***

Фота А.Клешчука
Фота А.Клешчука
Навіцкі і Касьянаў зрабілі выгляд, што газавы крызыс вырашаны. Аднак на наступны дзень пасьля маскоўскіх перамоваў у Маскве, у аўторак, “Газпрам” зусім перакрыў вэнтыль блакітнага паліва. Да канца году Беларусі няма чаго спадзявацца на новы газ па льготных тарыфах. Застаецца “Ітэра”, але яна ў такой сытуацыі патрабуе за газ 40 даляраў за тысячу кубоў. У “Газпраму” было 24. І незразумела, ці знойдзе ўрэшце “Ітэра” столькі газу на продаж.

Газу ў беларускіх падземных сховішчах хопіць на некалькі тыдняў. Ва ўрадавых колах ходзяць чуткі, што Пуцін паставіў задачу “да канца году з Лукашэнкам разабрацца”. Гучыць абсурдна, аднак што ў Расеі не абсурдна?

Расея хоча ад Беларусі эканамічнай адкрытасьці і больш жывых грошай. Гэта калі агульна. А калі канкрэтна, дык на гэты момант задаволілася б “Белтрансгазам”.

Навіцкі падчас маскоўскага візыту паабяцаў, што Закон пра акцыянаваньне магістральных трубаправодаў “будзе перададзены ў парлямэнт проста сёньня ж”. Вельмі па-беларуску: грузін паабяцаў бы “проста праз тры тыдні”. А эстонец зусім бы адмовіўся размаўляць, калі гаворка вядзецца на мове ўльтыматумаў.

Улады баяцца застацца бяз газу напярэдадні мясцовых выбараў. Гэта азначала б для іх гарантаваную паразу ў вялікіх гарадах.

Беларусь, між тым, можа пражыць без расейскіх датацый на газ. Аднак цана эканамічнай незалежнасьці — 300—500 млн. даляраў у год. Тэму працягвае аналіз эканаміста Ўладзя Калупаева.

 Графік
Графік
Скарачэньне напалову паставак газу ў Беларусь выклікала хвалю эмоцый. І Беларусь, і Расея лічаць сябе пацярпелымі. Дзьве краіны давалі адна адной розныя эканамічныя прэфэрэнцыі і сёньня ня могуць прыйсьці да адзінай думкі: хто ад гэтага нясе болей стратаў. Прыйшоў час лічыць. Саюз з Расеяй — гэта выгода ці перашкода для Беларусі? Цана эканамічнай незалежнасьці — 300—500 млн. даляраў у год. Патэнцыял эканамічных інтарэсаў Беларусі ў Эўропе бясконца пераўзыходзіць часовыя выгоды ад інтэграцыі з Расеяй. Артыкул Уладзя Калупаева.

Напомнім, што новы этап у эканамічным супрацоўніцтве Беларусі і Расеі ўзяў пачатак з дамовы, заключанай сёлета ў траўні, паводле якой Беларусь атрымала газ па цэнах пятага поясу Расеі ў абмен на згоду акцыянаваць “Белтрансгаз” і перадаць ягоныя акцыі Расеі.

Лічбы, што прыводзяцца ў друку, часта супярэчаць адна адной. Дзяржаўныя СМІ злоўжываюць цыфрамі агітацыйнага характару. Па ім цяжка разабрацца ў сытуацыі. Ніжэй прыведзеныя зьвесткі, якія даюць магчымасьць чытачу зрабіць уласныя разьлікі.

Транзытны тарыф у Беларусі складае каля $0,26 за 1 тыс. м3 газу на 100 км. Даўжыня беларускага газаправоду 560 км. Гадавы транзыт расейскага газу па тэрыторыі Беларусі ў 2001 г. роўны каля 28 млрд. м3. З 1994 г. Беларусь набывала газ у “Газпрому” па $30—50 за 1 тыс. м3. З траўня газ для Беларусі пачалі адпускаць па цэнах пятага поясу — як для Смаленску. Цяпер гэта $24,2 за 1 тыс. м3. Калі Беларусі зусім адмовіцца ад паставак газу з Расеі, то самы танны альтэрнатыўны варыянт ягонай пастаўкі магчымы з Туркменіі па цане прыблізна $80 за 1 тыс. м3. Меркаванае спажываньне газу Беларусяй у 2002 г. — 16,8 млрд. м3. Зь іх частку газу Беларусь купляе ў “Ітэры” па вышэйшых цэнах (у 2002 г. 6,6 млрд. кубамэтраў па $36). У краінах Балтыі транзытны тарыф роўны $0,50, у заходнеэўрапейскіх краінах — $1,75. Карыстаючыся сваім манапольным становішчам на паўднёвым эўрапейскім кірунку, Украіна ўсталявала транзытны тарыф, роўны $1,93 за 1 тыс. м3 на 100 км. Для Малдовы, Літвы і Ўкраіны цана расейскага газу скадае $70—80. Сусьветныя цэны на газ роўныя $110 за 1 тыс. м3.

