Сяргей Харэўскі

“Апазыцыянэры выглядаюць як колішнія авангардысты, кубісты ці экспрэсіяністы, што крыўдавалі на неадукаванага, недасьведчанага гледача”. Артыкул Сяргея Харэўскага пра прымітывізм у палітыцы.

Адным з найцікавейшых мастацкіх кірункаў канца ХІХ і ўсяго ХХ ст. быў прымітывізм, альбо “наіўнае” мастацтва. Гэтая плынь выкарыстоўвала народныя формы.

Яе стваральнікамі былі зазвычай людзі сталага веку, без

прафэсійнае адукацыі. Яны ня прагнулі славы. Яны папросту не маглі не ствараць

хараства. Іхныя творы выклікалі паблажлівыя ўсьмешкі прафэсіяналаў і захапленьне

простых людзей. Гэткімі “наіўнымі” мастакамі былі француз Анры Русо, грузін Ніко

Пірасманішвілі, беларуска Алена Кіш. У мастацтвазнаўстве ім стварылі арэол

непрызнаных пры жыцьці, але тут тоіцца памылка. Карціны

Генэраліча, Пірасманішвілі ці маляваныя дываны Кіш шырока распаўсюджваліся сярод

таго кола замоўцаў, што бачылі ў іх адлюстраваньне сваіх эстэтычных

запатрабаваньняў. Інакш адкуль бы сабраліся вялікія калекцыі іхных твораў?

Расонскі краявід
Расонскі краявід

Мастакоўская эліта недаацэньвала вартасьць народнага прымітыву ў вачах простае публікі, рыхтык як сёньня апазыцыя, палемізуючы з уладаю, трапляе ў палон сваіх стэрэатыпаў пра палітыку.

Апазыцыянэры прапануюць складаныя схемы нацыянальнае ідэі, акцэнтуюць увагу на гуманітарных аспэктах палітыкі (дэмакратыя, эўрапейскасьць і нацыянальная тоеснасьць). То бок вымагаюць ад людзей рабіць выбар на карысьць абстракцыяў, кшталту правоў чалавека ці патрэбы адукацыі па-беларуску. Улада ж прапануе рэчы куды больш простыя — бярэ на сябе адказнасьць, не зьмяняе ўсталяванага за ХХ ст. культурнага й ідэйнага ляндшафту й пераконвае, што жыць пакрысе робіцца лепей. У параўнаньні з апазыцыйным скепсысам і пэсымізмам, недавыказаная й недасфармуляваная нацыянальная ідэалёгія ўладаў выглядае больш прывабнаю для людзей. Яна не вымагае ад іх высілкаў, кшталту змаганьня за прадстаўніцтва ў органах улады, за мову дзядоў ці за інтэграцыю ў “адзіную Эўропу”.

Апазыцыянэры выглядаюць як колішнія авангардысты, кубісты ці экспрэсіяністы, што крыўдавалі на неадукаванага, недасьведчанага гледача.

Улада апэруе традыцыйнымі сродкамі й формамі, вядомымі й звыклымі. І ў гэтай сваёй наіўнасьці яна адпавядае народным густам. Чалавеку, што жыве й цяжка працуе дзе-небудзь між балотаў і лясоў, якая можа быць справа да лёсу найноўшае палітычнае эміграцыі ці да зьніклых палітыкаў, якіх ён нат толкам не запомніў. А прыклады зь Віньнікавай альбо Шарэцкім вымушаюць селяніна сумнявацца ў бескарысьлівасьці памкненьняў апазыцыі. Урэшце, скажа “звычайны чалавек”, жывуць жа на свабодзе й вольна езьдзяць па сьвеце сотні іншых апазыцыянэраў. Калі ён наагул пра гэта чуў. А часьцяком чалавек ня ведае нават начальства, вышэйшага за старшыню калгасу ці дырэктара прадпрыемства.

Прымітывізм у палітыцы, як і ў мастацтве, грунтуецца на простых, даступных, але недавыказаных асацыятыўных схемах. Кшталту Гёбэльсавага: “Лёзунг мусіць быць простым і няясным”. Папярэднікі нацыстаў фармулявалі гэта як “мір — народам, зямля — сялянам, фабрыкі — рабочым”. Са звычайнае канстатацыі паўстае нібы праграма.

Лацінаамэрыканскія папулісты да сёньня карыстаюцца гэткімі правіламі. Пэрон мог скандаваць “Аргентына! Аргентына!”, а пасьля дырыгаваць шматтысячным натоўпам. Сёньня штосьці такога кшталту бачым у Вэнэсуэле, на Кубе.

Лукашэнка можа хваліць беларускіх жанчынаў, ці хлебаробаў, ці сваю прыгожую Рэспубліку. У галаве ўзьнікае простая, прывабная асацыяцыя, а ўяўленьне дамалёўвае ўсё астатняе. Хто можа быць супраць? А ці прыйшло б да галавы каму з апазыцыянэраў кідацца такімі лёзунгамі на мітынгах?

Лукашэнка павіншаваў Папу з 24-й гадавінай пантыфікату, пажадаўшы здароўя, шчасьця й посьпехаў у працы. Дакладны разьлік на паспалітых каталікоў, для якіх гэтыя “наіўныя” пажаданьні былі чаканымі й зразумелымі. Ці можа гэтак трапна працаваць апазыцыя?

Яна рытарычна паўтарае, што эканоміка руйнуецца, што ўлады недэмакратычныя, што ў заняпадзе культура. Над гэтым трэба моцна задумвацца штодня, сачыць за палітычным працэсам. Няпроста ўзважыць заяву КНГ АСБЭ, разабрацца ў пазыцыях двух БНФ-аў альбо дзьвюх сацыял-дэмакратычных суполак.

А яшчэ любімы занятак супернікаў Лукашэнкі — кпіць зь ягоных моўных памылак, перасьмейваць “калхозны” акцэнт, шаржаваць прычоску ці пад’ялдыкваць яго за заняткі спортам.

У мінулым стагодзьдзі мастацкая крытыка амаль гэтак сама сьмяялася і з “прымітывістаў”, і з “фавістаў” (“дзікіх”), процістаўляючы ім высокапрафэсійнае мастацтва акадэмічнае школы. Катэгарычна адпрэчыўшы народны й шчыры матыў у мастацтве, крытыкі памыліліся. У сярэдзіне ХХ ст. “наіўнае” мастацтва заняло пачэснае месца на Парнасе, а тысячы акадэмістаў былі забытыя назаўжды. Цяпер можна хіба эпатаваць сваім веданьнем творчасьці якога Альма Тадэма ці Семірадзкага.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0