В.Ш.
Прыгоды сабакі працягваюцца. На гэты раз ён наведвае піўбар, блукае ў лесе, залазіць да суседа ў яблыкі, хоча стаць начальнікам. Паўсюдна яго суправаджае пільны Граждан.
Аднаму сабаку захацелася стаць начальнікам. Паехаў ён на
Нарач, закінуў сетку і стаў чакаць.
На трэці тыдзень выцягнуў вялікую жабу. І
спыталася жаба сабачым голасам: “Што табе трэба?” — “Хачу быць вялікім
начальнікам”, — адказаў сабака. “Ідзі дамоў. Усё будзе па-твойму”, — паабяцала
жаба. Прыехаў сабака дахаты, а каля ганку яго чакае Граждан: “Таварышу
начальнік, падайце на прапітаніе…”
Адзін сабака зайшоў у піўбар. Выпіў куфляў сем, і тут сушаная рыба кажа яму: “Прасі чаго хочаш, толькі ня еж мяне!” — “Хачу быць маладым, прыгожым і багатым”, — папрасіў сабака. А Граждан з-за суседняга століка сказаў: “Я не магу на такое пайсьці. Мне трэба пасаветавацца ў органах…”
Адзін сабака заблукаў у лесе. Каб не сканаць ноччу ад страху, вырашыў сам сабе зрабіць сьмерць. Знайшоў сабачыя грыбы, а тыя і кажуць яму: “Ня еж нас і прасі што хочаш!” Сабака ўсю ноч думаў, што ж яму загадаць. Раніцай у грыбы прыйшоў Граждан і сказаў сабаку: “Я ведаю, хто ты. Ты ў нас усіх качак мацыклетам падушыў…”
Адзін сабака залез да суседа ў яблыкі. Ірваў-ірваў, а пад раніцу пачуў: “Дастань мяне. Я табе дапамагу!” Гэта гаварыў зялёны яблычак на самай вершаліне. Пакуль сабака лез па яго, зусім разьвіднела. Выйшаў з хаты Граждан і, убачыўшы сабаку, сказаў: “Зноў амэрыканскага шпіёна скінулі…”