Хто каму вінен?

Атрымай Беларусь прыродны газ па цэнах украінскага ўзроўню, дык краіна затраціць звыш цяперашняй аплаты $880 млн., а падымі транзытны тарыф да ўкраінскага ўзроўню, то атрымае дадатковы прыбытак каля $260 млн. Такім чынам, калі параўнаць з Украінай, то Расея сёньня датуе Беларусь пры пастаўках газу на ўзроўні $620 млн. у год.

Неабходна таксама ўлічыць, што Расея, пастаўляючы для Беларусі газ па ўнутрырасейскіх цэнах, пагадзілася на ўмовы пастаўкі газу, па якіх Беларусь можа аплочваць толькі 30% у

 Графік
Графік
грашовай форме (а насамрэч выходзіць дзесьці 8%). За астатнія пастаўкі Беларусь разьлічваецца прадукцыяй па заліковых апэрацыях, устанаўліваючы на тавары, як правіла, больш высокія цэны, чым тыя, па якіх іх можна было б прадаць на рынку за грошы. Экспэрты ацэньваюць выгады Беларусі ад падобных бартэрных схемаў як $50—60 млн. за год.

Пры пераходзе на ўкраінскі ўзровень цэнаў Беларусь пры сёньняшніх транзытных магутнасьцях здольная пакрываць за кошт транзыту прыблізна пятую частку сваіх расходаў на закупку газу. Увод другой галіны газаправоду “Ямал—Эўропа” (плянуецца ў IV квартале 2002 г.) дасьць магчымасьць павялічыць аб'ём пампаванага газу з 28 да 36 млрд. м3. Аднак, паводле ранейшых дамоўленасьцяў, экплюатацыю гэтай галіны плянуецца ажыцьцяўляць супольна з “Газпромам”. У сувязі з гэтым рана даваць ацэнку магчымым выгадам.

Пры гэтым адзіная дадатковая крыніца, на якую можна разьлічваць Беларусі, — гэта спагнаньне з расейцаў платы за абслугоўваньне вайсковых базаў каля Ганцавічаў і Вялейкі. Паводле словаў А.Лукашэнкі, гэтыя аб’екты па важнасьці не саступаюць “Байкануру”, за арэнду якога Расея плаціць Казахстану $200 млн. у год. Іншых дадатковых крыніц няма. Напрыклад, ня варта браць пад увагу разавыя прэфэрэнцыі абодвух бакоў (падатковыя льготы пры будаўніцтве газапроваду ў $167 млн., прадастаўленыя Беларусяй, практычна перакрываюцца запазычанасьцю Беларусі за мінулыя пастаўкі газу, што складае прыкладна $250 млн.), а таксама ахову дзяржаўнай і ўладкаваньне мытнай мяжы, паколькі гэта абавязковыя выдаткі, зьвязаныя з абаронай такой каштоўнасьці, як наяўнасьць у народу ўласнай дзяржавы. Страты ж ад зьбіраньня ўскосных падаткаў у расейскі бюджэт супастаўляльныя з выгадаю, якую Беларусь атрымлівае ад завышэньня кошту тавараў пры заліковых бартэрных апэрацыях.

Апроч прыроднага газу, Расея пастаўляе ў нашу краіну 100% нафты і 93% вугалю (удзельная вага імпартаваных газу, нафты і вугалю ў спажываньні першасных энэргарэсурсаў складае адпаведна 52, 24 и 1,3%). Аплата імпарту іншых энэрганосьбітаў ажыцьцяўляецца на рынкавых умовах. У 2001 г. на пакупку нафты неабходна было выдаткаваць $920 млн., а за транзыт расейскай нафты Беларусь магла атрымаць $130 млн.

