрымаць галасы праваслаўных беларусаў ім будзе значна цяжэй: Беларускі выбарчы камітэт адмовіўся ад саюзу з СЛД. Сябры БВК у ліпені выйшлі з Форуму меншасьцяў Падляшша пасьля таго, як ён падпісаў пагадненьне зь левымі.

Як кажа Сакрат Яновіч, некаторыя палітычныя сілы Поль­шчы, кшталту СЛД, “імкнуцца маргіналізаваць беларусаў”, ня хочуць успрымаць іх як роўных партнэраў. “Ня варта ісьці на выбары на лёкайскіх умовах. Праз удзел у выбарах мы пакажам, што на Падляшшы жывуць беларусы, а ня нейкая неакрэсьленая магма, названая “меншасьцямі”.

Яўген Вапа акцэнтуе ўвагу і на іншым аспэкце праблемы: “Адной з праяваў нашае тоеснасьці зьяўляюцца выбары ў органы самакіраваньня. Часта думаем, што калі ў іншых сьпісах знойдзецца адна асоба, дык яна нешта зробіць, аднак на практыцы сілу мае гурт, а не адзінкі. Той, хто балятуецца зь іншага сьпісу, вымушаны рэалізаваць чужыя інтарэсы, якія наагул супярэчаць нашым”.

 

Хто яны, кандыдаты?

Беларускі нацыянальны актыў на Беласточчыне мабілізаваў на выбары ўсе свае сілы. Сярод кандыдатаў мы бачым прозьвішчы такіх вядомых беларусаў, як пісьменьнік Сакрат Яновіч, прафэсар Ян Чыквін, грамадзкі дзяяч Яўген Вапа, навукоўцы Алег Латышонак і Антон Мірановіч, журналісты Віталь Луба, Аляксандар Максімюк, Міраслава Лукша, Юры Хмялеўскі ды тузін беларускамоўных прадпрымальнікаў.

На месцы ў беластоцкай гарадзкой радзе прэтэндуюць 36 беларускіх кандыдатаў, у бельск-падляскай - 42, у павятовай - 32, а ў сэйме Падляскага ваяводзтва - 21 кандыдат Беларускага выбарчага камітэту. Сярэдні век гэтых людзей - 42 гады. Самай маладой кандыдатцы, студэнтцы Яніне Тышко, - 22 гады, а найстарэйшай, пэнсіянэрцы Яўгеніі Спалік, - 74. Сярод беларускіх кандыдатаў людзі розных прафэсіяў: настаўнікі, навукоўцы, журна­лісты, інжынэры, юрысты, студэнты, лекары, сяляне. Цікава, што большасьць сьпісаў ад БВК узначальваюць жанчыны.

 

Беларусы - суб’ект лякальнай палітыкі

Чальцы БВК шмат увагі надаюць распрацоўцы добрай і актуальнай праграмы. На іх думку, у ёй мусяць адлюстроўвацца шляхі вы­рашэньня сацыяльных і эканамічных праблемаў, якія закранаюць большасьць людзей. Таксама ставіцца на павестку дня вырашэньне беларускіх праблемаў, напрыклад стварэньня Цэн­тру беларускай культуры ў Беластоку.

“Веру, што беларускі голас і гэтым разам выбера сярод нашай меншасьці, з прадстаўнікоў беларускіх выбарчых камітэтаў, такіх людзей, якія чатыры наступныя гады будуць ашчадна гаспадарыць нашымі грашыма і ўмела разь­віваць беларускую куль­туру і асьвету”, - кажа Я.Вапа.

Я.Мірановіч пэўны, што беларусы маюць добры шанец ізноў стаць “суб’ектам лякальнай палі­тыкі”. “Нават невялікі посьпех кандыдатаў гэтага камітэту на выбарах можа цалкам зьмяніць сытуацыю ў горадзе”, - лічыць ён. На жаль, абрацца ў ваяводзкі сэйм беларускім кандыдатам будзе цяжка. Справа ў тым, што выбарчыя акругі былі адмыслова падзеленыя так, каб у іх дамінавала каталіцкае насельніцтва. А каб мабілізаваць на выбары праваслаўную меншасьць, трэ будзе добра па­працаваць.

 

Перад будучыняй

Беларусам важна на выбарах не згубіць ранейшых пазыцыяў. Напрыклад, ужо 8 гадоў бурмістрам Бельску-Падляскага зьяўляецца беларус Андрэй Сьцепанюк. Сёлета колішняя кааліцыя беларусаў, украінцаў і СЛД развалілася па віне апошняй. У выніку, беларусы і ўкраінцы, якія ідуць на выбары разам, маюць цяпер моцнага канкурэнта - СЛД, якая стварыла кааліцыю з Уніяй працы. Таму цяжка сказаць, ці будзе зноў бурмістрам беларус.

