***

Апошнія прызначэньні Аляксандра Лукашэнкі дазваляюць меркаваць, што дзяржапарат перастаў баяцца сьвядомых беларусаў. Пакуль, праўда, шанцы атрымаць пасаду маюць толькі людзі, не заангажаваныя ў апазыцыйныя структуры. А сёньняшнія апазыцыянэры ці гатовыя да такіх прапановаў з боку ўладаў? Па адказ мы зьвярнуліся да экспэртаў і да саміх апазыцыйных дзеячоў. Экспэрты адказвалі на пытаньне “Хто з апазыцыйных дзеячоў мог бы ўвайсьці ва ўрад?”, а палітыкі — “Ці гатовыя вы сёньня пайсьці на працу ва ўрад, калі атрымаеце такую прапанову?”

Прафэсіяналы ці здраднікі?

Аглядальнік радыё “Свабода” Юры Дракахруст бярэ пад сумнеў мэтазгоднасьць уваходу апазыцыянэраў ва ўрад. Ён схіляецца да таго, што, паводле азначэньня, яны — людзі, якія змагаюцца за ўладу. Але не выключае, што некаторыя апазыцыйныя дзеячы, кіруючыся інтарэсамі Беларусі, могуць даць згоду. “Праўда, у такім разе ім давялося б перакрэсьліць сябе як палітыкаў, — кажа Дракахруст. — Аднак людзі заўсёды могуць паслужыць Бацькаўшчыне, ахвяруючы сваімі прынцыпамі. Калі эканоміка Беларусі “накрыецца медным тазам”, усе палітычныя адрозьненьні будуць менш істотнымі”.

Ю.Дракахруст хацеў бы бачыць ва ўрадзе апазыцыянэраў-прафэсіяналаў: Міхаіла Чыгіра, Станіслава Багданкевіча, Васіля Шлындзікава. Але ён ня бачыць пасады, якую маглі б заняць Вінцук Вячорка альбо Анатоль Лябедзька. Апошніх Ю.Дракахруст лічыць прафэсіяналамі толькі ў палітыцы, у адрозьненьне ад таго ж С.Багданкевіча, які яшчэ й эканаміст, банкір. Праўда, Вячорка, як вядомы мовазнаўца, мог бы знайсьці сваё месца ў Міністэрстве адукацыі. У Міністэрстве абароны маглі б працаваць Мікола Статкевіч і Сяргей Чыслаў. Міністэрства інфармацыі магла б ачоліць Жанна Літвіна. Мечыслаў Грыб, напэўна, быў бы ня супраць узначаліць Міністэрства ўнутраных справаў. Мінюстам мог бы кіраваць Міхаіл Пастухоў. Апазыцыянэры маглі б стаць на чале і іншых міністэрстваў, якія цяпер нярэдка ўзначальваюцца выпадковымі людзьмі.

Сам Ю.Дракахруст на месцы апазыцыйных дзеячоў ва ўрад бы не пайшоў. “Але, калі хтосьці такое рашэньне прыме, я ня буду казаць, што ён здраднік, які служыць ворагу”.

Могуць ці ня могуць?

Прэзыдэнт Цэнтру палітычнай адукацыі Андрэй Ляховіч ня бачыць сярод апазыцыйных дзеячоў людзей, вартых увайсьці ва ўрад. Ён ня ведае такіх фігураў, ня верыць, што апазыцыянэры разумеюць, як трэба змагацца за ўладу. “Важнае пытаньне — ці здольная апазыцыя сёньня змагацца за ўладу? А ці зможа яна кіраваць краінай — яшчэ большае пытаньне”, — кажа А.Ляховіч.

Журналістка “Советской Белоруссии” Ніна Раманава лічыць, што на сёньня гаварыць пра ўдзел апазыцыйных палітыкаў ва ўрадзе несур’ёзна.

Аднак праблема ня толькі ў здольнасьцях апазыцыйных палітыкаў. Улада паспрыяла таму, каб некаторыя апазыцыянэры не маглі працаваць ва ўладзе. Самы характэрны выпадак — гэта справа былога прэм’ера Міхаіла Чыгіра, які, згодна з судовым рашэньнем, у найбліжэйшыя гады ня мае права займаць адказныя пасады, ня зможа ён і балятавацца ў прэзыдэнты на будучых выбарах кіраўніка дзяржавы.

Без каманды можна загінуць

Васіль Шлындзікаў, адзін з кіраўнікоў Аб’яднанай грамадзянскай партыі, кажа, што ён сёньня не гатовы ісьці ва ўрад. На яго думку, туды “трэба ісьці адной камандай”, інакш “адзін нічога ня зробіш і загінеш”. Васіль Шлындзікаў мае на ўвазе сьмерць палітычную.

Былы кіраўнік Нацыянальнага банку Станіслаў Багданкевіч таксама не гатовы да такога кроку. “Я быў бы гатовы, каб урад меў паўнамоцтвы. Паўнамоцтвы на зьмену сыстэмы ўлады, на разьдзяленьне ўладаў, на вяршэнства закону, на свабоду СМІ. Але ніякіх перадумоваў для гэтага няма, таму я не гатовы”, — кажа С.Багданкевіч.