Такім чынам, калі ўлічваць патэнцыйныя страты і выгады, то, у залежнасьці ад аптымістычнасьці сцэнароў, $300—500 млн. у год — гэта сума, якая забясьпечыла б эканамічную незалежнасьць Беларусі ад Расеі ў пастаўках газу і энэргарэсурсаў наагул. Аднак, адкуль у беларускай эканоміцы зь яе адсталай закансэрваванай структурай, нізкай эфэктыўнасьцю, можна адшукаць такія грошы? Вядома ж, што ў грашовай форме Беларусь плаціць цяпер ня больш за $100 млн. у год.

Ёсьць і іншы момант. Пры пераходзе на рынкавыя разьлікі будзе разбурана цяперашняя схема пагашэньня пазыкі за ранейшыя пастаўкі газу. На ўнутраным рынку, з дазволу ўраду, “Белтрансгаз” фактычна перапрадае газ спажыўцам па цэнах у 2 разы большых у параўнаньні з цэнамі на мяжы. Напрыклад, у ліпені 2002 г. цана расейскага газу на мяжы зь Беларусяй складала $24, а прамысловыя прадпрыемствы і энэргасыстэма атрымалі яго па $47,93 за 1 тыс. м3. Розьніца грошай праходзіла празь дзяржаўны бюджэт і выдатковоўвалася на пакупку нафты й мазуты, пагашэньне запазычанасьці бюджэтных арганізацый за энэрганосьбіты.

А што суседзі?

Прыкладам таго, што чакае Беларусь у выпадку пераходу на рынкавыя адносіны ў сфэры разьлікаў за пастаўкі газу, можа служыць украінская эканоміка, якая мае прыблізна такі самы ўзровень эфэктыўнасьці.

Аплочваючы каля 40% паставак расейскага газу грашыма па рынкавай цане $80 за тысячу кубамэтраў, Украіна на сёньня мае запазычанасьць $1,4 млрд. Па ацэнцы экспэртаў, стан украінскіх прадпрыемстваў дазваляе ім аплачваць толькі блізу $25 за 1 тыс. м3. У зьвязку з гэтым Расея дабіваецца ад Украіны перадачы ёй шэрагу аб'ектаў, акцыі якіх маглі б быць выкарыстаныя для пагашэньня запазычанасьці.

Украіна мае на парадак больш высокую транзытную прапускную здольнасьць, чым Беларусь (127,8 проці 28 млрд. м3). Транзыт газу праз Украіну складае 35% ад агульнага спажываньня газу Эўрапейскім Зьвязам і амаль 100% ад ягоных патрэбаў у імпарце расейскага газу. Украіна за кошт транзыту пакрывае імпарт з Расеі 30 млрд. м3 газу ў год, што эквівалентна $2,4 млрд. (Прамыя замежныя інвэстыцыі ва ўкраінскую эканоміку за ўсе гады незалежнасьці склалі ня болей за $4 млрд. пры гадавым бюджэце $6 млрд. і ВУП у $30 млрд. Для параўнаньня Беларусь: 1,2 млрд. даляраў інвэстыцый, бюджэт 5 млрд. і ВУП 11 млрд.). Акрамя таго, Украіна штогод дабывае 18 млрд. м3. уласнага газу пры спажываньні парадку 73 млрд. м3.

У разьліку на аднаго ўкраінца на аплату газу жывымі грашыма прыходзіцца $48 у год. Паколькі ў Беларусі адсутнічае здабыча газу, то пры пераходзе на рынкавыя адносіны давялося б оплочваць 80% ад кошту, што склала б $110 на аднаго беларуса.

Праядаем грошы ўнукаў

Пераразьмеркаваньне рэсурсаў у нацыянальнай эканоміцы спараджаецца ўмяшальніцтвам дзяржавы ў дзейнасьць суб'ектаў гаспадараньня, якое мае на ўвазе адбіраньне прыбытку ў адных і перадачу яго ў выглядзе субсыдый іншым. Нягледзячы на зьніжэньне эфэктыўнасьці, у нацыянальнай эканоміцы такая палітыка дапушчальная ў крайніх выпадках, як лекі ў невялікіх дозах. Калі ж прадпрыемствы адносяцца да розных краін, абмен прэфэрэнцыямі павінен быць раўназначным, іначай губляецца ўвесь сэнс палітыкі пераразмеркаваньня. Калі толькі яны не зьбіраюцца стаць прадпрыемствамі адной краіны.

