***

Кіроўца пытаецца ў бацюшкі, ці ёсьць рай і пекла. Бацюшка адказвае: “Рай ёсьць, а пекла няма. Бо ўсю смалу на дарогу вылілі, а ўсіх чарцей на скрыжаваньнях паставілі”. Мініятуры Рыгора Барадуліна.

Малая пытаецца ў маці:

— Які ён, цягнік?

Маці адказвае:

— Дачушка, як наша хата, Хадорына хата, Праксэдзіна хата вяроўкай счэплены, і трактар цягніць. А там людзі сядзяць.

* * *

 Фота АНАТОЛЯ КЛЕШЧУКА
Фота АНАТОЛЯ КЛЕШЧУКА
У адзіным вушацкім шапіку жанчына купляе канвэрт. Зірнуўшы на наклееную марку, рашуча пярэчыць:

— Што гэтага лысага даяцё, у мяне свой лысы.

— Гэта ж такі вядомы!

— Усё роўна лысы. Свой надакучыў.

* * *

Памерла ў чалавека жонка. Пагараваў-патужыў дый ізноў ажаніўся. Новую жонку просіць:

— Вары мне штораньня малочны суп, як варыла нябожчыца. Дужа мне да смаку ён.

Зварыла новая жонка суп. Есьць, але кажа, што не такі, як у першай. Яна і солі дабаўляла, і цукру. Усё роўна не такі.

Неўзабаве знайшлося ў іх малое. Гаспадыня ставіць варыць суп, а тут дзіця закугікала. Пакуль яна яго суцішала, варыва прыгарэла. Муж узяў сам зь печы, есьць і шчасьліва крычыць:

— Цяпер такі, як у маёй першай!..

* * *

Адна баба не трапляла зь зяцем. Сварыліся й не мірыліся. Звадзіліся й ня ладзіліся. І пайшла цешча да шаптуна, да ведзьмара. Той даў бабе вады замоўленай і наказаў:

— Як пачнець яго забіраць, набяры ў рот вады і трымай, пакуль не аціхніць. І роб так шэсьць разоў. А калі ненарокам праглынеш ваду, скоранька бяжы й набірай новай у рот.

І памагло…

* * *

— ...У нас тут адну электрычкай завуць: як ток, скрозь праходзіць. Дзе хаўтуры, дзе імяніны, дзе корм які, дык там і пад’есь і йшчэ дамоў прывязець.

* * *

Дзед Стахван сядзіць на прызьбе, дрэмле. А тут певень упыліў за курыцай. Дзед сыпнуў жменьку зярнят. Певень накінуўся на пачастунак. І на курыцу забыўся.

Дзед глядзіць, як агняхвосты кавалер прагна дзяўбе зярняты, ды ўголас думае:

— Ня дай Бог, каб я да таго дажыў…

* * *

Скупы адважыўся прадаваць бульбу. І пачаў кожную бульбіну разразаць напалову, каб болей было.

* * *

У аднаго вушацкага было шмат дачок. І вечарам, перад сном, рабіў ён своеасаблівае перакліканьне, перш чым заперці дзьверы на засоў:

— Гапка ёсь, Ганулька ёсь, Праксэда ёсь, Тэкля ёсь? Засоўвай!

* * *

Было, што Пятрусь Броўка, наведаўшы землякоў у Пуцілкавічах, пачаў пытацца пра сваіх аднагодкаў, хто зь іх хто, хто чым займаецца. Яму й адказваюць, што Аўлас кароў пасець, Хвядос на фэрме робіць, а Якута — настаўнікам. Броўку зьдзівіла:

— Як гэта Якута настаўнікам стаў, ён жа скончыў адну клясу з калідорам?

— Дык ён на конезаводзе настаўнікам, — кажуць землякі цалкам сур’ёзна.

* * *

Афрыканскія госьці ў вушацкім музэі, які завецца музэем народнай славы. Дырэктар Мікола Кірпіч (прозьвішча такое не ад расейскай цэглы, а таму што зачынальнікі роду былі кірпатыя) тлумачыць, дае зьвесткі, распавядае. Дайшла чарга й да славутых землякоў. Госьці стомлена-сумныя. Ды калі прагучэла “Васіль Быкаў”, ажывіліся, бо імя гэтае чулі ў сябе дома.

Потым Мікола, сын Міколаў, казаў:

— Даляр — і ў Афрыцы даляр, а Васіль Быкаў — ва ўсім сьвеце Васіль Быкаў.

* * *

Кіроўца пытаецца ў бацюшкі, ці ёсьць рай і пекла. Бацюшка адказвае:

— Рай ёсьць, а пекла няма. Бо ўсю смалу на дарогу вылілі, а ўсіх чарцей на скрыжаваньнях паставілі.

Дужа любілі гэтую прыпавесьць вушацкія кіроўцы.

* * *

Маці загадала пячы бліны. Паставіла ваду ў печ, а дачку паслала прасіць скавараду, скавароднічак, мучыцу, сольку ды чым бліны памазаць — маселка, а вада вольная: у нас свая ёсь.

І напякла бліноў, смачнейшых, чым у паноў.

* * *

Сабраўся бацька з сынамі далёкі лужок касіць. Ідуць, ідуць, а перад імі канаўка. Бацька скок — і пераскочыў.

Сын захоплена заўважае:

— Ты глядзі, наш бацька яшчэ лёгкі, як сабака!

Другі папраўляе:

— Ці ж можна на бацьку казаць сабака. Пераскочыў — ну й хрэн зь ім…

* * *

Як шчупак у лусцэ, у юбілейных мэдалях і значках хадзіў па мястэчку вэтэран. Школьнікам распавядаў пра вайну, пра подзьвігі свае.

Мама пра яго казала:

— Гэтак ён ваяваў: акопы рылі, а ён бабам у лапаты ручкі ўстаўляў.

Галоўнае — выжыць, а ўспомніць можна ўсё, што было й чаго не было…

* * *

Павёз мужык у сваты хлопца, у якога ня ўсе клёпкі ў галаве былі. Па дарозе паўтараў:

— Ты ж, не пажваўшы, не гавары.

Прыехалі, селі за стол. П’юць, ядуць. Маладзён жваў, жваў кумпячыну дый уступіў у размову:

— Дзядзька, ці помніш, як мы сьвіньню смалілі, а похва лопнула?

Дажваўся.

* * *

З глыбіннай Расеі падарожны прыпыніўся ў вушацкага селяніна.

Вушацкі й пытаецца:

— Можа, ты калатушкі паспытаеш?

Расеец:

— Не хочу!

* * *

Старшыні калгасу далі слова ў райкамаўскім застольлі. Чарговае чырвонае сьвята. Той і пачынае па завучаным:

— Няхай жыве Карл Маркс, Фрыдрых Энгельс, Уладзімер Ільліч, таварыш Сталін...

Пералічвае, пералічвае ўсіх, каго належыць славіць, а думае сваё. І пад канец тосту вырвалася:

— І наагул, няхай жывець хто з кім хочаць!

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0