На пачатку лістапада Міністэрства адукацыі зладзіла навукова-практычную канфэрэнцыю "Праваслаўная духоўнасьць і адукацыя ў новым тысячагодзьдзі" (VIII Сьвята-Эўфрасіньнеўскія чытаньні), на якой, сярод іншага, абмяркоўвалася патрэба ўвядзеньня ў школах праваслаўнай адукацыі ў форме факультатываў.

Удзельнікі канфэрэнцыі на ўсялякі манер паўтаралі фразу А.Лукашэнкі аб тым, што ў Беларусі 80% насельніцтва права-слаўныя. Таму пад рэлігійнай разумелася адукацыя праваслаўная. Удзельнікі канфэрэнцыі (з высокіх асобаў прысутнічалі мітрапаліт Філарэт і намесьніца міністра адукацыі Т.Кавалёва, рэгіёны былі прадстаўленыя дырэктарамі школаў, кіраўнікамі адукацыйнай "вэртыкалі") казалі, што праваслаўная адукацыя ў школе неабходная дзеля супрацьстаяньня сэктам і дзеля гуманізацыі адукацыйнага працэсу.

На пытаньні адносна ролі іншых традыцыйных рэлігій і канфэсій у беларускім грамадзтве было заўважана, што пры ўсім унёску іх у беларускую культуру, маўляў, менавіта праваслаўе мусіць атрымаць прыярытэтнае становішча як канфэсія, "маральныя нормы якой сталі аснаватворнымі для беларускай дзяржавы".

Пры гэтым на самой канфэрэнцыі былі агучаныя вынікі сацыялягічных апытаньняў: права-слаўнымі запісваюцца 62% грамадзянаў, але толькі 27% наведваюць царкву і адзначаюць праваслаўныя сьвяты.

І гуманізацыя школе насамрэч патрэбная, і пагроза грамадзтву ад дэструктыўных сэктаў застаецца. Але нешта сумнеў бярэ, ці ўрокі праваслаўя дадуць карысьць. А раптам дзеці будуць даваць лататы ад барадатых настаўнікаў у кірунку сэктаў яшчэ ахвотней, чым раней?

Гуманізацыя школы патрабуе перагляду школьных праграмаў, увядзеньня новых мэтодык выкладаньня і выхаваньня. Напры-клад, у Нямеччыне ўводзяць урокі мэдытацыі і ўрокі цішыні, калі цягам гадзіны ўся кляса маўчыць і думае. Гэта, мяркуюць немцы, мусіць спрыяць выхаваньню гарманічнай асобы. Нашыя ж праграмы, арыентаваныя на матэрыялістычны сьветагляд ("ад малпы"), непазьбежна ўвойдуць у супярэчнасьць з "Законам Божым" ("ад Адама"), што выкліча толькі дыскрэдытацыю апошняга ў вачах вучняў. Разумеюць гэта і ў Міністэрстве адукацыі.

Намесьніца міністра, пагаджаючыся зь неабходнасьцю ўвя-дзеньня факультатываў па рэ-лігійнай адукацыі, адзіная з выступоўцаў казала, што школа мусіць заставацца сьвецкай. Аднак яе прамова засталася без аплядысмэнтаў. А вось прадстаўнікі рэ-гі-ёнаў у сваіх выступах засьведчылі, што на месцах поўным ходам ідзе супрацоўніцтва з царквой і ўводзяцца факультатывы па асновах праваслаўнай этыкі.

Складаецца ўражаньне, што дырэктары школаў толькі чакаюць адпаведнай урадавай дырэктывы, каб гэтая тэндэнцыя ўвасобілася ў рэальных зьменах прадметнага складу школьных курсаў. Улічым, што Закон аб свабодзе веравызнаньня (ён лічыцца самым рэпрэсіўным у Эўропе) надае праваслаўю прыярытэтнае становішча.

На канфэрэнцыі дагаварыліся нават да таго, каб патрыятычнае выхаваньне праводзіць супольна з... казацкім рухам у Беларусі. Відаць, з духоўнымі пераемнікамі тых самых казакоў, якія вынішчылі ў свой час палову насельніцтва Падняпроўя. Затое крытыкавалася ўвядзеньне ў школах новага экспэрымэнтальнага курсу - валеалёгіі, асноваў сэксуальнага выхаваньня. Была прынятая пастанова патрабаваць ад Міністэрства адукацыі забароны дадзенага курсу ў дзяржаўных школах.

Шавінізм і кансэрватызм праваслаўнай царквы мала каго зьдзіўляе. А вось збліжэньне яе зь дзяржаўнымі структурамі пераходзіць ужо ў стадыю рэалізацыі інтарэсаў царквы дзяржаўнымі сродкамі.

Аляксей Бацюкоў, Магілёў

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0