Адным з заплянаваных мерапрыемстваў Праграмы эканамічнага супрацоўніцтва паміж Беларусяй і Расеяй на 2000—2005 г. зьяўляецца падрыхтоўка да аб’яднаньня газатранспартных сыстэм дзьвюх дзяржаў з уваходжаньнем беларускай у склад “Газпрому”. Эксплюатацыю другой галіны газаправоду “Ямал—Эўропа”, будаўніцтва якой ужо сканчаецца, меркавалася ажыцьцяўляць супольна. Можна меркаваць, што па патрабаваньнях расейскага боку акцыянаваньне “Белтрансгазу” мусіла скончыцца менавіта да гэтага часу. Іначай кажучы, Расея ў абліччы “Газпрому” не задарма субсыдуе Беларусь, а наўзамен разьлічвае атрымаць кантроль над транзытам свайго газу празь Беларусь, што дазволіць у пэрспэктьыве зрабіць яго бясплатным і зь ліхвой кампэнсаваць цяперашнія страты. Паводле прыблізных разьлікаў, 3 гады бясплатнага транзыту роўныя аднаму году сёньняшніх субсыдый. Але ў пэрспэктыве аб’ём транзыту павінен павялічыцца: поўнае завяршэньне будаўніцтва “Ямала—Эўропы” дазволіць, па некаторых зьвестках, давесьці аб’ём пампоўкі газу да 60—70 млрд. м3.

Што датычыць Беларусі, то адбываецца своеасаблівае праяданьне стратэгічных рэсурсаў будучыні ў выглядзе страты кантролю над магістральным газаправодам і прыбытку ад транзыту газу. І гэта ўсё з-за імкненьня ўтрымаць на плыву састарэлыя беларускія вытворчасьці, не мадэрнізуючы іх. Гэта абумоўлена нізкай прадукцыйнасьцю тэхналёгій, якая ў некаторых галінах у 10—20 раз меншая, чым у разьвітых краінах, з прадукцыяй якіх даводзіцца канкураваць. У гэтых умовах павышэньне ў 3—5 разоў выдаткаў на энэргарэсурсы зробіць бальшыню беларускіх прадпрыемстваў неканкурэнтаздольнымі і змусіць іх закрыцца. У эканамічнай палітыцы, што праводзіцца, такім чынам, дамінуюць кароткатэрміновыя мэты і інтарэсы на шкоду доўгатэрміновым.

Ці можна абысьціся без прэфэрэнцый

На цяперашні момант Беларусь імпартуе больш за 85% паліўна-энэргетычных рэсурсаў ад узроўню спажываньня, пры гэтым удзельная вага Расеі ў імпарце энэргарэсурсаў складае амаль 100%. Поўная стаўка на Расею ў сфэры паставак энэргарэсурсаў зьяўляецца істотнай пагрозай нашай эканамічнай бясьпецы. Прычым небясьпека заключаецца ня столькі ў самім памеры 100% паставак з аднае краіны, колькі ў эканамічнай залежнасьці Беларусі ад Расеі, якая заключаецца ў немагчымасьці іх 100%-ай аплаты ў грашовай форме.

Прэфэрэнцыі Расеі — гэта своеасаблівы падмурак так званай беларускай эканамічнай мадэлі. Выбі яго, і ўстойлівая, на першы погляд, канструкцыя разваліцца.

Аслабленьне эканамічнай залежнасьці ад Расеі магло б адбывацца па меры структурнай перабудовы беларускай эканомікі. Неабходна было дачакаць моманту, калі прадпрыемствы з мадэрнізаванымі тэхналёгіямі склалі б крытычную долю (больш за 50%) у стварэньні ВУП, пасьля чаго Беларусь магла б выйсьці з СНД бязбольна, падаць заяўку на ўступленьне ў ЭЗ і перайсьці на рынкавыя адносіны з Расеяй у сфэры паставак энэргарэсурсаў. У гэтых умовах банкруцтва і санацыя неэфэктыўных вытворчасьцяў, якія ня здолелі прыцягнуць інвэстара, кампэнсаваліся б фінансавай падтрымкай з боку ЭЗ у рамках удзелу ў праграмах падрыхтоўкі да ўступленьня. Аднак непераадольнай перашкодай усяму гэтаму стала “паўстаньне мас” у 1994 г.

