У Маскву прыбыў самалёт МНС Расіі, на борце якога знаходзіліся сем эвакуяваных з сектара Газа беларускіх грамадзян. Пра гэта БелаПАН паведаміў прадстаўнік пасольства Беларусі ў Маскве.

Нагадаем, што ўвечары 20 чэрвеня беларускія грамадзяне, якія выказалі жаданне пакінуць палесцінскія тэрыторыі з‑за ўзброенага канфлікту, што разгарэўся там, перасяклі мяжу Ізраіля і Іарданіі.

21 чэрвеня ў 13.30 па мінскім часе самалёт з групай з 73 грамадзян Расіі і сямі грамадзян Беларусі вылецеў з Амана ў Маскву.

Паводле слоў дыпламата, самалёт прызямліўся ў аэрапорце «Дамадзедава» ў 17.40 па мінскім часе. У Маскву прыбылі дзве жанчыны і пяцёра дзяцей. Цяпер з імі працуюць прадстаўнікі консульскай службы, з тым каб уладзіць неабходныя фармальнасці. Справа ў тым, што ёсць праблемы з дакументамі — пратэрмінаваны пашпарт, савецкі пашпарт узору 1974 года. Эвакуяваным аформяць пасведчанне на вяртанне, і яны адправяцца на Беларускі вакзал. Для іх ўжо забраніраваны білеты на цягнік да Мінска. Ён адыходзіць у 22.25 па мінскім часе.

У палесцінскім сектары Газа на мінулым тыдні ўладу захапіла радыкальная ісламская групоўка ХАМАС, якая выступіла супраць умеранага руху ФАТХ. У выніку сутыкненняў загінула каля 130 чалавек.

Таццяна Каравянкова, Вячаслаў Будкевіч, БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0