***

На Ляхавіччыне памёр краязнаўца Васіль Сокал, аўтар летапісу роднай вёскі Зубелевічы, які цяпер рыхтуецца да выданьня. Прапануем увазе чытачоў урывак зь ягонай кнігі пра падзеі верасьня 1939 году на Ляхавіччыне.

21 верасьня раптоўна памёр Васіль Сокал. Ён упаў у двары свайго дому — інсульт — і не дажыў да канца дня.

Не дачакаў ён выхаду ў сьвет сваёй кнігі —

летапісу роднай вёскі Зубелевічы (Ляхавіччына), дзе пражыў ад нараджэньня да

самага апошняга дня.

Васіль Сокал нездарма называў свой твор “летапісам” — больш за паўстагодзьдзя (ад 1926 да 1986) падзеяў і сотні людзей, скрупулёзна адлюстраваных на некалькіх сотнях старонак. “Усё заснавана на канкрэтных фактах, сьведкам, а часамі актыўным удзельнікам якіх я быў, а таксама на дэталёва правераных аповедах маіх аднавяскоўцаў і некаторых жыхароў раёну”, — напісаў аўтар ва ўступе.

Такой мэтадычнай і дакладна зафіксаванай гісторыі свайго роднага кутка, да таго ж напісанай жыва й дынамічна, бадай, не было яшчэ ў айчыннай мэмуарыстыцы. Дый зямля, на якой нарадзіўся Васіль Сокал, вартая гэтае ўвагі й любові: Ляхавіччына дала Беларусі Хведара Еўлашэўскага, Анатоля Бярозку, Напалеона Чарноцкага, Флярыяна Бохвіца, Тадэвуша Рэйтана, братоў Касакоўскіх, Сяргея Пясэцкага.

Васіль Сокал нарадзіўся ў 1921 г., і ягоны лёс шмат у чым тыповы: жыцьцё “пад Польшчаю”, нямецкая акупацыя, у 1944 г. служба ў савецкім войску, фронт, вучоба ў Баранавіцкім настаўніцкім інстытуце і на філфаку БДУ, праца настаўнікам, а потым завучам і дырэктарам у вясковых школках. Кожную вольную хвіліну Васіль Сокал прысьвячаў краязнаўчым пошукам, журналістыцы, публіцыстыцы. Яго добра ведалі на Ляхавіччыне, ягоныя артыкулы друкавалі менскія газэты. Удзячнасьць да выдатнага настаўніка захавалі некалькі пакаленьняў ягоных вучняў. Добрая памяць аб ім застанецца ў шматлікіх ягоных сяброў і калегаў.

Але галоўнае — ня згіне праца ягонага жыцьця. Летапіс “На хвалях часу” рыхтуецца да выданьня ў “Бібліятэцы “Дыярыюшу”. Спадзяёмся, што гэта будзе найлепшым нашым помнікам Васілю Сокалу — Летапісцу свайго Краю.

На хвалях часу Васіль Сокал

З падразьдзелу 2: “Вызваленьне Заходняй Беларусі, альбо Зьмена дэкарацый”

Пра рашэньне савецкага ўраду аб аказаньні 17 верасьня 1939 г. “братняй дапамогі” працоўным Заходняй Беларусі жыхары вёскі Зубелевічы ня чулі, бо не было ў вяскоўцаў лямпавых радыёпрыймачоў, адзін дэтэктарны, на якім можна было прымаць адно Баранавіцкую радыёстанцыю, што на той час ужо маўчала. Вяскоўцы толькі на другі дзень на свае вочы ўбачылі чырвоныя зоркі на крылах самалётаў, якія ляцелі на нізкай вышыні й несьлі з усходу “братнюю дапамогу, свабоду, роўнасьць, братэрства, радасьць ды шчасьце сацыялізму”. Людзі ўспрынялі навіну “вызваленьня” па-рознаму: адны радаваліся, нейкія паставіліся насьцярожана, іншыя, якіх была бальшыня, загадкава маўчалі...

Тым часам з усходу па тракце Клецак—Ляхавічы—Баранавічы ехалі наладаваныя рознымі пажыткамі фурманкі, на якіх сядзелі дзеці і дарослыя. Гэта былі сем’і польскіх урадоўцаў, асаднікаў, фальваркоўцаў, якія ня проста баяліся патрапіць у абдымкі “братоў з усходу”, тым больш “братоў” ва ўніформе НКУС, але страшэнна імкнуліся пазьбегнуць тых гідкіх “братэрскіх пацалункаў”. Інтуіцыя іх не падвяла.