Ілюзія супрацьстаяньня глябалізацыі

На думку прыхільнікаў інтэграцыі, саюз з Расеяй павінен быў стаць бастыёнам супраць эканамічнай глябалізацыі і экспансіі заходніх транснацыянальных карпарацый на постсавецкую прастору. Самым “грандыёзным” эканамічным праектам саюзу было стварэньне звыш дзясятка транснацыянальных і міждзяржаўных фінансава-прамысловых груп (ТФПГ і МФПГ) з удзелам беларускіх і расейскіх прамысловых прадпрыемстваў і банкаў. У іх ліку канцэрн “БелРосАўта” па разьвіцьці дызэльнага аўтамабілебудаваньня, “Электэс” — група, якая аб'ядноўвала прадпрыемствы дзьвюх краін па вытворчасьці тэлевізараў і камплектавых для іх, ТФПГ “Славянская папера” па вытворчасьці кардону і цэлюлёзы, МФПГ “Міждзяржмэтвыраб” па вытворчасьці мэталакорду і бартавога дроту, “Абаронныя сыстэмы” — альянс прадпрыемстваў збраёвай сфэры, “Белагрінвэст”, які аб'ядноўваў вытворцаў мінэральных угнаеньняў.

Зацікаўленасьць беларускіх прадпрыемстваў у стварэньні ФПГ была выклікана надзеяй на атрыманьне субсыдый з саюзнага бюджэту і больш свабоднага выхаду на расейскі рынак, а таксама надзеяй на “манаполію на пакупніка”.

Як і прадказвалі многія эканамісты, спасылаючыся на аналягічныя прыклады ў Вугоршчыне, Польшчы, дзяржаўная падтрымка тэхналягічна адсталых і неэфэктыўных вытворчасьцяў ня здольная вырашыць праблему іх стратнасьці ў рынкавых умовах гаспадараньня. Гэта зьвязана зь несупастаўнасьцю неабходных для мадэрнізацыі сродкаў з наяўнымі ў нацыянальнай эканоміцы любой постсацыялістычнай краіны рэсурсамі.

Сьведчаньнем гэтаму служыць аб’ём фінансаваньня сумесных міждзяржаўных праграм з саюзнага бюджэту Расеі і Беларусі. В 2001 г. на выкананьне больш як пяцідзесяці саюзных праграм было выдаткавана каля $24 млн. (30% ад усяго бюджэту). У той час як для будаўніцтва аднаго толькі заводу па вытворчасьці кінэскопаў у рамках рэалізацыі праграмы “Саюзны тэлевізар” патрабуецца $500 млн.

Каб пазьбегнуць стратнасьці, прадпрыемствы, якія ўваходзяць у ФПГ, працягваюць выкарыстоўваць імпартныя камплектавыя. Гэтак, “Гарызонт” і “Віцязь” працягваюць выкарыстоўваць імпартовыя кінэскопы. А вось прадпрыемствы, якія ў рамках ФПГ зьвязаныя жорсткімі абавязкамі, маюць страты. Напрыклад, стварэньне канцэрну “БелРосАўта” прывязала аўтамабільныя заводы Беларусі да расейскіх вытворцаў рухавікоў, у выніку чаго быў практычна згублены рынак аўтаперавозак.

Крах бальшыні саюзных праграм канчаткова на практыцы паказаў ілюзорнасьць супрацьпастаўленьня саюзу Беларусі і Расеі як самадастатковай эканамічнай сыстэмы, няўхільнай глябалізацыі сусьветнай эканомікі.

Кансэрвацыя адсталасьці

Эканамічнае супрацоўніцтва ў рамках саюзнай дзяржавы Беларусі і Расеі антырынкавае па сваёй сутнасьці. Інтэграцыя прасоўваецца ў тых сфэрах, дзе рашэньні па-ранейшаму прымаюцца з цэнтру, а спосабам міжнародных эканамічных адносінаў зьяўляецца плян, а ня рынкавая цана. Яна ідзе толькі там, дзе беларускія ініцыятывы адпавядаюць інтарэсам расейскіх палітычных і эканамічных эліт, якія імкнуцца атрымаць бясплатны транзыт і доступ да вайсковай інфраструктуры, кантроль над прыбытковымі беларускімі прадпрыемствамі, фінансаваньне ў рамках асобных саюзных праграм, выгады ад бартэрных апэрацый.

