***

“Беларусь”, фотаальбом, Дзяніс Раманюк, 2002

Гэтую кнігу, што прадаецца на мяжы ў Duty Free за 13 эўра, выдаў з асабістае ініцыятывы фотамастак Дзяніс Раманюк. Каб зрабіць альбом, не спатрэбілася ані вялікага выдавецтва, ані вялікіх інвэстыцыяў. [ramaniuk-belarus.JPG ] Гэта сёньня ня дзівіць, зважаючы на найноўшыя кампутарныя тэхналёгіі. Дзівіць іншае: чаму такіх выданьняў бракуе на беларускім рынку, дзе дзеюць дзясяткі дзяржаўных і прыватных выдавецтваў? Дзе набыць прыгожы альбомчык-прэзэнт?

“Беларусь” Дзяніса Раманюка вылучаецца выдатнай якасьцю паліграфіі. Рэч, якую ня сорамна падарыць. Кніга, якую прыемна гартаць, хоць на першы погляд — поўны банальнасьцяў даведачны тэкст, шматкроць бачаныя здымкі... Але ў тым і парадокс, што няма чаго паставіць побач з гэтай новай кнігаю.

Сярод суаўтараў — 11 фотамайстроў. Сярод іх — Анатоль Кляшчук, Георгі Ліхтаровіч, Віталь Бараноўскі, Міхась Раманюк, бацька ўкладальніка, выбітны беларускі этнограф, які заўчасна пакінуў наш сьвет. Дзясяткі каляровых фататвораў, зробленых у розны час (некаторым здымкам больш за паўтары дзясяткі гадоў, іншыя зусім “сьвежыя”), сабраныя ў пяць тэматычных разьдзелаў: “Гісторыя”, “Народнае мастацтва”, “Архітэктура”, “Прырода” ды “Менск”. Укладальнік ня ставіў задачы цалкам ды ўсебакова паказаць краіну. Але, не зважаючы на сьціплы фармат выданьня, перад намі паўстае зьмястоўная карціна ці не ўсяго самага адметнага, што ёсьць у Беларушчыне: абразы й народныя строі, замкі й бажніцы, разлогі палёў і люстры азёраў.

Руплівы й дакладны адбор лепшых здымкаў лепшых аўтараў краіны дэманструе нам яе з самага прывабнага, эрзацнага боку. З таго боку, зь якога кожны хацеў бы бачыць свой край.

Пераглядаючы сотні кніг у беларускіх кнігарнях, я не знайшоў нічога лепшага за гэты альбом для падарунка госьцю. Сувэнір “Беларусь”.

С.Х.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0