Новы альбом галоўных беларускіх рок‑герояў, які зьявіўся пасьля пяцігадовага маўчаньня. Гэты дыск варта паслухаць хаця б дзеля адной песьні — «Менск і Мінск».

Вольскі — майстра кранальных балядаў. Недзе раз на пяць год яму ўдаецца напісаць ня проста песьню‑крычалку, а сапраўдны рок‑гімн, які можа скарыць кожнага, незалежна ад узросту і музычных прыхільнасьцяў. «Менск» выдатна ўпісваецца ў лягічны шэраг: «Бывай» — «Паветраны шар» — «Маё пакаленьне».

Гэтым дыскам N.R.M. нібы падсумоўвае 13‑гадовую кар’еру. «Ніколі» адсылае нас да «Дому культуры», «Сталінград» да «Трох чарапахаў», «Свабоды глыток» да «Пашпарту», а «Гімн рок‑н‑рольшчыка» (10) наагул да «мроеўскіх» часоў. Песьня пра бел‑чырвона‑белую лодку сымбалізуе апошні па часе этап разьвіцьця, калі няпроста вызначыць — N.R.M. гэта, ZET ці то «Крамбамбуля».

У кожнай другой песьні сустракаем музычнае самацытаваньне, што ня можа ня сьведчыць пра крызыс у гурце. Некаторыя песьні падаюцца надта ўжо высмактанымі з пальца. У адрозьненьне ад пералічаных ранейшых альбомаў, гэты не адбудаваны канцэптуальна: «06» проста выглядае на складанку песень апошніх год розных па настрою, тэматыцы. У адной песьні Вольскі раве: «Пайшоў на фіг, сука», — у другой хор дзетак выводзіць: «Мама, тата, я люблю неба, сонца і зямлю». Зь сюрпрызаў альбому — нарэшце далі засьпяваць аўтару шматлікіх «энэрэмаўскіх» гітоў — бубначу Алезісу Дземідовічу, які выдаючы на зацятага панка хрыплаватым голасам зацягвае: «Уеду я ў Кітай, у паднябёсны рай».

Жыцьцесьцьвярджальных песень на дыску нямала, але за дзяжурнымі фразамі пра тое, што «усё роўна мы пераможам», крыецца нейкая туга. Падаецца, што настрой альбому вызначае якраз не «Гадзючнік», а «Толькі для цябе», у якой N.R.M. нібы разьвітваецца са слухачамі.

Сяргей Будкін

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0