Вольга Ўлевіч, уласная карэспандэнтка газэты "Комсомольская правда в Белоруссии": Мая бабуля з Заходняй Беларусі. Да 1939 г. бутэльку гарэлкі там набывалі раз на паўгоду. І п'янства нацыянальнай рысай дакладна не было. Потым утварылі калгас, увялі разьліковую адзінку працадзень, а пазьней - і пляшку. З усходу ішла мода напівацца. Паступова адносіны да гарэлкі зьмяніліся. Беларусы пачалі піць.

Віктар Сукачоў, старшыня прафкаму заводу "Крышталь": Я толькі апошнія дзесяць гадоў у Беларусі жыву. Прыехаў з Заходняй Украіны. У Львове, напрыклад, так ня п'юць, як тут. Розьніца вельмі вялікая. Гэта адразу заўважна. Столькі п'яных ужо з раніцы, як у Менску, я ніколі ў жыцьці раней ня бачыў. Мабыць, усё ж такі гэта ня рыса характару, а сацыяльныя ўмовы складаныя вымушаюць. Але з другога боку: за нешта ж п'юць і грошы недзе знаходзяць...

Піт Паўлаў, рок-сьпявак: Гэтая звычка прыйшла да нас з Расеі. Апошнім часам п'юць, зразумела, шмат. Але гэта зьвязана з узьнікненьнем ужо новай традыцыі: заліваць гора гарэлкай. Ад безнадзейнасьці ды роспачы. Ды потым, у нас самая танная гарэлка ў сьвеце. Ідзе барацьба з наркотыкамі, а самы страшны зь іх у нашай краіне амаль бясплатны.

Павал Севярынец, старшыня "Маладога фронту": Ні ў якім разе. У любой нацыі ёсьць інстынкт самазахаваньня. У тым ліку і ў беларусаў. П'янства яго разбурае. Прага да алькаголю зьяўляецца толькі ў тых, хто трапіў пад акупацыю, дыктатуру ці іншыя цяжкія выпрабаваньні. Але гэта менавіта прага, а не любоў. Мае знаёмыя, якія ўжываюць алькаголь, п'юць яго зусім не зь любові, а хутчэй зь нянавісьці.

Андрэй Бастунец, юрыст БАЖ: Не, не з'яўляецца. Гэта толькі рэакцыя на сёньняшнюю сытуацыю ў краіне. На адсутнасьць пэрспэктывы ды на цяжкія ўмовы жыцьця. П'янства ніяк не зьвязанае ні з нашымі традыцыямі, ні з нацыянальным характарам. Зьменіцца жыцьцё ў лепшы бок - зьнікне і любоў да гарэлкі.

Юры Хашчавацкі, кінарэжысэр: Мне здаецца, гэта нацыянальная рыса ня толькі беларусаў, але і расейцаў, і габрэяў, і палякаў, якія жывуць у Беларусі. У Амэрыцы, а бываю я там падоўгу, мне чамусьці абсалютна ня хочацца выпіць. А ў нас нешта ў паветры ёсьць такое: ці то надвор'е, ці то аўра нейкая... Так што не ў народзе, а ў тэрыторыі, мабыць, справа. Праўда, аўра гэтая і ў іншых краінах, якія раней у Расейскую імпэрыю ўваходзілі, абавязкова прысутнічае.

Уладзіслаў Вяроўкін-Шалюта, судзьдзя выводны "Згуртаваньня беларускай шляхты": Хутчэй не, бо п'юць ужо ня так шмат, як нам усім здаецца. Ня думаю, што нам нехта навязаў п'янства, але і спрадвеку традыцыі напівацца ў Беларусі не было. Дый п'юць усюды: і ў нас, і ў суседзяў.

Віктар Несьцяронак, начальнік менскага медвыцьвярэзніку: Нічога ў характары беларусаў такога няма. Ды ні ў якага народу няма. Ведаеце галоўны аргумэнт тых, хто да нас трапляе? "А што мне рабіць, атрымаўшы мае капейкі? Толькі пайсьці ды напіцца за іх". Так што эканоміка вінаватая.

Усевалад Рагойша, дацэнт БДУ: А няма ў нас ніякай любові да п'янства! П'юць насамрэч шмат, але стаўленьне грамадзтва да гэтага вельмі неталерантнае. Гэта хутчэй паказьнік індывідуалізму беларусаў. Маўляў, асабістая справа кожнага - піць ці не. Але калі чалавек сьпіваецца, дык грамадзтва ад яго адварочваецца і стасункі зь ім адразу псуюцца.

Апытвала Вольга Анцыповіч

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0