Захаваньне астраўкоў “рынкавага сацыялізму” у розных суб'ектах Расейскай Фэдэрацыі. Напрыклад, 29% замежнагандлёвага абароту Беларусі з Расеяй накіроўваецца ўсяго ў адзін суб'ект Фэдэрацыі — Маскву, у многім дзякуючы закупачной палітыцы мэра Лужкова, якая аддае перавагу беларускім таварам замест заходніх, нягледзячы на тое, што апошнія каштуюць таней і маюць больш высокую якасьць.

І наадварот, інтэграцыя спынялася ў тых сфэрах, дзе эканамічны лад дзьвюх краін ужо істотна адрозьніваўся. Напрыклад, шматлікія звароты кіраўніцтва Беларусі да Расеі з просьбай аб зьніжэньні цэнаў на нафту ня мелі ніякага водгуку, паколькі не фэдэральнае кіраўніцтва ўплывае на прыватныя нафтавыя кампаніі, а хутчэй яны на яго.

Пры гэтым, спрыяючы існаваньню неканкурэнтаздольных і стратных прадпрыемстваў, саюз Беларусі і Расеі стрымлівае выхад беларускай прадукцыі на іншыя рынкі. Ва ўсіх нашых суседзяў расьце тавараабарот з ЭЗ і падае з гаспадарча адсталымі краінамі СНД, тым самым адбываецца зьмена структур нацыянальных эканомік — як у рамках іх рынкавай трансфармацыі, так і міждзяржаўнай эўрапейскай інтэграцыі. Для параўнаньня, доля экспарту ў разьвітыя індустрыяльныя краіны ў 2000 г. у параўнаньні з 1990 г. узрасла ў Літве з 32% да 56%, у Польшчы з 65% да 76%, ва Ўкраіне з 15% да 23%, і ўпала ў Беларусі з 18% да 11%.

З-за саюзу — без інвэстыцый

Вызначальным фактарам, які перашкаджае прыцягненьню замежных інвэстыцый у Беларусь, зьяўляецца не спэцыфічнае стаўленьне беларускіх уладаў да малога бізнэсу і не адсутнасьць выгадных праектаў тут для замежнага капіталу. Гэта ўжо наступствы іншай зьявы — канцэнтрацыі ўсяго беларускага замежнапалітычнага дзяржаўнага рэсурсу на постсавецкай прасторы, што праяўляе сябе ў формах саюзу Беларусі і Расеі і СНД.

Калі параўнаць аб'ём прамых замежных інвэстыцый (ПЗІ) на душу насельніцтва за 1994—2000 г., то ў эўрапейскіх краінах СНД ён супастаўны (Малдова — $113, Украіна — $65, Беларусь, з улікам газаправоду “Ямал—Эўропа” — $120, Расея — $118), хаця ня ўсе зь іх праводзілі “папулісцкую” інвэстыцыйную палітыку, заклікаючы рабіць стаўку на ўнутраныя сілы, як Беларусь. Эканомікі гэтых краін моцна розьняцца па структуры. Аб’ядноўвае гэтыя краіны толькі адно — усе яны ўваходзяць у СНД. Краіны Балтыі, якія ад пачатку занялі цьвёрдую пазыцыю, не далі ўцягнуць сябе ў СНД і кінулі ўсе палітычныя рэсурсы на ўступленьне ў ЭЗ, дамагліся на парадак большага ўзроўню інвэстыцый (Літва, кандыдатка другое чаргі — $643, Эстонія, кандыдатка першае чаргі — $1360).

Расейскі капітал ня можа забясьпечыць неабходных замежных інвэстыцый у эканоміку Беларусі. Па ацэнках аналітыкаў, для мадэрнізацыі тэхналягічнай базы беларускай эканомікі неабходна пад $35 млрд. Між тым за 1994—2000 г. аб'ём ПЗІ у эканоміку Беларусі без уліку газапроваду “Ямал—Эўропа” склаў $285 млн., зь іх, па ацэнках экспэртаў, доля расейскіх склала 15%, г.зн. крыху больш за $40 млн. (гл. мал.). У той час як усяго за апошнія 10 год у былыя постсацыялістычныя краіны было інвэставана больш за 100 млрд. дал. ЗША.

