***

Холад струменем зацякаў у пакой праз шчыліны акон. Яна ляжала адна пасярод скамячанай пасьцелі

зь нязьменным болем, адбітым у вачах і на далонях, на пазногцях, пальцах, сьцёгнах і прасьцінах. Яна дазваляла сабе восеньскую дэпрэсію, калі па вуліцы пераставалі шпацыраваць у майках, панамах і сандалях… Дэпрэсію яна прымала ў выглядзе смутку, у выглядзе бязьдзейнасьці і прагорклага паху тытуню, адчайных думак і сымбаляў, накрэсьленых пальцам на запацелым шкле…

Яна не выходзіла са сваёй кватэры, забывалася прачынацца, гатаваць сьняданак, мыць валасы, і пыл аднолькава шэрым пластом асядаў на паліцы — падваконьні — падлогу — раскіданыя па пакоі і здранцьвелыя ў недарэчных позах рэчы і яе саму, цёплую, сьвежую і няшчасную.

Яе ня клікалі Сарай. Аднак яна была Сарай. Яна любіла зьмешваць акварэльныя фарбы, мяняць ваду сваёй слоікавай goldfish, сьпяваць уласныя песьні пад гітару, уяўляць сябе кучаравай, уяўляць сябе зь зялёнымі вачыма, уяўляць шарую гадзіну, якая паступова сасьлізгае ў ноч, уяўляць дождж, танчыць, усклаўшы галаву некаму на плячо. Усё, чаго яна не любіла, — гэта Бунін і аранжыкавы сок. Часам яна была аптымісткай. Але гэта было сьмешна. Гэта было чужое.

Яна чакала восені з прагнасьцю, нібы загадзя рыхтуючыся да ўсёзьнішчальнай восеньскай дэпрэсіі. Яна залазіла пад тоўстыя коўдры, каб ня чуць грукату фаервэркаў, яна плакала. Вялікія бялкі ейных прыгожых шэра-сініх вачэй зацякалі, ператвараліся ў ружовую мокрую масу, дзе патаналі зрэнкі… З надыходам дэпрэсіі яна часта назірала сябе ў люстэркавых паверхнях пакрытых лакам шафаў і асьветленых зь сярэдзіны аконных шыбаў, выключанага кампутарнага манітора і халоднага слоіка з халоднасардэчнай істотай. Насьценны гадзіньнік паказваў дакладны час у японскай сталіцы. Сара была Сарай, і яшчэ ясьней, чым гэта, яна бачыла бледныя свае шчокі, схуднелую паставу і зваляныя валасы — сваю дэпрэсію. Усё навокал можна было аб’яднаць пад некалькімі пунктамі ейнага ненапісанага трактату пра восень і пакуту.

Пазамінулай восеньню ўсё было інакш. Дзённае менскае паветра пахла малаком, было стомленым і мяккім… Тады яна ўпершыню пакахала. Упершыню так калюча і бессаромна. Той восеньню яна была яшчэ зусім малой, дзяўчом, дзіцяткам. Восень, за якую яна пасталела, за якую ўпершыню адчула сябе жаданай.

Гэта ўжо так далёка, амаль нерэальна. Калі ты малады, два гады твайго жыцьця могуць разьдзяляць усе стадыі тваіх “я”. Распластаўшыся на ложку, дзе ў тую восень марыла дзяўчынка з доўгімі косамі, маладая жанчына са зьбітымі валасамі перажывала сваю дэпрэсію. Дні капалі на нэрвы, як кроплі зь незакручанага крана на дно бліскучай місы.

Тая, што была Сарай, пасьпела зразумець: ніхто толкам ня ведае, што насамрэч слушна і як трэба рабіць правільна. Кожны ў сілах сам скласьці сыстэму ўласнага ўспрыманьня, толькі большасьць намагаецца не абцяжарваць сябе лішняй магчымасьцю выбіраць.

Пераважная большасьць ня любіць валодаць правам выбару.

Выбіраць любяць выбраныя.

Яна зразумела, што сама хоча дзеля сябе гэтага ложка, гэтых пакутаў і гэтай дэпрэсіі, бо яны ёй блізкія. Падобнае прыцягвае падобнае. Касьмічны закон.

Няхай гэта дэпрэсія. Смутак. Боль. Самагубства. Яна адчувала сябе гераіняй раману Каэльё, і гэта дазваляла ёй паводзіць сябе яшчэ больш безадказна. Можна піць пігулкі, пісаць перадсьмяротныя гістэрычныя пасланьні, а лепш за ўсё зацягнуць сваё цела на халодную кухню, запаліць газ і заварыць сунічнай гарбаты…

За сьвятлом бэзавых сьвечак мінае боль, за кубкам духмянай вадкасьці мінае дэпрэсія. Кожны мае права на выбар. Перачакаць сэзон вятроў на тонкіх прасьцінах ці сустрэць сэзон зьліваў без парасону. Ці з парасонам.

Тэд Лі

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0