Патрэба эканамічных зрухаў

Сярод апазыцыянэраў, якія маглі б сёньня працаваць ва ўрадзе, экспэрты называюць і Валянціну Палевікову, былую кіраўнічку партыі жанчын “Надзея”. Яе кандыдатуру вылучае генэральны дырэктар АТН Белтэлерадыёкампаніі Аляксандар Мартыненка. Ён пэўны, што толькі В.Палевікова магла б там працаваць. “Яна займалася б сацыяльнымі пытаньнямі, — кажа Мартыненка. — А больш сярод апазыцыянэраў я нікога ня бачу. Яны альбо занадта старыя, альбо не ўяўляюць сабе сутнасьці справы”.

Сама Валянціна Палевікова, на сёньня лідэр незарэгістраванай Аб’яднанай сацыял-дэмакратычнай партыі, ва ўладныя структуры працаваць ня пойдзе ні ў якім разе, нават думаць пра гэта ня хоча. “Я пайшла б на прадпрыемства па сваёй спэцыяльнасьці. 16 гадоў я адпрацавала інжынэрам-праграмістам. І сёньня бачу, што мая праца вельмі патрабуецца. Я ўжо атрымлівала прапановы”, — кажа Палевікова. Яна пэўная: пакуль ня зьменіцца сыстэма, ня зрушыцца эканоміка, у жыхароў Беларусі будуць мізэрныя заробкі, нашы землякі будуць зьязджаць за мяжу.

“Я застаюся ў палітыцы, — гаворыць В. Палевікова. — Важна быць у палітыцы, каб разумець сытуацыю, той стан, у якім знаходзіцца краіна. Без эканамічных зрухаў ня будзе зьменаў палітычных”.

Справа ў мэханізмах

На думку былога рэдактара “НН” Сяргея Дубаўца, сярод апазыцыйных дзеячоў ёсьць нямала тых, хто варты працаваць ва ўрадзе. “Але цяпер рэч не ў пэрсаналіях, а ў мэханізмах, — кажа Дубавец. — Вось ледзь ня стаў рэдактарам часопісу Шайбак. Калі б стаў, замест “Всемирной литературы” была б “Сусьветная літаратура”, арыентаваная на школу, на пераклад сусьветнае клясыкі, на запаўненьне калясальнае культурнае лякуны. І гэта толькі прыклад, якім чынам чалавек “зь іншага берагу” можа радыкальна зьмяніць сытуацыю ў пэўнай сфэры на добрае, на прырост нацыянальнага багацьця”.

С.Дубавец лічыць, што сытуацыю можна зьмяніць у любой сфэры. Хоць відавочна, што калі сярод апазыцыянэраў-культурнікаў шмат прафэсіяналаў, якія маглі б пасьпяхова працаваць у Міністэрстве культуры, Міністэрстве адукацыі, дык апазыцыянэраў-прамыслоўцаў альбо апазыцыянэраў-сілавікоў няшмат. Таму й ня дзіўна, што напярэдадні леташніх прэзыдэнцкіх выбараў апазыцыйныя структуры распаўсюджвалі інфармацыю пра тое, што не зьбіраюцца, у выпадку перамогі, ладзіць “чыстку” чынавенства альбо сілавых структураў. Старыя кадры не было на каго мяняць. Наўрад ці адбудуцца такія “чысткі” і ў будучыні.

С.Дубавец лічыць, што “праз выбары, “па-эўрапейску”, нашы апазыцыйныя дзеячы яшчэ няхутка стануць міністрамі. “Хутчэй наяўныя міністры павернуцца да нацыянальных інтарэсаў. Або такім вось явачным парадкам (як у прыкладзе з Шайбаком) будуць займаць месцы паводле ратацыі. Гэткім чынам і выявіцца, хто варты, а хто — пры ўсіх сваіх здольнасьцях — гатовы вечна чакаць для Беларусі югаслаўскага ці ірацкага варыянту, народнай рэвалюцыі, грамадзянскай вайны ці якога іншага фантастычнага ў нашай сытуацыі закалоту”.

Апазыцыйная палітычная эліта без асаблівага энтузіязму ставіцца да ідэі пайсьці працаваць ва ўрад, які падначальваецца Лукашэнку. Па-першае, яе туды яшчэ ніхто ня кліча. Па-другое, пераважная большасьць гэтых людзей ня хочуць ахвяраваць сваімі прынцыпамі, рызыкаваць палітычнай рэпутацыяй, няхай і дзеля таго, каб паслужыць Беларусі. Апазыцыйныя дзеячы, нягледзячы на ўсе ранейшыя паразы, усё ж спадзяюцца перамагчы Лукашэнку і ня бачаць сэнсу ў супрацы зь ім.

Сам Лукашэнка пакуль не карыстаўся прыёмам, да якога часта зьвярталіся Кучма ці Ельцын, — зьменаю ўраду на іншы, сфармаваны палітыкамі з процілеглага стану. Гэта дазваляла ўкраінскаму і расейскаму прэзыдэнтам утрымлівацца на плаву ў самых безнадзейных сытуацыях, то дабіваючыся заходніх крэдытаў, а то падымаючы падупалы рэйтынг.

Алег Тачоны

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0