***

Упершыню за 600 гадоў адбыўся падзел ісламскай грамады Беларусі. У кастрычніку Камітэт па справах рэлігіяў і нацыянальнасьцяў пры Саўміне зарэгістраваў Духоўнае ўпраўленьне мусульманаў, якое сталася канкурэнтам Мусульманскаму рэлігійнаму аб’яднаньню, што існуе ўжо 8 гадоў. Каб разабрацца ў прычынах падзелу, мы зьвярнуліся да муфціяў абедзьвюх рэлігійных арганізацыяў.Муфці Ісмаіл Александровіч, старшыня Мусульманскага рэлігійнага аб’яднаньня, адказаў на пытаньні карэспандэнта “НН”.

“НН”: У чым прычына расколу?

І.А.: Я лічу, што прычына ў асабістых амбіцыях двух кіраўнікоў новага аб’яднаньня: Ісмаіла Варановіча, які ўжо абвясьціў сябе муфціем, і Сулеймана Байрашэўскага, настаяцеля мячэту з Слоніму. Яны доўгі час хацелі быць наперадзе, кіраваць, былі незадаволеныя існым становішчам. На зьезьдзе ў 2000 г. ім прапаноўвалі выступіць са сваёй праграмай, надрукаваць яе ў нашай газэце “Жизнь”, але Варановіч і Байрашэўскі не захацелі. Калісьці яны былі сябрамі Муфціяту, а на зьезьдзе іх ня выбралі нават у кандыдаты, вось і пакрыўдзіліся…

“НН”: Варановіч сам сябе прызначыў муфціем?

І.А.: Мы дакладна ня ведаем, ці праводзілі яны зьезд, ці былі выбраны дэлегаты. Бо людзі зь некаторых грамадаў кажуць, што ня чулі, каб ад іх выбіраліся дэлегаты. Усё рабілася таемна, нечакана. Неяк мы даведаліся, што Варановіч і Байрашэўскі агітуюць людзей пераходзіць да іх. Мы схадзілі ў Камітэт па справах рэлігіяў і нацыянальнасьцяў, каб паглядзець іх статут, праграму — мо яны прыдумалі нейкі свой іслам. Але ніякіх адрозьненьняў між намі няма. Гэты раскол скіраваны на аслабленьне, на шкоду нашай грамадзе.

“НН”: Колькі грамадаў Мусульманскага рэлігійнага аб’яднаньня адышло да Духоўнага ўпраўленьня мусульман?

І.А.: У нас сёньня 21 грамада, у іх — 5. Да гэтай арганізацыі адносіцца слонімская грамада на чале з Сулейманам Байрашэўскім, у мясцовым мячэце яны маюць і юрыдычны адрас. У Менску Варановіч стварыў паралельную грамаду. У Віцебску яны прыцягнулі да сябе не грамаду, а толькі кіраўніка. Дый таго ніхто не выбіраў. У 1994 г. тагачасны кіраўнік грамады вымушаны быў сысьці з пасады, бо працаваў у судовых органах. Справы ён перадаў беларусу, які толькі прыняў іслам, зь імем Абдуль Хак. Але ж, паводле статуту, кіраўніка выбірае агульны сход мусульманаў. Варановіч таксама стварыў, пераважна з сваякоў, паралельную грамаду ў Клецку. Пятая грамада ў Ля-хавічах, ёю кіруе стрыечны брат Варановіча Рашыд Байрашэўскі.

“НН”: Прадстаўнікі Духоўнага ўпраўленьня мусульман вінавацяць вас у арыентацыі толькі на арабскія краіны, у прыналежнасьці да вагабітаў…

І.А.: Але ці ўяўляе Варановіч, што такое “вагабізм”? У Беларусі нават і духу яго няма. Варта адзначыць, што Вагаб — заснавальнік руху — заклікаў вяртацца да асноваў ісламу. Іншая справа, што яго выказваньні хтосьці трактуе так, як яму гэта выгадна. Так што абвінавачаньне надуманае.

