***

Апэрацыю дзеля вызваленьня закладнікаў ў тэатры на Дуброўцы, што ў Маскве, кіраўнік фракцыі Саюзу правых сілаў у Дзяржаўнай Думе Расеі Барыс Нямцоў назваў “фантастычнаю”: усяго 67 ахвяраў.

Такую лічбу паведамілі расейскія афіцыйныя крыніцы раніцай у суботу 26 кастрычніка. І дэпутат — паверыў?

Прайшла інфармацыя пра газ. Нейкі доктар хіміі заспакойваў: ёсьць паліцэйскія газы і баявыя. Баявыя забароненыя канвэнцыяй, якую падпісала й Расея; значыць, выкарыстоўваўся паліцэйскі газ, нешта накшталт снатворнага, якi ўжываюць у хірургіі. Досьвед ізноў падказваў: ня вер. І вось увечары ў нядзелю чую, што загінула 117 чалавек, зь іх 115 — ад газу. Сапраўды, “фантастычная апэрацыя”.

Захоп закладнікаў на Дуброўцы — жэст адчаю спакутаваных ад дзяржаўнага тэрору дзяцей чачэнскага народу. У акцыі ўдзельнічалі пераважна маладыя — якім трохі болей за дваццаць гадоў — людзі. Людзі, якія вырасьлі ва ўмовах вайны. Калі глядзець у корань, дык і баевікі Бараева, і гледачы ў тэатры на Дуброўцы былі закладнікамі вялікадзяржаўнае палітыкі маскоўскага ўраду. Ён, гэты ўрад, атруціў 115 (а мо і болей) мірных грамадзянаў сваёй ды іншых краінаў, у тым ліку Беларусі. Дзеля якое высокае мэты? Бойняю назвала гэтую акцыю гішпанская “El Pais”, разьнёю — брытанская “The Independent”.

Тым часам асаромленыя перад сьветам Пуцін і ягоны ўрад спрабавалі дыктаваць сваю волю іншым краінам. Ураду Даніі быў прад’яўлены ўльтыматум: калі на гэтым тыдні ў Капэнгагене адбудзецца сусьветны зьезд чачэнцаў, Расея ня будзе ўдзельнічаць у саміце Эўразьвяз—Расея, прызначаным на першую палову лістапада; апрача таго, не адбудзецца сустрэча кіраўнікоў Даніі й Расеі. Данія адказала: дзяржава ня можа душыць грамадзкую ініцыятыву, асабліва калі гэта тычыцца правоў чалавека. Зьезд адчыніўся ў панядзелак, 28-га, а саміт перанесены ў Брусэль.

А Беларусь, не беручы ўдзелу ў вайне, ізноў страціла сваю грамадзянку.

Беларуская дэмакратычная інтэлігенцыя магла б, калі б яна хацела, зьвярнуцца да дэмакратычнае Эўропы з заклікам пачаць рух дзеля спыненьня чалавеказабойства, этнацыду ў Чачэніі. Бо ідзе этнацыд. Ад часу Мікалая І і Ярмолава, які “геройстваваў” на Каўказе, у палітычнай маралі гэтае краіны нічога не зьмянілася. Што гаворка йдзе пра генацыд, разумеюць ужо й на Захадзе. Паказальна, што адным з ініцыятараў чачэнскага зьезду ў Капэнгагене стаўся дацкі цэнтар вывучэньня праблемаў галакосту й генацыду. Калі рух за мір не пачнецца па ўсёй Эўропе, калі Масковію не прымусіць сесьці за стол перамоваў, трагічныя падзеі накшталт маскоўскіх паўторацца не адзін раз.

Анатоль Сідарэвіч  

 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0