***

“Каталіцкі голас у тваёй хаце!” — так рэпрэзэнтуе сябе гэтая станцыя, хоць ніводзін касьцельны гіерарх не ўхваляе яе дзейнасьці. Большасьць слухачоў “Радыё Марыя” — людзі, “пакрыўджаныя капіталізмам”.

У этэры станцыі гучаць антыэўрапейскія й антысэміцкія заклікі. Дырэктар радыё падазраецца ў нячыстых апэрацыях, але паліцыя не наважваецца яго кранаць. Далейшая дзейнасьць “Радыё Марыя” можа выклікаць раскол сярод польскіх каталікоў.

Фота radio.maryja.org
Фота radio.maryja.org
“І хто будзе слухаць тыя малітвы?” — дзівілася Нацыянальная рада радыёвяшчаньня і тэлебачаньня Польшчы пры канцы 1991 г., разглядаючы дазвол на заснаваньне каталіцкае радыёстанцыі. Налета торунскае “Радыё Марыя” выйшла ў этэр і пачало імкліва разьвівацца. Сёньня яго слухаюць каля шасьці мільёнаў жыхароў Польшчы і Заходняй Беларусі.

Большасьць сталых слухачоў ставіцца да “Радыё Марыя” вельмі эмацыйна, а іншых станцыяў ня слухае: “Навошта нам рэкляма, гучная музыка й інфармацыйная сечка? Гэта не навіны, калі нам паведамляюць, што ў нейкай катастрофе загінула 40 чалавек, а ў коткі галівудзкай кіназоркі праблемы са страўнікам. Таму мы й слухаем “РМ”.

“Каталіцкі голас у тваёй хаце!” — так рэпрэзэнтуе сябе гэтая станцыя, хоць ніводзін касьцельны гіерарх не ўхваляе яе дзейнасьці. У сьвеце існуе сетка “Радыё Марыя”, але толькі ў Польшчы яно дасягнула такога посьпеху. Адно што папулярнасьць “РМ” мае моцны прысмак скандалу.

Казаць можна ўсё

Шмат каму “РМ” замяняе касьцёл: 20% вяшчаньня складаюць малітвы і трансьляцыі імшы. Малітвы чытаюцца з удзелам слухачоў, якія тэлефануюць у студыю.

Людзей прыцягвае імкненьне торунскай радыёстанцыі да дыялёгу са слухачамі, што папросту абрываюць яе тэлефоны. На гэткія гутаркі сыходзіць палова этэрнага часу “РМ”. Казаць па радыё можна ўсё.

Прыкладам, які-небудзь слухач можа ў простым этэры рытарычна запытацца, чаму менавіта сем міністраў чарговага ўраду зьяўляюцца прадстаўнікамі Уніі Свабоды (лібэральная польская партыя). І ўсьлед патлумачыць: бо сем сьвечак мае мэнора — жыдоўскі рытуальны падсьвечнік. А хтосьці іншы можа, не хаваючыся, выказаць свой погляд на Галакост: “Дужа шкада, што Гітлер ня вынішчыў гэтых крывасмокаў да апошняга. Да апошняга, нікога не шкадуючы. Ні кабет, ні дзяцей. Да апошняга!”

Такога кшталту прамовы рэдакцыяй не асуджаюцца, хутчэй нават заахвочваюцца. Калі слухаеш, міжволі ўзьнікае асацыяцыя з сумнавядомымі праектамі Ніны Чайкі. Самая адыёзная перадача “РМ” — “Бясконцыя размовы”. Яна гучыць штодня з 22.20, цягнецца дзьве гадзіны й складаецца з тэлефанаваньняў у студыю, якія вызначаюць тэму для абмеркаваньня.

Радыёайцец

Пазыцыю “РМ” аднаасобна вызначае заснавальнік і кіраўнік радыёстанцыі айцец-рэдэмптарыст Тадэвуш Рыдзык. Безь яго радыё не існавала б. Айцец — моцны харызматык і цудоўны арганізатар. У 1970-я ён сабраў пры торунскім касьцёле рэдэмптарыстаў музычны гурт моладзі, які граў біг-біт. На набажэнствы прыходзілі натоўпы вернікаў. Рыдзык ладзіў і папулярны музычны фэст “Sacro Song”. На пачатку 90-х ён заснаваў “Радыё Марыя”.