Дзесьці на трэці-чацьверты дзень у вёсцы Зубелевічы ўбачылі “вызваліцеляў”. Дзень быў хмуры, імглісты. Яны зьявіліся неяк нечакана і не па шляху Клецак—Ляхавічы, а па палявой дарозе, якая вяла з Падлесься на Зубелевічы. Гэта былі разьведчыкі на танкетках. Разьведчыкі запыталіся ў вяскоўцаў, ці ёсьць у навакольлі польскія жаўнеры, на што тыя адказалі, што няма. Раптоўна каля “вызваліцеляў” утварылася купка хлопчыкаў, якія пільна ўзіраліся ў твары камандзіраў з надзеяй, што тыя будуць адорваць іх ласункамі, як некалі польскія афіцэры, якія кватаравалі ў вёсцы Зубелевічы падчас вайсковых манэўраў 1933 г. і шчодра раздавалі вясковай дзятве манэткі з “ажэлкам”. На гэтыя грошы хлапчукі потым набывалі ў каапэратыўнай краме розныя прысмакі. Толькі дарэмныя былі спадзяваньні дзяцей: камандзіры краіны “багацьця й дастатку” гэтакай магчымасьці ня мелі. Тым часам вяскоўцы вялі з прыбылымі размову пра жыцьцё-быцьцё ў краіне саветаў. Камандзіры ўхіляліся ад адказаў на канкрэтныя пытаньні, а “рэзалі” толькі добра завучанымі фразамі, мабыць, засвоенымі хіба на палітзанятках ды інструктажах паліткамісараў. Некаторыя вяскоўцы скардзіліся камандзірам, што палякі дужа марылі іх голадам. Камандзіры на гэта маўчалі, а чырвонаармейцы загадкава ўсьміхаліся. Некаторыя гультаяватыя дзядзькі дзякавалі прышэльцам за “вызваленьне” і выказвалі спадзяваньні, што цяпер усе ў Заходняй Беларусі будуць роўныя. Як паказаў час, гэтая роўнасьць — у жабрацтве — спадарожнічала ім аж да адыходу ў “іншы сьвет”.

Я быў там таксама і, слухаючы завучаныя фразы савецкіх камандзіраў, міжволі ўспомніў колішні аповед майго бацькі. У час бальшавіцкага паходу на Варшаву ў Зубелевічах стаялі чырвонаармейцы, адзін зь іх сказаў майму бацьку: “Отец, теперь все будем равны”. А бацька без дыпляматычнай прыхованкі адказаў: “Сынку, паглядзі на лес: не параўнаваў Бог лесу, не параўнуе й людзей!” Абураны бальшавіцкі змагар за роўнасьць хацеў бацьку адразу застрэліць, але яму не дазволіў камандзір, што праходзіў міма. Паглядзеўшы на бацьку, які стаяў перад імі ў даматканай вопратцы й лапцях, ён сказаў: “Да брось ты это дело, разве не видишь, что перед тобой несознательный мужик, а не сознательная контра”.

Разьведчыкі падаліся на Ляхавічы і хутка ўжо былі ў мястэчку. Чырвоныя камандзіры, а таксама розная навалач, якая цягнулася за імі ў абозе з усходу, каб заняць пасады, пакінутыя “крывасмокамі польскага жонду”, у хуткім часе ўвіхаліся ўжо па справе “вызваленьня” габрэйскіх крамаў ад прамысловых ды іншых замежных тавараў. Вядома, без экспрапрыяцыі — за савецкія рублі. “Товарищи” так пашчыравалі, што за пару тыдняў крамы апусьцелі. Затое пачкі з мануфактурай, вопраткай, абуткам ды іншымі прамысловымі таварамі паплылі па палявой пошце з “жабрацкай” Заходняй Беларусі на ўсход.

Хутка ў мястэчка Ляхавічы прыбыў зь Менску, з ЦК КПБ(б), упаўнаважаны, пры якім было створана “Ўпраўленьне па кіраваньні грамадзкім парадкам” і адначасова “Чырвоная гвардыя” для аховы грамадзкага парадку. Часовае “ўпраўленьне” і “Чырвоная гвардыя” ўкамплектаваліся выключна з былых падпольшчыкаў КПЗБ — Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі — і КСМЗБ — Камуністычнага саюзу моладзі Заходняй Беларусі. Спачатку ўзначаліў “упраўленьне” Янка Патаповіч, жыхар вёскі Рачканы. Патаповіч паходзіў з заможнай сялянскай сям’і: у бацькі пры Польшчы быў вялікі надзел, уласны паравы млын, розныя мэханізаваныя сельскагаспадарчыя прылады. Сам Янка вучыўся ў Віленскай беларускай гімназіі, потым — ва ўнівэрсытэце імя Сьцяпана Батуры ў Вільні. Патаповіч пісаў вершы, некаторыя зь іх друкаваліся ў заходнебеларускай пэрыёдыцы. За актыўны ўдзел у камуністычным падпольлі быў арыштаваны і асуджаны на пяць гадоў турмы. У 1935 г. яго вызвалілі дэкрэтам прэзыдэнта Рэчы Паспалітай па аміністыі з нагоды сьмерці Пілсудзкага. Вярнуўшыся ў сваю вёску Рачканы, Патаповіч займаўся арганізацыяй беларускіх спажывецкіх каапэратываў у Ляхавіцкай гміне. “Чырвоную гвардыю” ўзначаліў Сьцяпан Праневіч, былы сакратар камуністычнай ячэйкі зь вёскі Жарабковічы.