Магчымасьці расейскіх інвэстараў несупастаўныя з магчымасьцямі заходняга капіталу. Калі эканоміка Беларусі складае 5% ад эканомікі Расеі, то эканоміка Расеі — менш за 5% ад эканомікі ЭЗ. У пераліку па рынкавым курсе ВУП Расеі меншы, чым ВУП толькі адных Нідэрляндаў.

Патэнцыял эканамічных інтарэсаў Беларусі ў Эўропе бясконца пераўзыходзіць часовыя выгоды ад інтэграцыі з Расеяй.

Сапраўды, глябалізацыя і транснацыяналізацыя сусьветнай эканомікі нераўнамерна пераразьмяркоўваюць рэсурсы паміж краінамі, а замежныя інвэстыцыі здольныя аказваць як пазытыўны, так і нэгатыўны ўплыў на разьвіцьцё краінаў (у залежнасьці ад эканамічнай палітыкі той ці іншай краіны). Аднак гэтыя працэсы носяць аб’ектыўны і непазьбежны характар. У канкурэнцыі паміж краінамі па прыцягненьні замежных інвэстыцый для тэхнічнага пераўзбраеньня самы галоўны рэсурс — гэта час.

Аб’яднаньне намаганьняў Беларусі і Расеі па падтрымцы неэфэктыўных вытворчасьцяў шляхам дзяржаўнага пратэкцыянізму і “ўзнаўленьня разарваных эканамічных сувязяў”, дазваляе гэтым прадпрыемствам марудзіць з мадэрнізацыяй і прыцягненьнем замежных інвэстараў шляхам уваходжаньня ў ланцужкі ТНК. Як вынік, Беларусь можа апынуцца выключанай з гэтых працэсаў. Замежныя інвэстыцыі могуць проста не пасьпець дапамагчы ў мадэрнізацыі беларускай эканомікі, і тады гэта будуць ужо зусім іншыя працэсы на іншых умовах — арганізацыя новых замежных і ліквідацыя мясцовых вытворчасьцяў.

Збыт нізкаякасных тавараў па нізкіх цэнах на эканамічнай прасторы СНД (90% у Расеі) толькі стварае ілюзію захаваньня эканомікі са структурай, дзе пераважаюць гатовыя высокатэхналягічныя тавары. Пры адмове ад транснацыянальнага капіталу ва ўмовах нястачы ўнутраных інвэстыцый Беларусь непазьбежна ператворыцца ў “сыравінны прыдатак” на задворках сусьветнай эканомікі.

Сцэнары разьвіцьця падзей

Выбудоўваць верагодныя сцэнары далейшага эканамічнага супрацоўніцтва Беларусі і Расеі цяжка, паколькі эканоміка ў гэтым выпадку зьяўляецца закладніцай палітычных стасункаў.

Можна толькі адзначыць, што сыстэмныя зьмены, як то ўвядзеньне расейскага рубля, шырокі перадзел уласнасьці і сродкаў вытворчасьці з удзелам расейскага капіталу і т.п., магчымыя толькі напярэдадні буйных палітычных кампаній. Бо “падмуркам” т.зв. “беларускай эканамічнай мадэлі” служыць захаваньне грашовай эмісіі і дзяржаўнага сэктару эканомікі. Таму хутчэй сытуацыя можа разьвівацца ў выглядзе разавых набыткаў расейскім капіталам асобных “кавалкаў” беларускай гаспадаркі, якія “рынкава-сацыялістычная” Беларусь будзе пэрыядычна, але няўхільна “здаваць” набіраючай абароты рынкавай расейскай эканоміцы.

Цяперашнія эканамічныя адносіны Беларусі з Расеяй спрыяюць у каротка- і сярэднятэрміновым пэрыядзе стабільнасьці “беларускай эканамічнай мадэлі”. Але з пункту гледжаньня нацыянальных эканамічных інтарэсаў, якія заключаюцца ў павышэньні стандартаў жыцьця насельніццтва на аснове ўстойлівага эканамічнага росту ў доўгатэрміновым пэрыядзе, саюз Беларусі і Расеі хутчэй выступае перашкодай на адзіна магчымым шляху — інтэграцыі ў эўрапейскі палітычны, эканамічны і валютны саюз.

Уладзь Калупаеў

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0