З стварэньнем і дзейнасьцю станцыі зьвязана нямала цёмных гісторыяў. Упершыню праблемы з законам у “РМ” зьявіліся яшчэ ў 1992 г., але паліцыя заўжды лічыла за лепшае ня зьвязвацца з радыёайцом. Самым яскравым прыкладам нерашучасьці ўладаў стаўся выпадак з “мэрсэдэсамі”, якія а.Тадэвуш спрабаваў увезьці зь Нямеччыны. У дакумэнтах машыны былі запісаныя як “падараваныя прадметы культу”. На мытні ж высьветлілася, што яны не падараваныя, а купленыя. Пачалося сьледзтва. Але ніводная пракуратура не згадзілася займацца гэтай справай і ніхто так і ня быў пакараны.

Скаргаў на дырэктара “РМ” ніколі не бракавала. У асноўным яны тычацца стылю й зьместу камэнтароў радыёстанцыі. Так, у часе вечаровай перадачы 24 кастрычніка 1996 г. Рыдзык прапанаваў “пагаліць галовы, як курвам, што цягаліся зь немцамі”, паслам Сойму, якія галасавалі за частковую легалізацыю абортаў. Словы айца былі кваліфікаваныя як “абраза вярхоўных органаў дзяржаўнай улады Рэспублікі Польшчы”, што прадугледжвае да 8 гадоў турэмнага зьняволеньня.

Але нават гэтая справа мёртва ляжала ў пракуратуры месяцамі, бо Рыдзык ігнараваў усе позвы, і была ўрэшце ціха замятая. Торунскія паліцыянты толькі разводзілі рукамі: “Любога іншага ўжо даўно затрымалі б і прывялі сілай, але які пракурор наважыцца даць каманду схапіць ксяндза Р.? І які паліцыянт наважыцца выканаць той загад? Ды яго тут жа закляймуюць у этэры як ворага Польшчы й хрысьціянства”.

Мэдыя-імпэрыя

Сёньня “Радыё Марыя” ахоплівае 80% тэрыторыі Польшчы: у краіне створаная сетка з больш як 100 станцыяў. Праз спадарожнік перадачы трансьлююцца на Эўропу, Амэрыку і нават Расею. Станцыя працуе на кароткіх хвалях ад панядзелка да суботы з 7:00 да 9:15, а ў нядзелю з 8:00 да 10:00 на 15455 кГц (19 м), з 17:00 да 19:00 яе можна слухаць нa 12010 кГц (25 м), а з 19:00 да 24:00 — нa 7380 кГц (41 м) — час усюды польскі.

Ідэі Рыдзыка пашырае таксама фундамэнталісцкая газэта “Nasz Dzieńnik” і штомесячнік “Rodzina Radio Maryja”.

Супраціўляючыся “згубнаму заходняму ўплыву”, айцец карыстаецца найноўшай заходняй тэхнікай. На яе грошы ёсьць, бо “РМ” вызваленае ад падаткаў, мытаў і атрымлівае ахвяраваньні. Каталіцкі этык і філёзаф Ёзаф Тышнэр сьведчыць: “Нядаўна чуў, як адзін біскуп дакараў падначаленага за падтрымку “Радыё Марыя”. Той бараніўся — маўляў, яму так загадвае голас сумленьня. Біскуп адказаў, што апрача сумленьня трэба мець яшчэ й розум”.

Часопіс “Polityka” распавёў пра слухачку, што, маючы мізэрную пэнсію, рэгулярна дасылае грошы “РМ”. Кажа, што дала б іх унуку, але ведае, што, калі ўкладзе грошы ў радыё, унуку будзе больш карысьці, “ягонае жыцьцё палепшае”.

Назваць “РМ” проста замшэлым гняздом фундамэнталізму нельга — гэта немалая сіла. У польскім парлямэнце ёсьць два дзясяткі дэпутатаў, абраньню якіх спрыяла радыёстанцыя. Дысцыплінаваныя слухачы айца Рыдзыка паслухмяна прагаласавалі за іх. Па першым закліку дырэктара “РМ” у Чанстахове зьбіраюцца 150 тыс. прыхільнікаў, колькі тысячаў едзе ў Ватыкан. Ладзіць такія акцыі грамадзкае аб’яднаньне сымпатызантаў радыёстанцыі — “Rodzina Radio Maryja”, якое дагэтуль не паказала касьцельным органам свайго статуту.