Нечакана для чальцоў “упраўленьня” Янка Патаповіч быў арыштаваны баранавіцкім НКУС і пасаджаны ў турму ў Баранавічах. Новым старшынём “упраўленьня” быў прызначаны Барыс Махляр, былы арганізатар ячэйкі КПЗБ у вёсцы Вялікая Лотва, былы сакратар Ляхавіцкага райкаму КПЗБ. Барыс Махляр зь сябрам “упраўленьня” Віктарам Чарапавіцкім, былым сакратаром ячэйкі КПЗБ зь вёскі Перахрэсьце, паехалі ў Баранавічы ва ўпраўленьне НКУС прасіць, каб Патаповіча выпусьцілі з турмы, бо яны добра ведаюць яго як актыўнага падпольшчыка, сумленнага і шчырага чалавека. НКУСавец, да якога яны зьвярнуліся, запытаўся, ці добра знаёмы Махляру і Чарапавіцкаму почырк Патаповіча. Калі яны пацьвердзілі, што так, службовец вынуў з сэйфу ліст паперы, напісаны — яны пазналі — рукою Патаповіча. Гэта была заява, у якой Янка прызнаваўся ў добраахвотным супрацоўніцтве з польскай паліцыяй. Пра арышт Патаповіча і хадайніцтва за яго расказаў мне асабіста Віктар Чарапавіцкі, калі я зьбіраў матэрыялы пра камуністычнае падпольле для кнігі “Памяць. Ляхавіцкі раён”. Далейшы лёс Янкі Патаповіча дакладна невядомы, магчыма, што знайшоў ён сабе прытулак у Курапатах… У 1990-х Патаповіч быў рэабілітаваны “за адсутнасьцю складу злачынства”.

У навакольных вёсках стыхійна ствараліся “сельрэўкамы”. Упраўленьне і сельрэўкамы надзялялі безьзямельных і малазямельных сялянаў зямлёю з абшарніцкіх маёнткаў. Таксама выдавалі кароў тым, хто іх ня меў. Аднак часта старшынямі сельрэўкамаў станавіліся людзі малапісьменныя, да таго ж хцівыя, якія злоўжывалі сваім службовым становішчам. Гэтак, у вёсцы Зубелевічы старшынём стаў сквапны й прагны да нажывы чалавек. Ён пачаў папросту з рабаўніцтва і прысвоіў сабе 20 пудоў пшаніцы, якую гвалтам забраў у арандатара асадніцкага фальварку Костуся Саланевіча, сумленнага й працавітага чалавека. Саланевіч хацеў паскардзіцца ва “ўпраўленьне”, але старшыня сельрэўкаму настрашыў яго Сібірам. Больш за тое, старшыня намякнуў Саланевічу, што, паколькі ягоная жонка была калісьці служанкаю ў асадніка, капітана легіянэраў, гэта таксама можа ягонай сям’і зашкодзіць. Урэшце Саланевіч ад скаргі адмовіўся. Гэткім чынам, “вызваліцелі”, апроч усяго, прынесьлі з сабою ў Заходнюю Беларусь страх перад начальствам, закон сілы, карупцыю ды хабарніцтва. Перад польскім чынавенствам сялянства не адчувала страху, бо было фактычна незалежным матэрыяльна ад польскіх урадоўцаў. Ня ведалі заходнебеларускія сяляне і гэткай маральна разбуральнай зьявы, як “блат”. Натуральна, узьнікае пытаньне, чаму польскія чыноўнікі і службоўцы не маглі заразіцца гэтымі “вірусамі”? Бо мелі службовыя заробкі, якія давалі ім магчымасьць утрымліваць сваю сям’ю ў поўным дастатку, а польскія законы сурова каралі за службовыя правіны ды яшчэ да таго існавалі ў польскім грамадзтве маральныя ўстоі, якія прывіваліся грамадзянам празь сям’ю, школу й касьцёл...

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0