***

20—21 лістапада ў Празе адбудзецца саміт NATO. Беларускага кіраўніка там не чакаюць.

Само па сабе правядзеньне саміту ўжо зьяўляецца падзеяй. Але сёлетні саміт адрозьніваецца ад іншых. Упершыню саміт альянсу адбудзецца ў адной з краінаў былога камуністычнага блёку.

 Фота www.natosummit.cz
Фота www.natosummit.cz
Упершыню запрашэньне далучыцца да NATO атрымаюць былыя савецкія рэспублікі. Цягам саміту будзе прынятае рашэньне аб самым буйным пашырэньні NATO за ўсю гісторыю гэтай арганізацыі.

Мяркуецца, што ў саміце возьмуць удзел 2500 дэлегатаў. Разьвіцьцё падзеяў будуць асьвятляць каля дзьвюх тысячаў журналістаў. 500 розных аўтамабіляў ды аўтобусаў будуць забясьпечваць рух удзельнікаў форуму.

Першая агульная сустрэча 19 кіраўнікоў краінаў — сяброў NATO адбудзецца ўвечары 20 лістапада цягам вячэры ў рэзыдэнцыі прэзыдэнта Чэхіі Вацлава Гаўла. Адначасова ў мэрыі Прагі будзе адбывацца сустрэча міністраў абароны ды замежных справаў, а таксама сяброў дэлегацыяў краінаў — удзельніц Эўраатлянтычнай рады партнэрства NATO. У гэты ж вечар прадстаўнікі сродкаў масавай інфармацыі сустрэнуцца ў Праскім кангрэсавым цэнтры.

На наступны дзень — 21 лістапада — праграма саміту будзе запоўненая пленарнымі паседжаньнямі ў Вальдштэйнскім палацы — будынку, дзе знаходзіцца Сэнат Чэскай Рэспублікі.

А ўвечары 750 чалавек зьбяруцца ў рэзыдэнцыі чэскага прэзыдэнта Вацлава Гаўла на грандыёзны гала-вечар. Там будуць і кіраўнікі краінаў — сяброў NATO, і кіраўнікі краінаў — удзельніцаў праграмы “Партнэрства дзеля міру”, і прадстаўнікі Арганізацыйнага камітэту саміту, і чэскія міністры, і амбасадары розных краінаў.

Дакладна вядома, што там ня будзе Аляксандра Лукашэнкі. І, напэўна, Леаніда Кучмы.

І адзін, і другі пакуль не атрымалі чэскіх візаў, але ўжо пасьпелі атрымаць лісты ад кіраўніцтва NATO аб непажаданасьці іхнае прысутнасьці на саміце. Як паведаміў 12 лістапада агенцтву “Reuters” адзін з прадстаўнікоў штаб-кватэры альянсу ў Брусэлі, у лістах было адзначана, што, калі абодва гэтыя кіраўнікі ўсё ж вырашаць узяць удзел у сустрэчы, “яны ўбачаць мноства пустых крэслаў побач з сабой”.

Увечары таго ж дня да думкі NATO далучыліся прадстаўнікі амэрыканскага ўраду. “Злучаныя Штаты супраць прыезду беларускага прэзыдэнта Аляксандра Лукашэнкі на саміт NATO ў Празе”, — пра гэта падчас тэлемосту з чэскімі журналістамі заявіў прадстаўнік Дзярждэпартамэнту ЗША Робэрт Брадке.

Уладам Чэхіі ў гэтае сытуацыі не пазайдросьціш. Лукашэнка зьвярнуўся па чэскую візу пры канцы кастрычніка. Амаль адразу аб ягоным звароце стала вядома чэскім СМІ. Не праходзіць дня, каб сытуацыю зь беларускім прэзыдэнтам не абмяркоўвалі ў чэскай прэсе. Журналісты нават даведаліся, што беларуская дэлегацыя нібыта сабралася пасяліцца ў гатэлі “Парыж”.

Але ўсё выглядае так, што, хутчэй за ўсё, беларускі кіраўнік ня ўбачыць ані Прагі, ані “Парыжу”, ані заводу “Шкода” (пра сваё жаданьне наведаць гэтае прадпрыемства Лукашэнка паведаміў у звароце да чэскае амбасады). Чэскі МЗС схіляецца да рашэньня адмовіць Аляксандру Лукашэнку ва ўязной візе.

З аднаго боку, Прага мусіла б выдаць візу беларускаму прэзыдэнту як кіраўніку дэлегацыі краіны — ўдзельніцы Эўраатлянтычнай рады партнэрства. Зь іншага боку, удзел Лукашэнкі ў саміце быў бы парушэньнем галоўнай ідэі альянсу — пабудовы і абароны дэмакратычнага грамадзтва.

Асноўныя прэтэнзіі, якія прад’яўляюцца беларускаму кіраўніцтву, — парушэньне правоў чалавека і грамадзянскіх свабодаў, адсутнасьць дэмакратыі ў краіне.

Пасьля таго як стала вядома пра намеры чэскага МЗС, беларускае дыпляматычнае ведамства выявіла свой непрафэсіяналізм. Замест таго каб паспрабаваць спакойна і канструктыўна ўзгадніць пазыцыі як з NATO, так і з гаспадарамі саміту, беларускія МЗСаўцы гістэрычна пачалі пагражаць усім бакам нерастлумачанымі наступствамі і дэманстрацыяй “сапраўднага аблічча NATO” ўсяму сьвету.

У такіх умовах рашэньне А.Лукашэнкі ўзяць удзел у саміце было б ня самым удалым. Наўрад ці кіраўніцтва Беларусі атрымае задавальненьне ад плённай працы і перамоваў з кіраўнікамі іншых краінаў сьвету цягам саміту NATO. Бо што за плён — размаўляць з пустымі крэсламі?

Натальля Судлянкова, Прага

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0