Хельмут Каменскі

Ці стане гарадзенская футбольная каманда “Нёман” чэмпіёнам Беларусі 2002 году? Мінулае, сёньняшні стан і пэрспэктывы гарадзенцаў аналізуе Хельмут Каменскі.

За дзесяць гадоў сувэрэннасьці Горадня звыкла да спартовага чэмпіёнства.

Акрэсьлены гістарычны пэрыяд ня даў Беларусі ніводнага гарадзенца-індывідуала

(сьвіслачанка Карольчык была ўзгадаваная ў правінцыі), але камандава горад над

Нёманам адабраў лідэрства ў непераможнай за савецкім часам сталіцы.

Мяркуйце самі: у “вечныя чэмпіёны” краіны трапілі баскетбалісты “Горадні-93” (на іх матчы ў нацыянальных турнірах цяпер амаль ніхто ня ходзіць, бо зьбіцьцё хлопчыкаў-супернікаў — відовішча для садыста), перамагаюць у нацыянальных першынствах валейбольны “Камунальнік”, хакейны “Нёман” і флагман хакею на траве “Рытм”.

На тле іх посьпехаў футбольны “Нёман” доўгі час заставаўся гэткім сірацінаю-ізгоем. Нават заваёва Кубку краіны ў 1993 г. (тады гарадзенцы ў фінале адолелі рэчыцкі “Ведрыч”) хутка сьцерлася з памяці. Гарадзенскія ўлады ня песьцяць асаблівай увагай футбалістаў. Калі вобласьцю кіраваў Аляксандар Дубко, асноўная ўвага надавалася баскетболу і хакею, цяперашні кіраўнік аддае прыярытэт валейболу. Адпаведна разьмяркоўваліся і матэрыяльныя ўкладаньні: хакеістам — новы лядовы палац, баскетбалістам — супэрсучасны паркет. Футбалістам жа — мэталёвая агароджа вакол травянога поля, самае няздарнае выдаткаваньне грошай, якое толькі можна было ўявіць.

Праз гады “Нёман” умацоўваў імідж трывалага серадняка найвышэйшага беларускага дывізіёну, якому нічога не пагражае, але й нічога ня сьвеціць. А калі й сьвеціць, дык ня грэе. Прыклад гэтаму — два апошнія сэзоны, калі гарадзенцы спыняліся на чацьвёртай прыступцы турнірнай лесьвіцы за крок ад мэдалёў. Гэтыя чацьвёртыя месцы істотна розьніліся. Калі ў 2000 г. “Нёман” аб’ектыўна дасягнуў сваёй столі, дык летась застацца без мэдалёў было крыўдна да сьлёз.

Між сэзонамі галоўны трэнэр Сяргей Саладоўнікаў ажыцьцяўляў значную рэканструкцыю каманды. Клюб пакінулі расейскі легіянэр і найлепшы снайпэр Сяргей Давыдаў, плэймэйкер Алег Кірэня і аснова абароны Сяргей Мірошкін. Па сутнасьці, разбурылася амаль уся цэнтральная вось. У такой сытуацыі стаўка была зробленая на мясцовых выхаванцаў (балазе памкненьні квартэту найбольш таленавітых — Сулімы, Тарашчыка, Сучкова ды Раўнейкі — ірвануць за мяжу ня зьдзейсьніліся) і на сьпісаных зь іншых “караблёў” вэтэранаў (Дзятлаў, Сьмірных, Турчыновіч). Зьмяніўся ня толькі склад выканаўцаў галоўных роляў — “Нёман” наважыўся гуляць па сучаснай сыстэме, з трыма абаронцамі.

Напярэдадні чэмпіянату і спэцыялісты, і заўзятары-аптымісты прагназавалі камандзе ў найлепшым выпадку пятае-шостае месца. Калі на экватары першынства гарадзенцы захапілі лідэрства, усімі гэта ўспрымалася як часовая зьява. Але вось за тры туры да фінішу нёманцы па-ранейшаму ачольваюць табліцу і апярэджваюць найбліжэйшых перасьледнікаў на пяць пунктаў. Нельга сказаць, што хоць бы адзін гулец “Нёману” сёлета ў найлепшай форме. У чым жа тады фэномэн каманды? Адказ просты — у максымальнай мабілізаванасьці, якой жорстка патрабуе ад гульцоў кіроўны трыюмвірат (браты Сяргей і Валеры Саладоўнікавы ды Сяргей Кароза). Яны — легенды гарадзенскага футболу й заўсёды былі прыкладам самаахвярнасьці для іншых. Трэнэры гарадзенцаў не абяцалі дасягнуць турнірных вышыняў, але з часу зацьверджаньня галоўным Сяргея Саладоўнікава вынікі няўхільна паляпшаліся.

Падзеньне заўсёды падзея, узьлёт не заўважыць народ. Гэтае выслоўе сёлета гарадзенскія заўзятары абвяргаюць. Старэнькі гарадзкі стадыён, забудаваны калісьці на жыдоўскіх могілках, у гэтым сэзоне набіваецца бітма. Прычыны таму дзьве. Па-першае, “камуністычны” бясплатны ўваход на трыбуны, дзе цэлай засталася хіба толькі адна лаўка — для “айцоў” гораду. Па-другое, “Нёман” сапраўды робіцца народнай камандай.

Між тым, чэмпіёнства гарадзенцаў яшчэ пад сумневам. Сур’ёзнай перашкодай стала жодзінскае “Тарпэда”, што адабрала ў лідэра два балы. Наперадзе — звышскладаны выезд у Салігорск: менавіта “Шахцёр” летась пазбавіў прынёманскі клюб бронзы. Можна застацца ўвогуле без узнагародаў — фініш стане яшчэ адным момантам ісьціны й выпрабаваньнем характару каманды. Хвалююць і наступствы: занадта сьвежыя ў памяці глыбінныя крызысы, якія спасьцігалі чэмпіёнаў апошніх гадоў — менскае “Дынама”, мазырскую “Славію”, бабруйскую “Белшыну” (адзіны вынятак — барысаўскі БАТЭ, дзе футбольная гаспадарка ладзіцца на прынцыпова іншых рэйках). Ці вытрымае выпрабаваньне ціхі фэномэн “Нёману” ў каламутных варунках нашай рэчаіснасьці — пытаньне наступнага году.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0