***
30-гадовы Алесь Пашкевіч абраны старшынём Саюзу пісьменьнікаў.
Апошняя навіна: 35-гадовы Міхась Скобла, 39-гадовы Эдуард Акулін і 43-гадовы Барыс Пятровіч абраныя намесьнікамі старшыні. Намесьнікам старшыні стаў і “вэтэран”, 66-гадовы Анатоль Кудравец.
Усім гэтым таленавітым людзям я сымпатызую. Кудравец 19 гадоў узначальваў часопіс “Нёман”. Пры ім выданьне мела найбольшы наклад. Пісьменьніка, які прайшоў праз апарат ЦК КПБ і гэтулькі гадоў быў актыўным удзельнікам літаратурнага працэсу, трэ было б угаварыць напісаць успаміны. У добрага стыліста Кудраўца яны будуць чытацца зь ня меншай цікавасьцю, чым ягоная “выдуманая” проза.
Дый “выдуманую” грэх яму не пісаць. Празаік Б.Пятровіч добра зарэкамэндаваў сябе як намесьнік галоўных рэдактараў “ЛіМу” й “Полымя”. Цяпер ён — галоўны рэдактар “Дзеяслова”. Паэт, празаік, літаратуразнаўца А.Пашкевіч выкладае ў БДУ, кіруе там паэтычным сэмінарам. Ён жа — намесьнік галоўнага рэдактара “Дзеяслова”. Паэт і бард Э.Акулін — таксама намесьнік у “Дзеяслове”. Паэт, парадыст і журналіст М.Скобла — рэдактар у “Беларускім кнігазборы”, укладальнік збораў твораў Уладзімера Жылкі й Ларысы Геніюш, аўтар прадмоваў і камэнтароў да іх. Нядаўна ён уклаў анталёгію беларускае паэзіі ХХ ст. (358 аўтараў), якая цяпер у карэктуры.Таленавітыя і дзейныя людзі ўзначалілі састарэлую арганізацыю, якую, як і КПСС, як і ганчарыкаўска-козікаўскія прафсаюзы, як і калгасы, немагчыма рэфармаваць.
Уладзе СБП патрэбны толькі дзеля аднаго — ухваляць ад імя пісьменьніцкае супольнасьці яе палітыку. Каб нязгодных пазбавіць трыбуны, улада забрала ў Саюзу часопісы. Раней дзяржаўныя фактычна, яны сталіся дзяржаўнымі юрыдычна. І цяпер выдатна відаць, хто зь пісьменьнікаў гэтаму рэжыму свой, а хто — чужы.
Саюз пісьменьнікаў патрэбны як прафэсійнае аб’яднаньне, што бароніць аўтарскія правы, выпрацоўвае супольную лінію паводзінаў пісьменьнікаў на выдавецкім рынку — скажам, патрабуе ад кіраўнікоў дзяржаўных і недзяржаўных часопісаў і выдавецтваў пэўны мінімум за друкаваны аркуш і паэтычны радок. Першасныя арганізацыі СБП маглі б падпісваць калектыўныя дамовы з галоўнымі рэдактарамі. СБП бараніў бы аўтарскія, працоўныя і сацыяльныя правы сваіх сяброў на радыё, тэлебачаньні, у тэатрах і кіно...
Аднак калі будзе выпрацаваны статут Саюзу як абаронцы карпаратыўных інтарэсаў, улады пастараюцца не зарэгістраваць яго. Калі такі статут будзе ўсё-такі зарэгістраваны, можа вынікнуць калізія: выдаўцы — кіраўнікі СБП ня могуць прадстаўляць інтарэсы аўтараў. У такім разе яны мусяць пакінуць свае пасады. Дый нават пры самым дасканалым статуце і пры адданым інтарэсам пісьменьнікаў кіраўніцтве ў СБП знойдуцца дзясяткі штрэйкбрэхераў, якія пагодзяцца на ўсякія ўмовы працы і аплаты ды абгрунтуюць гэткае рашэньне чым заўгодна.
Патраціўшы шмат намаганьняў дзеля стварэньня новае арганізацыі замест сталінска-жданаўскага інструмэнту кантролю за паводзінамі і дзейнасьцю літаратараў, А.Пашкевіч, Э.Акулін, А.Кудравец, Б.Пятровіч і М.Скобла ўрэшце расчаруюцца. Яны будуць шкадаваць змарнаванага часу. “Адваюй для сябе самога, беражы і назапашвай час”, — вучыў Сэнэка. Рэдагуючы “Дзеяслоў” і кнігі, выкладаючы і папулярызуючы літаратуру, а цяпер яшчэ і стаўшы кіраўнікамі СБП, ці думаюць таленавітыя людзі, колькі твораў яны не напішуць?
Літаратара запамінаюць па напісаным і выдадзеным. Хто памятае кіраўнікоў Саюзу пісьменьнікаў? Пятрусь Броўка ўвайшоў у гісторыю найперш як стваральнік Беларускае Энцыкляпэдыі, Максім Танк — як паэт...
Анатоль Сідарэвіч