Гэткія самыя праблемы маюць беларусы і ў Гайнаўцы. У Гарадку, пасьля таго як адышоў ад грамадзкай дзейнасьці Лёнік Тарасэвіч, так і не зьявіўся новы беларускі лідэр.

Сёньня беларусы Беласточчыны змагаюцца за сваю будучыню. Беларуская прысутнасьць у органах мясцовага самакіраваньня прымусіла б поль­скія палітычныя сілы лі­чыц­ца зь імі, дапамагла б беларусам захаваць сваю нацыянальную адметнасьць, разь­віваць беларускую культуру, выхоўваць новыя пакаленьні нацыянальна сьвядомай моладзі. Інакш, ва ўмовах амаль поўнай абыякавасьці беларускай дзяржавы да лёсу беларусаў у Польшчы, ім пагражае суцэльная асыміляцыя.

Алег Тачоны

Алег Латышонак: “Хто голасна не крычыць, нічога не атрымлівае”

Адзін зь лідэраў Беларускага выбарчага камітэту доктар гісторыі Алег Латышонак напярэдадні выбараў адказаў на пытаньні карэспандэнта “НН”.

“НН”: Спадару Латышонак, чаго Вы чакае­це ад выбараў? Якія шанцы ма­юць беларускія кандыдаты?

Алег Латышонак: Шанцы ёсьць, але на мяжы выйгрышу і пройгрышу. Магчыма, будзем мець каля 7% галасоў у Беластоку і ваяводзтве, і гэта пры тым, што беларусаў тут жыве 15%. Аднак заўважаем тэндэнцыю росту падтрымкі БВК у беларускім грамадзтве. Праўда, яшчэ вялікая частка беларусаў падтрымлівае Саюз лявіцы дэмакратычнай.

“НН”: Як падрыхтаваныя беларускія кандыдаты?

А.Л.: Найлепш падрыхтаваліся да выбараў у Бельску-Падляскім і Гайнаўцы, дзе праца ідзе даўно. Горш у Беластоку, з-за таго што частка праваслаўных дзеячоў з Форуму меншасьцяў Падляшша заключыла пагадненьне з СЛД. Іх падтрымала праваслаўнае духавенства. Гэта ўсё ўскладніла сытуацыю, і беларусы мусілі стварыць Беларускі выбарчы камітэт, які, фактычна, зьбіраў паспалітае рушаньне...

“НН”: Сёлета ў Польшчы прайшоў перапіс насельніцтва. Ці паўплываў ён на хаду перадвыбарнай кампаніі?

А.Л.: Сама атмасфэра перапісу паўплывала на людзей. І тое, што ён наагул адбыўся, і тое, што людзям першы раз трэ было публічна акрэсьліць сваю нацыянальнасьць. Мала хто запісаўся беларусам падчас перапісу, але мы спадзяёмся, што ў выбарах нас можа выявіцца нашмат больш.

“НН”: Ці варта чакаць радыкалізацыі беларускіх палітыкаў ў Польшчы ў справе абароны нацыянальных правоў беларусаў?

А.Л.: Пэўна, што радыкалізацыя адбудзецца, бо ў Польшчы хто голасна не крычыць, нічога не атрымлівае. Трэба ставіць пытаньне даволі востра, інакш мы ня бу­дзем пачутыя. Стрымлівае беларускі мэнталітэт нашых выбарцаў, якія радыкалізму не ўхваляюць. Зрэшты, ёсьць прыклад росту папулярнасьці сярод сялянаў Бела­сточчыны радыкальнай Самаабароны Лепэра. Значыць, настроі людзей зьмяняюцца.

“НН”: Рэальна, што палітыкі кшталту Лепэра могуць зьявіцца сярод беларусаў?

А.Л.: Пакуль я такіх ня бачу, але яны заўсёды зьяўляюцца нечакана.

“НН”: Чаму выбары 27 кастрычніка маюць для беларусаў выключнае значэньне?

А.Л.: Першы раз за доўгі час беларусы сталі заўважныя як палітычная плынь. Выразна фармуецца сьвядомасьць выбарцаў, у іх ёсьць новы настрой, шмат новых людзей далучыліся да нашай дзейнасьці. Дзесяць гадоў таму ў горадзе Беластоку мы ўзялі на выбарах 1,5 тысячы галасоў, цяпер возьмем 5-8 тысячаў. Гэта прынцыповыя зьмены, і ўсе палітыкі іх заўважаюць. Да нас прыйшла такая інфармацыя: СЛД баіцца, што праз чатыры гады страціць свой сёньняшні ўплыў на нашай тэрыторыі.

Важны фактар на гэтых выбарах - вылучаны кандыдат ад БВК на пасаду прэзыдэнта Беластоку, Антон Мірановіч. Вель­мі добры і вядомы чалавек - віцэ-старшыня гарадзкой рады. З выбарчай тактыкі вынікае, што ён, як кандыдат ад меншасьці, ня мае шанцаў, але ўсё-такі гэты крок - сьведчаньне сілы.

Запісаў С.Ё.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0