Сымбаль веры

Хто ж слухае “Радыё Марыя”? Найперш — “пакрыўджаныя капіталізмам”, тыя, хто прайграў у працэсе дэмантажу польскага сацыялізму. “РМ” забясьпечвае ім псыхалягічную падтрымку, паказвае на “вінаватых” — заходніх інвэстараў, камуністаў, жыдоў, Эўразьвяз, ЗША. Апытаньні дазваляюць намаляваць наступны партрэт тыповага слухача: гэта кабета сталага веку зь невялікай адукацыяй, малым прыбыткам, якая нічым, апроч рэлігіі, не цікавіцца, вольны час бавіць перад тэлевізарам, гледзячы сэрыялы і шоў кшталту “Адгадай мэлёдыю”.

Вельмі ёмка патлумачыў крэда Рыдзыкавай станцыі прымас Ёзаф Глемп: “Радыё Марыя” стварае ўласнае бачаньне грамадзтва, нязьменна заснаванае на барацьбе зь некім, нечым, на прапагандзе. Мяркую, што папулярнасьць “РМ” — справа часовая, на некалькі гадоў. Такі стыль, такія эмоцыі, лямант ня могуць доўга працягвацца”.

“РМ” вядзе вайну на ўсіх франтах, даводзячы сваім прыхільнікам: вы апошнія сапраўдныя вернікі і ў атачэньні сілаў зла павінны бараніцца да апошняга.

Найбольш сыстэматычна погляды Рыдзыка выкладае штомесячнік “Rodzina Radio Maryja”. Пачытаўшы яго, можна даведацца, што палітычныя сыстэмы падзяляюцца на здаровыя і выродлівыя. Да апошніх залічваюцца тыранія, алігархія і... дэмакратыя. Палітыкі падзяляюцца на “тых, хто дурыць народ”, і “прадажных”, грамадзтва ж складаецца ня зь левых-правых, а з прадстаўнікоў хрысьціянскіх сілаў і лібэралаў-сэкулярыстаў. “Свабода” — гэта масонскі ідэал, а лібэралізм — крыніца ўсялякага ліха. Карані эўрапейскіх бедаў — лібэралізму, камунізму, нацызму — у пратэстанцтве.

Рыдзык лічыць заганнымі самі асновы заходняга грамадзтва: “Пару гадоў працаваў за межамі Польшчы, бачыў, што там і як. Божа, барані Польшчу ад гэтага лібэралізму, гэтай лібэральнай ідэалёгіі, горшай за таталітарную сыстэму камуністычнага ці нацыстоўскага кшталту”.

Паводле Рыдзыка, “сваёй” улады ў Польшчы ніколі не было: “Хачу зьвярнуць увагу на пэўны міт, прапагандаваны ў СМІ, што да 1990 г. былі ўрады камуністычныя, а пазьней ужо прыйшлі нашыя. Гэта зусім ня нашыя ўрады”. Сёньня прыхільнікаў “РМ” яднае нелюбоў да кіроўнага Саюзу лявіцы дэмакратычнай — у іх уяўленьні галоўнага ворага веры, палітычнага антыхрыста.

Праўда, ня любячы левых партыяў, сымпатызанты “РМ” адначасова падзяляюць у сацыяльным пляне левыя погляды — хочуць, каб дзяржава апекавалася сваімі грамадзянамі, давала датацыі вёсцы, ратавала прадпрыемствы, што збанкрутавалі, і не прадавала нічога іншаземцам. Рыдзыкаўцы нават спрабуюць сёе-тое практычна рабіць у гэтым напрамку — яны зладзілі збор грошай на Гданьскую суднаверф, каб тая ня трапіла ў рукі заходнім капіталістам. Але марна: грошай не хапіла.

У часе прэзыдэнцкай кампаніі 1995 г. радыё падтрымлівала Леха Валэнсу і ўсяляк змагалася зь іншымі кандыдатамі. Рыдзык абвінаваціў кандыдата ад Уніі Свабоды Кураня ў злачынствах сталінізму, а каб адгаварыць слухачоў галасаваць за Ганну Гранкевіч-Вальц, абвясьціў яе “жыдоўкай і масонкай”. Абраньне ж прэзыдэнтам Аляксандра Квасьнеўскага торунскія фундамэнталісты палічылі паказьнікам таго, што людзі “адвярнуліся ад Бога”. Кіраўніцтва Касьцёлу спрабавала ўзяць станцыю пад апеку, але Рыдзык ігнараваў рашэньні біскупату. Няўдалымі былі й іншыя спробы ўтаймаваць “Радыё Марыя”.

