АНДРЭЙ ЛЯНКЕВІЧ. Ірына Каралькова дабіваецца беларускай адукацыі для сваёй дачкі
АНДРЭЙ ЛЯНКЕВІЧ. Ірына Каралькова дабіваецца беларускай адукацыі для сваёй дачкі
Чмур раённага маштабу. Лінч над беларускай сям'ёй. Маўчаньне аўтарытэтаў. Бясьсільле моцнае дзяржавы. "У CШ №4 г.Горкі адбыўся бацькоўскі сход". Нічога не было б дзіўнага ў гэтым паведамленьні, каб ня своеасаблівасьць нагоды: сход сабралі, каб адахвоціць сям'ю Каральковых ад навучаньня іхнае дачкі па-беларуску.

Больш за тры гады людзі адстойваюць гэтае права. Праблема Каральковых і іх адносінаў зь мясцовым аддзелам адукацыі трапіла ў СМІ, стала вядомая ўсёй краіне. Спачатку яе разглядалі скрозь прызму палітыкі й ня больш (Каральковы - сябры БНФ), цяпер выявілася сацыяльная афарбоўка. Падзеі ў Горках чарговы раз давялі, што праблема беларускае мовы й беларускамоўнага навучаньня - гэта ўжо не палітыка, а пытаньне правоў чалавека.

Мясцовыя ўлады ня ведаюць іншых шляхоў вырашэньня такіх праблемаў, акрамя рэпрэсій. Чыноўнікам з раённага аддзелу адукацыі не пазайздросьціш: мі-ністэрства на іх цісьне, каб у Горках зьявілася беларуская школа. Сям'я Каральковых па-трабуе таго самага. Аднак, каб вырашыць пытаньне, не стае кваліфікаваных кадраў, здольных якасна выкладаць прадметы па-беларуску, не стае і патрэбнай колькасьці вучняў, каб ад-крыць паўнавартасную клясу.

Чым вырашыць гэтыя пытаньні, прасьцей - так здавалася чыноўнікам - "зламаць" Каральковых. Але трапіліся зацятыя, нязломныя. Чыноўнікі па-гражаюць судом - Каральковы не баяцца.

Чыноўнікі гатовыя на кампраміс. Ім няўцям, чаму Каральковы ня хочуць аформіць дзіця ў вясковую беларускую школу. Чыноўнікі нават абяцаюць вазіць дзяўчынку ў тую вёску. Аднак Каральковы жывуць у Горках ад нараджэньня й сяло для іх - чужое, варожае асяродзьдзе. Не таму, што тамака народ дзікі, папросту тамака іншы культурны кантэкст, жывуць і думаюць людзі па-іншаму.

І вось, вычарпаўшы ўсе спосабы ўзьдзеяньня на Каральковых, горацкі аддзел адукацыі й адміні-страцыя школы наносяць удар ніжэй пояса. Яны ініцыююць баць-коўскі сход. Бацькам прапануецца выказаць сваё стаўленьне да магчымага пераводу аднае зь пятых клясаў на беларускую мову. Каб надаць значнасьці мерапрыемству, на сход запрашаюць супрацоўнікаў абласнога ўпраўленьня адукацыі ды тэлебачаньне. Ладзяць такі міні-эшафот сям'і патрыётаў і цэлай "матчынай мове", ідэі яе адраджэньня.

Абмеркаваньне нагадвала травень 1995-га. І тады, і цяпер ад народу патрабавалі мандат. І ўлада мандат атрымала.

Сход распачаў дырэктар, які абвесьціў прысутным аб мэце мерапрыемства і дадаў, што веданьне мовы найбольш уплывае на фармаваньне асобы. Наступным быў намесьнік начальніка аддзелу адукацыі, які давёў, што на дадзены момант распрацаваная праграма пераводу аднае з горацкіх школаў на беларускую мову навучаньня.

Пасьля на сходзе выступіла група падтрымкі з Магілёва. Бацькі патэнцыйных беларускамоўных вучняў даведаліся аб выключнай ролі беларускай мовы ў ВКЛ і аб тым, што ў Магілёве ўжо амаль адкрытая беларускамоўная кляса з чатырох вучняў. Аб пэрспэктывах далейшага, пасьля школы, навучаньня не было сказана ні слова. Хочаш вучыся, хочаш не - жыві гісторыяй, карацей.

Супраць беларускамоўнага навучаньня найбольш апантана выступалі асобы, якія ў сілу сваіх службовых абавязкаў мусілі б, прынамсі, трымацца нэўтральнасьці. Як вы-сьветлілася на схо-дзе, па-беларуску нельга вывучыць належным чынам матэматыку - толькі па-расейску ды па-ангельску. Казаў гэта вайсковец зь мясцовага ваенкамату. "А палякі ці немцы як жа вучаць?" - спыталіся яго. "А во так і вучаць - адна назва, што вучаць". Пры гэтым ён дужа наракаў, што сёлета зачынілі гурток беларускага фальклёру - маўляў, дзіця вельмі шкадуе пра гэта.

Адна з настаўніц балюча адрэагавала на "рэзэрвацыю". У гэтым яна ўбачыла зьнявагу нашай "дзярэўні". Другая настаў-ніца так разнэрвавалася, што не змагла ў поўнай меры рэалізаваць сваю беларускамоўнасьць, хутка зьбілася й перайшла на мову большасьці. Пасьля сходу яна, падсеўшы да Каральковых, пераконвала, што тыя робяць дрэнна, пазбаўляючы дзіця калектыву.

Уцякач з Казахстану ня вы-трымаў і таксама выступіў. Ён сказаў, што не разумее беларускай мовы, але шкадуе, што зачынілі фальклёрны гурток. Большасьць прысутных маўчала. Адчувалася, што тэма гаворкі калі й закранае, дык не настолькі, каб прамаўляць. Усё адно вырашаць за іх.

Сход пытаньня ня вырашыў, хутчэй замацаваў пазыцыі бакоў. Улада вынікі сходу выкарастае, каб напісаць чарговую дакладную ў Мінадукацыі. Пры выпадку яны стануцца аргумэнтам, каб чарговы раз пераконваць Каральковых у няслушнасьці іхных дзеяньняў - маўляў, народ су-праць вас.

Каральковым жа бацькоўскі сход падаўся спробай зладзіць грамадзкі суд над імі. Сваёй пагарды такімі мэтадамі яны не хаваюць. Працяг змаганьня будзе.

Калі б на сходзе аказаўся такі аўтарытэт, які змусіў бы натоўп маўчаць, а сэрца кожнага з прысутных прамаўляць, усё магло б скончыцца па-іншаму. Які б высек іскру, выбіў сьлязу... Ня ведаю, хто мог бы стаць такім аўтарытэтам - Бураўкін, Дабравольскі ці Барыс Кіт. Але калі б такой здольнасьцю здымаць зь людзей чмур валодаў нейкі палі-тык ці міністар і калі б ён не цураўся кідаць усё ды ехаць у кожныя такія Горкі, дзе адной маленькай дзяўчынцы дужа па-трэбная ягоная прысутнасьць, такі чалавек і стаў бы новым лідэрам нашае палітыкі. Прынамсі, я за такім пайшоў бы.

Алесь Асіпцоў, Горкі

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0