Мы падтрымліваем цесныя сувязі з мусульманамі ня толькі арабскіх краінаў, але і Башкірыі, Татарстану, Самары, Сібіру і Далёкага Ўсходу, Інгушэціі. А чаму мы мусім адракацца кантактаў з арабскімі краінамі, адкуль калісьці і выйшаў іслам?! Варановіч і яго прыхільнікі проста шукаюць апраўданьне свайму кроку.

“НН”: Ці ўдасца пераадолець наступствы расколу?

І.А.: Упершыню за 600 гадоў існаваньня мусульманскай грамады ў Беларусі адбыўся яе раскол. Мы прынялі зварот да мусульманаў, які надрукавалі ў газэце “Жизнь”. Цяпер у нас пост. Пасьля яго зьбяромся, абмяркуем сытуацыю. Далей будзе відаць, што рабіць. Магчыма, яны адумаюцца і вернуцца. У нас хапае вонкавых праблемаў, а тут яшчэ зьявіліся ўнутраныя…

Гутарыў Алег Тачоны

Ісмаіл Варановіч : "Мы адкрыем мэдрэсэ"

Муфцію Ісмаілу Варановічу 70 гадоў. Ён, як і муфці Ісмаіл Александровіч, нарадзіўся ў Клецку.

“Ніякага расколу не было, — кажа Ісмаіл Варановіч. — Грамады, якія ўвайшлі ў Духоўнае ўпраўленьне мусульманаў (скарочана ДУМБел), ніколі не належалі да Мусульманскага рэлігійнага аб’яднаньня.

Фота Анатоля Клешчука
Фота Анатоля Клешчука
Яны дзейнічалі аўтаномна. Дый цяпер яшчэ застаюцца такія аўтаномныя грамады. Раскол адбываўся раней, яшчэ ў 1994 г., калі кіраўнікі Мусульманскага рэлігійнага аб’яднаньня гвалтам забралі пад сваю ўладу мусульманскія грамады Гарадзеншчыны”.

Ісмаіл Варановіч, як і Сулейман Байрашэўскі, катэгарычна адмаўляе, што прычынай стварэньня новай рэлігійнай арганізацыі зьяўляюцца яго асабістыя амбіцыі. Паводле словаў Варановіча, за гады існаваньня Мусульманскага рэлігійнага аб’яднаньня накапілася шмат нявырашаных праблемаў, узьніклі рознагалосьсі па рэлігійных пытаньнях. Напрыклад, спыніўся рост грамадаў: памерлі людзі сталага веку, а новых вернікаў амаль няма. Гэта не турбавала кіраўніцтва, кажа Варановіч. Акрамя таго, не было навучаньня вернікаў, ніхто ня думаў пра тое, як спыніць зьмяшаныя шлюбы, як аказаць сацыяльную дапамогу тым, хто ў ёй мае патрэбу, як пабудаваць у Менску мячэт. Ісмаіл Варановіч крытыкуе кіраўніцтва Мусульманскага рэлігійнага аб’яднаньня і за тое, што яно арыентуецца на арабскія краіны. “Нам кажуць, што адтуль да нас прыходзіць “чысты іслам”, а насамрэч адтуль ідзе чужая традыцыя, не характэрная для мусульманаў Беларусі. Беларускія мусульмане маюць свае традыцыі, якія накопліваліся цягам 600 гадоў”.

Доўгі час Ісмаіл Варановіч быў намесьнікам муфція Ісмаіла Александровіча, актыўна працаваў з грамадамі, ствараў новыя. У 2000 г. яго і Байрашэўскага выдалілі з кіраўніцтва Мусульманскага рэлігійнага аб’яднаньня. “Як іншадумцаў”, — мяркуе Варановіч. Тады яны вырашылі стварыць уласную арганізацыю. Варановіч кажа, што падрыхтоўка вялася адкрыта, ён прапаноўваў вырашыць усе непаразуменьні за сталом перамоваў. А тут на яго паліўся бруд з газэты “Жизнь”. “Я на гэтую правакацыю не паддаўся і нічога ў адказ не пісаў, хоць мне і прапаноўвалі. І некаторыя падумалі, што я маўчу, бо ў чымсьці вінаваты”, — кажа Ісмаіл Варановіч.

