***
Купалаўскі: прэм’ера п’есы-дакумэнту “Ў жніўні 36-га”
1936 год. Менск. Рэпрэсіі супраць пісьменьнікаў у самай сіле. НКВД разгортвае “справу Клімковіча” — тагачаснага старшыні СП і будучага аўтара гімну БССР. На допыты цягаюць Купалу, Коласа, Глебку.
Трупа рыхтуе прэм’еру п’есы-дакумэнту “Ў жніўні 36-га”. На жаль, гледачы пабачаць не пастановачную дзею (спэктакль), а толькі інсцэнаваньне — чытаньне па ролях, “у асобах”.
Аўтарам п’есы на афішах ды ў праграмках пазначаны вядомы гісторык Віталь Скалабан. Але сам ён ад гэтага сьціпла адмаўляецца: “Я ня здольны так прыдумаць: проста ўзяў стэнаграму допыту, якая захавалася ў архівах, і падаў яе”. Тыя дакумэнты В.Скалабан выявіў ў Нацыянальным архіве, рыхтуючы чарговы том Збору твораў Я.Купалы. “Да мяне ніхто з дасьледчыкаў тую стэнаграму не глядзеў”, — сьцьвярджае гісторык. У п’есе будзе выкарыстаны, натуральна, ня ўвесь дакумэнт, а толькі ягоныя фрагмэнты. Цалкам ён друкаваўся ў “Звяздзе” на пачатку чэрвеня. Для агучваньня на сцэне матэрыялы НКВДсцкага сьледзтва пераклалі па-беларуску. “Ну немагчыма, каб Купала гаварыў па-расейску — неяк гэта ненатуральна”, — кажа загадчыца літаратурнай часткі тэатру Марына Бартніцкая.
Таксама ў часе інсцэнаваньня будуць выкарыстаныя часткі “Ліста беларускага народу...”. Вершы прагучаць разам з музыкай Васіля Залатарова — адмыслова для іх напісанай у 1930-х араторыяй. Ноты і апісаньне араторыі (5 хораў, 4 аркестры) В.Скалабан выявіў у Музэі-архіве літаратуры і мастацтва.
Праўкі ў тэкст п’есы ўносяцца амаль кожны дзень — ходзяць чуткі, што “пад нож” пойдзе нават сюжэт з Клімковічам. Так што пакуль цяжка дакладна акрэсьліць, што ж пабачаць гледачы. “Думаю, што будзе цікава, бо нам самім вельмі падабаецца тое, што мы робім”, — кажа М.Бартніцкая.
Мастацкі кіраўнік тэатру Валеры Раеўскі лічыць, што гэтае інсцэнаваньне можа надоўга трапіць на афішу Купалаўскага: “Калі будзе зацікаўленасьць, калі Народны Фронт масава прывядзе сваіх прыхільнікаў... Магчыма, тады ператворым інсцэнаваньне ў пастаноўку”.
Адам Воршыч