***

Расейскія СМІ, што ўзьнялі чарговы ажыятаж вакол Беларусі ды яе кіраўніка, гэтым разам вылучаюцца асаблівай бесцырымоннасьцю.

Не, можна было і даўней у “Ляльках” пабачыць вусатага здаравяка з гармонікам і характэрным акцэнтам, які “на цыганскам факульцеце абразаванье палучыл”, можна было прачытаць у якой старазапаветнай газэце словы баявога генэрала пра тое, што дапамагчы Расеі ў Чачэніі — абавязак беларусаў. Аднак усё гэта казалася да слова, было ілюстрацыяй да расейскіх праблемаў. Цяпер беларускае пытаньне аналізуецца як самадастатковае, прычым такім тонам, на які расейцы, як замежнікі, папросту ня маюць права.

Так, падрыўную зуброўскую акцыю нагадвалі апошнія, шматкроць анансаваныя, НТВ-шныя “Лялькі”: Лукашэнка ў псыхушцы за кратамі. Або вось характарыстыка, якую аналітык інтэрнэт-старонкі “Gazeta.Ru” Сяргей Мастаўшчыкоў дае беларусам: “З карысных выкапняў беларускаму народу дасталася бульба, з спрадвечных заняткаў — гатаваньне катлетаў, падмятаньне ў хаце, выгул парасяці, порка дзяцей, рыданьне, бойка, пошук справядлівасьці ў сьвеце, карасканьне і габляваньне”.

Аднойчы мне давялося праехаць ад Седліцаў да Белай-Падляскай у цягніку “Варшава—Масква” разам з п’яным будаўніком-палякам. Даведаўшыся, адкуль я, ён радасна зароў: “А, беларусін! Брат Лукашэнкі! Хакей, лыжы!” І за пяць хвілінаў распавёў усё тое нямногае, што ведаў пра Беларусь, нібы я й быў той “апошні дыктатар Эўропы”. Пырскала сьліна, шчокі трэсьліся, азызлы твар аж сьвяціўся ад радасьці, выкліканай пачуцьцём сваёй вышэйшасьці, маральнае перавагі. Сьмешна і прыкра. Стылёва бездакорны і перасыпаны ценкімі алюзіямі фэльетон Мастаўшчыкова нагадаў мне маналёг таго паляка. Аднак цяжка сабе ўявіць, каб апошняму далі слова на TVP1 або на інтэрнэт-сайце “Gazety Wyborczej”.

Што тут такога, скажаце вы, вунь Алесь Чобат з Сакратам Яновічам яшчэ й не такое часам пішуць пра беларусаў, а чаго нацярпеўся кіраўнік дзяржавы ад нашае прэсы за восем гадоў — уявіць цяжка. Але яны — свае. А чужым трэба час ад часу нагадваць, што, прыкладам, А.Лукашэнка для іх — ніякі ня “наш Сашка”, а прэзыдэнт сувэрэннае дзяржавы.

Гэта зусім ня ліст у абарону Аляксандра Лукашэнкі. Не пра яго гаворка. Гаворка пра этыку і прафэсіяналізм, пра ўменьне пісаць востра, але бяз хамства, праблемна, але не абражаючы. І што казаць, калі ў гэтых пытаньнях расейскім СМІ часьцяком трэба даганяць і пераганяць п’янага польскага будаўніка? Калі з шырокіх калашынаў тамтэйшае дэмакратычнае прэсы часам выглядае звычайны імпэрыялізм ды палітычная замова? І яны будуць, як казаў габрэй з показкі, вучыць нас камэрцыі?

Міжволі згадваецца байка, якую распавядаў рэдактар аднае берасьцейскае газэты. У рамках нейкае праграмы “па абмене досьведам” зь лекцыямі прыехалі расейскія журналісты. Былі яны з самое Масквы і на тутэйшыя рэаліі паглядалі крыху пагардліва. Адчытаўшы свае даклады пра тое, як трэба пісаць і як фатаграфаваць, звысок агледзелі тутэйшы журналісцкі бамонд і працадзілі: “Вопросы есть?” Пытаньне ім задалі адно: “Скажыце, а Масква — вялікі горад?” Пасьля гэтага лектары неяк надзвычай хутка зьехалі.

На дзяржаўным узроўні гэткія пытаньні мусіць фармуляваць МЗС. Дыпляматычным чынам, але ня менш дасьціпна. Бо прэзыдэнты мяняюцца, а рэпутацыя краіны застаецца.

Андрэй Скурко

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0