У міжнароднай палітыцы галоўнымі ворагамі “РМ” зьяўляюцца немцы, ад якіх “палякі цярпелі і цярпецьмуць заўжды” (праўда, свае падазроныя камэрцыйныя гешэфты Рыдзык ладзіў якраз у Нямеччыне). “Радыё Марыя” змрочна паведамляе: немцы ўжо выкупілі траціну польскай зямлі, пачаўся пяты падзел Рэчы Паспалітай, Польшча памірае, а неўзабаве яшчэ дзесяць мільёнаў выгнаных некалі немцаў скупяць астатнюю палітую польскай крывёй і потам ральлю. Невыпадкова нашчадкі крыжакоў перанесьлі сваю сталіцу ў Бэрлін. Неўзабаве ад эўрапейскай навалы славяне выратуюцца толькі ва Ўкраіне…

“Ёзаф” супраць “Марыі”

Уступленьне Польшчы ў Эўразьвяз — ці не галоўнае пытаньне ў спрэчцы паміж касьцельнымі гіерархамі й радыё. Кіраўнікі касьцёлу — за, а Рыдзык — супраць, бо, маўляў, уваход у ЭЗ раўназначны страце нацыянальнае тоеснасьці, традыцыйных каталіцкіх каштоўнасьцяў і зьнішчэньню краю.

Газэта “Rzeczpospolita” тлумачыць такія погляды “комплексам горшасьці ў дачыненьні да Эўропы”, на які пакутуюць торунскія фундамэнталісты. Пацьвярджае гэтую тэорыю адсутнасьць варожасьці да Расеі: убогай Масковіі Рыдзыкавы адэпты не баяцца.

Прымас Ёзаф Глемп адгукнуўся на антыэўрапейскія заявы Рыдзыка і паспрабаваў згуляць на місіянэрскіх настроях слухачоў “РМ”: “Лёгка абвесьціць — пакінем іх, бо гэта паганцы. Але ж нашая задача — ісьці туды, дзе трэба сеяць дабро”.

Стаміўшыся папярэджваць, Ё.Глемп адкрыта зьвінаваціў “РМ” у “непадпарадкаваньні і палітызацыі”, бо торунскія фундамэнталісты не падпарадкоўваюцца ні біскупу адпаведнай дыяцэзіі, ні правінцыялу рэдэмптарыстаў, ні біскупату. Палітызацыяй радыё Глемп лічыць зьдзекі з грамадзкіх аўтарытэтаў і пагарду да законаў, абавязковых для ўсіх грамадзянаў.

Айцец Рыдзык паводзіцца так, нібы над ім стаіць толькі Бог і Папа, кажуць біскупы. Гэткая непадкантрольная дзейнасьць можа выклікаць зьяўленьне паралельных касьцельных структураў, незалежных ад афіцыйнага біскупату. “Радзіны” “РМ” цяпер існуюць у абсалютнай большасьці парафіяў, іх чальцы мала слухаюць кіраўнікоў Касьцёлу, калі іхныя словы супярэчаць казаням з Торуню.

Рух польскіх фундамэнталістаў чымсьці нагадвае камуністычна-пэнсіянэрскую актыўнасьць на абшарах былога СССР. Многія, як Аляксандар Лукашэнка, скарысталі яе ў сваіх мэтах, пакуль тая хваля ня схлынула. Тое самае чакае і польскі рух пэнсіянэраў за сьветлую каталіцкую будучыню. Сталы век бальшыні фундамэнталістаў і адсутнасьць сур’ёзнага ідэалягічнага падмурку праракуе яму сумны фінал. Але пакуль рыдзыкаўцы моцныя і могуць нарабіць клопату дзяржаве. Разумеючы гэта, прымас Ёзаф Глемп абвесьціў вернікам: афіцыйнай радыёстанцыяй варшаўскай арцыдыяцэзіі зьяўляецца “Радыё Ёзаф”, слухайце яго. Чарговы раз нагадаўшы, што выслоўі а.Рыдзыка не адлюстроўваюць пазыцыі Касьцёлу, прымас зазначыў: “Ня кожны мае права вяшчаць слова Божае дзе хоча і як хоча”.

Сяргей Рак

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0