***

Беларусь вельмі восеньская краіна. Несапраўднасьць, прывіднасьць, адцягненасьць восені пасуюць яе вобразу.

І яшчэ пасуе вечнае чаканьне. Беларусь як вялікая чакальня.

Восень — тайм-аўт між двума гульнёвымі пэрыядамі, транзытная станцыя вялікага вандраваньня. І таму — трэба пачакаць. Моўчкі. Паміж сьпёкай і сьнегам — прытаімся, сьцішымся. Антракт, спадарства.

Восень (як і чаканьне) абвастрае нашыя адчуваньні — слых, зрок, нюх. Выхоўвае нашыя вочы. Яны нечакана здабываюць пэрспэктыву. Позірк больш ня блытаецца ў летнім вецьці й буйным лісьці — ён сягае ўдалечыню. Бесьперашкодна! Адшукаць пэрспэктыву — як знайсьці собскую свабоду. Іншая справа — у які бок зірнуць. Так хочацца рвануць кудысьці за далягляд... Толькі цягнік яшчэ не прысьпеў. Чакайма, сузіральнікі.

Увосень хочацца маўчаць. Паміж словамі, над словамі. Прабел (хоць прабел — гэта ўжо зіма). Але ж якую асалоду прыносіць слова, вымаўленае восеньскім ранкам. Блытанае, шчабятлівае шматслоўе — не для аскетычнай восені. Падняцца зранку і — яшчэ да кавы — ціхутка, са смакам вымавіць некалькі родных беларускіх словаў. Так можна пачаць. Пачаць — і цешыцца надалей матчынай мовай, забыўшыся на чужую. Восень спрыяе.

І пахне восень чыста. Лазьняй. Дакладней — прылазьнікам (зноў прамежкавасьць), бо ўжо ня горача. Папарыліся, цяпер можна перавесьці дух, заспакоіць сэрца, памаўчаць. І праз хвілінку кінуцца ў палонку зімы. А пакуль — пачакай.

Зьміцер Шызы

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0