***

Кіраўніку Беларусі і сямём ягоным міністрам забаронена зьяўляцца ў Эўропе. З Лукашэнкам пачалі размаўляць ягонай жа мовай, без эківокаў. Ці штурхне гэта Менск у абдымкі Масквы, стане ясна 27 лістапада.

Аляксандар Лукашэнка і сем ягоных урадоўцаў пазбаўленыя права ўяжджаць на тэрыторыю 14 краінаў Эўразьвязу. У чорным сьпісе кіраўнік Адміністрацыі прэзыдэнта, прэм’ер, старшыня КДБ, міністры замежных справаў, абароны, унутраных справаў, юстыцыі. Толькі Партугалія, што знаходзіцца ад Беларусі найдалей, дабілася права не далучацца да супольнага рашэньня.

Партугальцы баяліся, што дыпляматычныя санкцыі супраць Беларусі могуць сапсаваць ход канфэрэнцыі міністраў замежных справаў АБСЭ, што мае адбыцца 6—7 сьнежня ў Порту. Гэта быў, аднак, ня першы выпадак, калі партугальскія дыпляматы спрачаліся з сваімі калегамі наконт візавых абмежаваньняў. Нядаўна аналягічныя разыходжаньні ўзьніклі ў пытаньні пра забарону на візы для кіраўнікоў Зымбабвэ. Але партугальскі міністар не пераканаў калег у немэтазгоднасьці ўвядзеньня санкцый супраць Беларусі.

Каб знайсьці годны кампраміс, міністры пагадзіліся на формулу, што выключае Партугалію зь сьпісу забароненых краінаў. Калі лукашэнкаўцы паедуць у Порту, ім будзе выдадзеная нацыянальная партугальская, а не шэнгенская віза.

Чорны сьпіс быў скарочаны з 52-х, пра якіх вялася гаворка раней, да васьмёх асобаў. Такую прапанову ўнесла Швэцыя. Яна спасылалася на засьцярогі Польшчы, Латвіі і Літвы. Гэтыя краіны-кандыдаткі зазвычай амаль аўтаматычна падтрымліваюць усе рашэньні Брусэлю, але ў дадзеным выпадку гэта зрабіла б немагчымым вырашэньне штодзённых пытаньняў памежнага супрацоўніцтва.

Напярэдадні сустрэчы ў Брусэлі шэф польскай дыпляматыі Ўладзімер Цімашэвіч заявіў, што Польшча падтрымлівае само рашэньне і разумее ягоныя матывы, але, зыходзячы з рацыі суседзтва і канечнасьці кантактаў зь Беларусяй, ёй цяжка было б спыніць зь ёй адносіны.

Падставай для санкцый стала неаднаразовая адмова Менску падоўжыць візы супрацоўнікам місіі АБСЭ і поўная адсутнасьць дэмакратыі ў Беларусі. Хоць Менск пачаў распраўляцца зь місіяй адразу пасьля леташніх выбараў, а дэмакратыяй ня пахне ад 1995-га, гром грымнуў толькі цяпер.

У суайчыньнікаў па кантынэнце даўно часаліся рукі пакараць “апошняга дыктатара Эўропы”. Стрымлівала толькі тое, што яшчэ большая ізаляцыя беларускага кіраўніцтва непазьбежна штурхнула б яго ў цясьнейшыя абдымкі Масквы. Адчуўшы, што інкарпарацыя Беларусі ў Расею больш не стаіць на парадку дня, эўрапейцы памянялі тактыку. А тутака і нагода вырвалася: імпэтнае жаданьне “дыктатара Беларусі” прарвацца на саміт NATO ў Прагу, шантажуючы Эўропу кантрабандай наркотыкаў і нелегальнай іміграцыяй.

У адрозьненьне ад санкцый, якія эўрапейцы ўводзілі ў 90-х, гэтым разам яны могуць даць эфэкт. Па-першае, узрасла залежнасьць краіны ад экспарту ў Эўразьвяз. Па-другое, сярод беларусаў вырасла папулярнасьць ідэі інтэграцыі ў Эўрасаюз.

Ніякіх адэкватных мераў у адказ Беларусь прыняць ня можа. Хіба што сапраўды, на радасьць тутэйшым кантрабандыстам, здыме дротавыя заслоны на заходняй мяжы. Таму афіцыйныя мэдыі нават ня надта крытыкуюць эўрапейскія краіны, абмяжоўваючыся звыклымі спасылкамі на “амэрыканскі ціск”.

На канфэрэнцыі па Беларусі, арганізаванай 14 лістапада ў Вашынгтоне пад эгідай “Амэрыкен энтэрпрайз інстытут”, прагучалі заклікі да “зьмены рэжыму” ў Беларусі. Гэты выраз апошнім часам стаў модным у дачыненьні да Іраку. Пасьля такое паралелі Лукашэнку не выпадае спадзявацца на літасьць з боку Вашынгтону. Аднак ад эўрапейцаў беларусы заўжды чакалі большага.

Беларусь ня можа праводзіць палітыку самаізаляцыі доўгі час. Таму Пуцін зрэагаваў на рашэньне эўрапейцаў імгненна. У аўторак прэс-сакратарка кіраўніка Беларусі Натальля Пяткевіч з захапленьнем абвесьціла, што А.Лукашэнка атрымаў запрашэньне з Масквы. Праўда, інфармаваныя расейскія крыніцы цьвердзяць, што сустрэча адбудзецца па просьбе беларускага боку.

Візыт Лукашэнкі ў Маскву можа адбыцца ўжо 27 лістапада. Мяркуючы па імгненнай рэакцыі, Масква гатовая гуляць зь Менскам у тую ж гульню, якая прынесла ёй за апошні год столькі перамог на ўкраінскім фронце. Беларуска-расейская сустрэча ў вярхах можа стаць чарговым паваротам флюгера беларускай палітыкі. Раз Лукашэнку ня будзе куды езьдзіць, акрамя як у Расею, ён гатовы езьдзіць у Расею.

Мікола Бугай

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0