***

Царква ў вагоне...Пра гімназію забыліся...Рабеце стаўкі, барысаўцы!...Калегіюм адновяць...Ангельцы набылі дом...Аштрафавалі немца...Аварыя на рагу... Гарадзенскі адказ Пуціну...Бізнэс віцебскіх астролягаў...Прэзэнтацыя макетаў...Ламан у музэі Шмырова...Мыльныя мянялы...Зачыніўся “Вольны горад”...Ставяць царкву...Багатыя бялыніччане...Лекар з гузікамі...Паганская эўраінтэграцыя

Царква ў вагоне

У вайсковых гарадках Барысава адчыняюцца праваслаўныя цэрквы. Так, у Лядзішчах зьявіўся храм Сьв.Георгія. У царкву ператварылі... чыгуначны вагон: зрабілі ганак, на даху прымацавалі крыж, а вокны закратавалі. Служыць там айцец Андрэй Шабалоўскі. Паводле ягоных словаў, пераабсталяваньне вагону ў царкву — звычайная практыка. У іншым вайсковым гарадку Барысава — Пячах — будаўніцтва праваслаўнай царквы Сьв.Дзьмітрыя Данскога яшчэ ня скончанае. Яна, у адрозненьне ад лядзішчынскай, будзе мець традыцыйны выгляд — з купаламі ды званіцаю.

Пра гімназію забыліся

У Барысаве на 150 тыс. жыхароў толькі адна навучальная ўстанова, дзе выкладаньне вядзецца цалкам па-беларуску — 2-я гімназія. Працуе яна ўжо 11 гадоў. Вучыцца там 820 чалавек. Гімназія зазнае цяжкасьці ад недахопу беларускамоўных падручнікаў ды праблемаў з рамонтам старога будынку. Расейскамоўную 1-ю гімназію цалкам адрамантавалі да 900-годзьдзя Барысава, а пра 2-ю неяк забыліся.

Рабеце стаўкі, барысаўцы!

У хуткім часе ў Барысаве зьявіцца першае казыно. Яго плянуецца разьмясьціць на першым паверсе рэстарацыі "Бярэзіна".

Алег Скатарэнка, Барысаў

Калегіюм адновяць

Рэстаўрацыя былога езуіцкага калегіюму пачнецца ў хуткім часе ў Воршы. Адноўлены помнік архітэктуры ХVII ст. стане дамінантай у гістарычна-культурным цэнтры гораду. У 1842 г. езуіцкія муры былі прыстасаваныя пад турму, якая праіснавала ў іх да 1989 г. У двухпавярховым будынку разьмесьцяцца музэі прыроды і мастацтва, выстаўныя залі, майстэрні мясцовых мастакоў, кавярні. Упрыгожаньнем места мусіць стаць адноўленая вежа з гадзіньнікам.

Ангельцы набылі дом

Новае жыльлё атрымаў сямейны дзіцячы дом Гаўрылаўцоў у Воршы. Сродкі на набыцьцё шыкоўнага двухпавярховага катэджу ды прысядзібнага ўчастку выдаткавала ангельская дабрачынная арганізацыя “Надзея і дамы — дзецям”. Сямейны дзіцячы дом Надзеі і Васіля Гаўрылаўцоў зьявіўся 7 гадоў таму і налічвае дзесяць дзяцей ад 5 да 18 гадоў. Пакуль ён адзіны ў Воршы. Брытанская арганізацыя за 2,5 гады працы ў Беларусі набыла жыльлё для 15 сямейных дамоў, у якіх выхоўваецца 130 дзяцей.

Аштрафавалі немца

Прадстаўнік нямецкай фірмы “Штоц-Агра-Сэрвіс”, што арандуе зямлю ў калгасе імя Чапаева (Аршаншчына), аштрафаваны інспэкцыяй па экалёгіі за самавольнае спаленьне саломы, забароненае нашым прыродаахоўным заканадаўствам. Аднак штрафу 277 тыс. рублёў Кляўс Плётц пакуль не заплаціў. Цяпер ён вырашае пытаньне ад падаўжэньні візы на знаходжаньне ў Беларусі.

Аварыя на рагу

На рагу аршанскіх вуліц Савецкай і Замкавай сутыкнуліся “жыгулі” й “КамАЗ”. Дзякуй Богу, кіроўцы ды пасажыры не пацярпелі. Грузавік выехаў на тратуар ды ўрэзаўся ў кавярню “Замкавую”. Асноўны ўдар прыняў на сябе стылізаваны кантрафорс.

Віктар Лютынскі, Ворша

Гарадзенскі адказ Пуціну

Гарадзенская арганізацыя БНФ зьбіраецца ладзіць пікеты пад лёзунгам “За незалежнасьць” супраць прапановы расейскага прэзыдэнта Пуціна аб уключэньні Беларусі ў склад Расеі. Адбудуцца яны 16 лістапада з 11 да 13-й на прыпынку каля гандлёвага дому “Берасьце” і каля Дому сувязі. Мерапрыемства пройдзе ў рамках агульнабеларускай акцыі 17 лістапада.

