***

Сёньняшні госьць “НН” — Алесь Матафонаў, 25-гадовы рэдактар Дырэкцыі дзіцячага і мастацкага вяшчаньня БТ

Беларуская тэлевізія пакрысе зьмяняецца. Менш палітыкі, зьяўляюцца праграмы, скіраваныя на папулярызацыю нашай гісторыі (“Турнір”), літаратуры (цыкл “Цені і постаці”). Гэтая эвалюцыя зьвязаная з прыходам на тэлевізію новага, постсавецкага пакаленьня.

Фота А.Клешчука
Фота А.Клешчука
Сёньняшні госьць “НН” — Алесь Матафонаў, 25-гадовы рэдактар Дырэкцыі дзіцячага і мастацкага вяшчаньня БТ. Ён аўтар цыклу “Цені і постаці”, што быў прысьвечаны малавядомым старонкам жыцьця й творчасьці Янкі Купалы і Якуба Коласа, вядучы “Біяграфіі слова”.

“НН”: Алесю, распавядзі крыху пра сябе. Ты мянчук?

Алесь Матафонаў: Не, я нарадзіўся ў Печах пад Барысавам. Потым, калі мне не было яшчэ году, сям’я пераехала ў Клецак. Бацька мой вайсковец, прапаршчык, і яго туды перавялі. Таму большую пакуль што частку жыцьця я пражыў у Клецку.

“НН”: А на БТ якія шляхі прывялі?

А.М.: Калі вучыўся ў Беларускім унівэрсытэце культуры, праходзіў на тэлевізіі практыку. А скончыўшы вучыцца, разьмеркаваўся туды. Працаваў пад кіраўніцтвам Уладзімера Содаля, які падказаў мне багата практычных рэчаў. Яшчэ сваім настаўнікам лічу Вячаслава Ракіцкага, у якога я вучыўся ва Ўнівэрсытэце культуры. Яны абодва далі мне вельмі шмат — і што тычыцца працы, і па-чалавечаму.

“НН”: Як зьявіўся цыкл “Цені і постаці”?

А.М.: Два гады таму ўзьнікла аднайменнае часовае творчае аб’яднаньне, якое зьняло пяць перадачаў. Яны былі прысьвечаныя Адаму Бабарэку, друйскім марыянам, Вячаславу Селяху-Качанскаму, Міхасю Забэйду-Суміцкаму і беларускаму піву. Пасьля аб’яднаньне зьнікла, самараспусьцілася.

Сёлета мы зноў сабраліся, каб зрабіць спэцпраект, аднаразовую акцыю — зьняць перадачы да 120-годзьдзя Янкі Купалы і Якуба Коласа. Назваць яго вырашылі гэтаксама, як і аб’яднаньне, — “Цені і постаці”.

“НН”: У Вашых перадачах здымаюцца дзеячы культуры, якіх мы ня бачылі на БТ гадоў сем. Ці не ўзьнікала з гэтым праблемаў?

А.М.: Аніякай цэнзуры, аніякіх праблемаў з тым, каго здымаць, не ўзьнікала: я сустракаюся з кім хачу і здымаю як хачу. Так, у падрыхтоўцы цыклу “Цені і постаці” бралі ўдзел Віталь Скалабан, Уладзімер Конан, Пятро Васючэнка…

“НН”: Ці можна такую бесцэнзурнасьць лічыць сьведчаньнем ператварэньня БТ ва ўсё больш “нацыянальны тэлеканал”?

А.М.: Не, пакуль што ўсё гэта вельмі павярхоўна. Хутчэй можна казаць пра набыцьцё “мясцовага калярыту”.

“НН”: У праграме, прысьвечанай Купалу, твая група здымала гатэль “Масква”, дзе загінуў паэт. Гэта будуць ужо гістарычныя здымкі…

А.М.: Так, мы паехалі ўлетку, калі было вядома, што гатэль зьбіраюцца зьнесьці. Сам будынак цяпер пад высяленьнем — пустуе. Мы бачылі дзьверы, зь якіх Купала апошні раз выйшаў, парэнчы, празь якія ён вываліўся. Аднак у пакой, які займаў Купала, нам патрапіць не ўдалося, бо там цяпер нейкі офіс. Давялося здымаць абсалютна аднатыпны, але іншы нумар. Супрацоўнік службы бясьпекі гатэлю, зь якім мы размаўлялі, даволі абыякава кінуў: “Ня ён першы, ня ён апошні, хто адсюль зваліўся”. Ён быў перакананы, што Купала зваліўся сам, выпадкова.

“НН”: А ці была гутарка наконт захаваньня і перадачы ў Беларусь фрагмэнтаў гатэлю, датычных Купалы?

А.М.: Так, мы размаўлялі пра гэта з намесьнікам маскоўскага мэра Юр’я Лужкова Францішкам Каўрыгам — кіраўніком нацыянальна-культурнай аўтаноміі “Беларусы Расеі”. Ён абяцаў паспрыяць перадачы фрагмэнтаў кабінэту ў Менск. Але для гэтага патрэбны зварот адсюль, зь Беларусі.

“НН”: Алесю, вось існавала творчае аб’яднаньне “Цені і постаці”, потым аднайменны спэцпраект. Ці будзе працяг? Або “Цені і постаці” сваё ўжо аджылі?

А.М.: Задумы ёсьць. Хачу зрабіць праграму з умоўнай назвай “Спэцархіў” і распавядаць там пра невядомыя старонкі нашай гісторыі. Але гэта далейшая пэрспэктыва. У хуткім часе мяркуем з калегамі падоўжыць праграму “Біяграфія слова” з трох хвілінаў да пяці. Гэта дазволіць нам увесьці яе ў расклад і пазначаць у праграме, а ня ставіць для затыканьня этэрных “дзірак”, як было дагэтуль.

Гутарыў Аркадзь Шанскі

Ад рэдакцыі: 7, 8 і 9 лістапада ўвечары на БТ адбудзецца паўтор фільмаў цыклу “Цені і постаці”.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0