Паводле ягоных словаў, цяпер ДУМБел мае вельмі шмат працы. “Сёньня, калі ў Беларусі жыве каля 80 тыс. мусульманаў, зь якіх толькі дзьве тысячы — мясцовыя татары, дык мы мусім імкнуцца ахапіць як мага большую іх частку”, — мяркуе Варановіч.

Новае рэлігійнае аб’яднаньне ставіць задачы адкрыцьця ў Беларусі мэдрэсэ, арганізацыі догляду могілак і мячэтаў, стварэньня інтэрнату для старых людзей і г.д. Каб зьдзейсьніць усё гэта, патрэбныя ня толькі людзкія, але й матэрыяльныя рэсурсы. Варановіч мяркуе, што ўдасца зарабляць грошы самім, ды спадзяецца на дапамогу аднаверцаў з Расеі.

С.Ё.

Пра вагабізм у Беларусі

Калі ў 1999 г. зноў пачалася расейска-чачэнская вайна, спэцслужбы Беларусі пільна шукалі прыхільнікаў вагабізму ў нашай краіне. Зь некаторымі прадстаўнікамі мусульманскай грамады праводзіліся “прафіляктычныя гутаркі”. Аднак большую небясьпеку спэцслужбы бачаць у студэнтах і ўцекачах з арабскіх краінаў.

У кастрычніку 2002 г. наконт вагабізму ў Беларусі ў інтэрвію інтэрнэт-сайту Islam.ru выказалася вялікая спэцыялістка па беларуска-татарскіх справах сакратарка беларускай амбасады ў Маскве Тамара Гуцава: “Мусульмане Беларусі не пайшлі на повадзе ні ў рэспубліканскай апазыцыі, ні ў заежджых прапаведнікаў вагабізму, хоць спробы ўцягнуць іх у палітычныя махінацыі былі”.

ад рэдакцыі

Нацыянальным інтарэсам Беларусі найлепш адпавядае арганізацыя, якая стаіць на незалежніцкіх, дзяржаўніцкіх пазыцыях. І Мусульманскае рэлігійнае аб’яднаньне, і Духоўнае ўпраўленьне мусульманаў прыхільна ставяцца да сувэрэнітэту нашай краіны. Розьніца між імі хіба ў выбары партнэраў. Муфці Ісмаіл Варановіч лічыць, што ў кантактах з аднаверцамі прыярытэт павінен аддавацца расейскім мусульманам, але не з-за палітычнай каньюнктуры — маюцца на ўвазе, паводле ягоных словаў, цесныя гістарычныя сувязі. Шырокай сацыяльнай дзейнасьцю ён разьлічвае прыцягнуць у сваю ДУМБел як мага больш мусульманаў.

Арганізацыя муфція Ісмаіла Александровіча, вядомая традыцыйнай арыентацыяй на інтарэсы беларускіх татараў, адстойвае права актыўна супрацоўнічаць з мусульманамі арабскіх краінаў. Дзякуючы дабрачыннай дапамозе арабаў, магчыма, у Менску ўсё ж будзе пабудаваны мячэт. Аднак тут паўстае праблема прыцягненьня ў мусульманскія грамады аднаверцаў-новаэмігрантаў, — людзей, пераважна незнаёмых зь мясцовай мусульманскай традыцыяй. Шмат тут будзе залежаць ад аўтарытэту і сілы мясцовых мусульманскіх грамадаў і іх кіраўнікоў. Інакш можна чакаць зьяўленьня новых рэлігійных арганізацыяў, створаных новаэмігрантамі, якія будуць арыентаванымі ня столькі на беларускую дзяржаўнасьць, колькі на свае духоўныя цэнтры за межамі Беларусі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0