Андрэй Мялешка, Горадня

Бізнэс віцебскіх астролягаў

Віцебскі цэнтар маркетынгу прапануе новую паслугу: астралёгію бізнэсу. Там можна замовіць структурны аналіз фірмы, прагноз у сфэры дзейнасьці і адпаведную ацэнку пэрсаналу. Асноўнае значэньне надаецца гараскопу часу рэгістрацыі фірмы, таму віцебскім бізнэсмэнам рэкамэндавана зьвяртацца да астролягаў яшчэ да пачатку асноўнай дзейнасьці.

Прэзэнтацыя макетаў

6 лістапада ў Віцебску адбылася прэзэнтацыя архітэктурнага макету зьнішчанай у 1985 г. забудовы часткі праспэкту Фрунзэ ў раёне Летняга амфітэатру. Стварылі макет архітэктары Алесь Вашкевіч і Аляксандар Міхалюкоў пры ўдзеле Ігара Цішкіна, які забясьпечваў гісторыка-археалягічную частку досьледаў. Тры будынкі, узноўленыя ў маштабе 1:50, былі архітэктурнымі помнікамі XVII—XVIII ст. Зьнесьці іх загадаў тагачасны галоўны архітэктар Ул.Андаралаў — дзеля спрашчэньня руху тралейбусаў. Прэзэнтацыя пляншэту з макетамі адбылася ў кавярні “Альгерд”, блізка месца, дзе некалі стаялі архітэктурныя помнікі.

Ламан у музэі Шмырова

8 лістапада ў музэі Шмырова адбылася сустрэча з акторам Коласаўскага тэатру Пятром Ламанам. Яе арганізавала супрацоўніца музэю Тацяна Маранава, якая нядаўна пераехала ў Віцебск зь Езярышча. Зь ейным зьяўленьнем у музэі вядомага партызана ўпершыню загучала беларуская мова. Падчас сустрэчы бард Леанід Маранаў прасьпяваў свае песьні на вершы Пятра Ламана.

Міхал Чарвінскі, Віцебск

Мыльныя мянялы

Не пашанцавала кіроўцу Смургонскага заводу аптычнага станкабудаваньня. У лазьні, яму тэрмінова спатрэбіліся беларускія рублі. У кішэні былі толькі сто даляраў. Памяняць грошы вызваліся два выпадковыя знаёмцы. Няцяжка здагадацца, што мяняюць яны іх дасёньня.

Мар’ян Вянгроўскі, Астравец

Зачыніўся “Вольны горад”

Нумар ад 1 лістапада завяршыў сабой выданьне крычаўскага незарэгістраванага тыднёвіка “Вольны горад”. Прычынай закрыцьця сталіся фінансавыя праблемы. За ўвесь час існаваньня, з 1998 г., сьвет пабачылі 109 нумароў “Вольнага гораду”, якія друкаваліся ў смаленскай друкарні й распаўсюджваліся сярод жыхароў Крычаўшчыны.

Андрэй Кузьмін, Крычаў

Ставяць царкву

Праваслаўную царкву на 10 купалоў узводзяць у Бялынічах на месцы, дзе некалі стаяў кармэліцкі касцёл. Будынак касьцёлу быў зруйнаваны ў 1967 г. пры дапамозе піратэхнікаў зь Ленінграду. На пачатку году будаўніцтва царквы было абвешчана на Бялыніччыне ўсенароднай справай. На ахвяраваньні бялынічанаў ужо пастаўлены зруб бажніцы. Цяпер спэцыялісты зь Менску вырабляюць купалы. На гэта трэба 10 кубоў драўніны і тона медзі. Каштуюць дах і купалы больш за 35 млн. рублёў.

Багатыя бялыніччане

Паводле інфармацыі адміністрацыі бялыніцкай філіі №701 ААТ “Беларусбанк”, з пачатку году дэпазыты ўкладчыкаў філіі ў нацыянальнай валюце вырасьлі на 82%, а ў замежнай — на 26%. Яны вымяраюцца сумамі ў 468,6 млн. рублёў і 242,3 тыс. умоўных адзінак. У пераліку на кожнага жыхара раёну гэта складае па 19525 руб. і 10,1 у.а.

Базыль Ліцьвіновіч, Бялынічы

Лекар з гузікамі

У Чавусах тры дні гастраляваў так званы народны лекар Уладзімер. Лячыў ён шляхам унушэньня і сапраўды бясплатна, затое “замоўленыя” гузікі, булаўкі і сьвечкі прадаваў па 6000 рублёў за кожную.

“Іскра”, Чавусы

Паганская эўраінтэграцыя

Асяродак беларускіх паганцаў Ģega Ruch — Kryuskaja Draugija Druvingau быў залучаны ў склад панэўрапейскага рушаньня Heathen Front у якасьці Крыўскай філіі. Адным зь лідэраў і ідэолягаў Фронту зьяўляецца слынны нарвэскі дзяяч і музыка Варг Вікернэс, які цяпер адбывае тэрмін у вязьніцы за забойства сатаніста. Расейскія нэапаганцы мелі намер стварыць усеславянскае задзіночаньне, куды, паводле іх меркаваньня, мусілі ўвайсьці й беларускія прыхільнікі старавечных культаў. Адылі, зважаючы на належнасьць нашага краю да Прыбалтыйскага гісторыка-культурнага рэгіёну і балцкую дахрысьціянскую традыцыю, крыўскія друвінгі адмовіліся ад супрацы пад славянскаю эгідаю.

Аляксей Дзярманіс, Менск

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0