Памяці "ARCHE"

Артыкул Пятра Ламана ў "НН" ад 18 кастрычніка знайшоў вычарпальную антытэзу ў наступным нумары, у артыкуле Сяргея Харэўскага "Наш прымітывізм". Шматгадовага аўтара "НН" і "Вострай брамы" нельга падазраваць у спробе адпрэчыць шляхетны зьмест выступу вядомага артыста і паэта, але ягоны тэкст у чарговы раз засьведчыў, што тая беларуская інтэлігенцыя, якую мы прызвычаіліся зваць адраджэнскай, надае нашмат болей увагі пытаньню, як трэба гаварыць з народам, чым таму, як гаварыць міжсобку.Перагортваю новыя часопісы, заяўленыя як незалежныя, - "Дзеяслоў",

ARCHE
ARCHE
"ARCHE" - у пошуках праблемнага матэрыялу. Адчуваньне, як у наведніка савецкага ўнівэрмагу, які ўзяліся аб-слугоўваць два японцы. На ўваходзе стаіць адзін і кажа: "Ніцога нямашака, ніцога нямашака!", а на выхадзе - другі: "Пераканаліся? Пераканаліся?"

Дзе знайсьці сур'ёзны роздум кампэтэнтных людзей на тэмы, важкія для

нашага грамадзтва? Словаў шмат, але мала тэкстаў. Тэкстаў мала, а яшчэ

меней твораў. Творы можна на пальцах пералічыць, а выданьняў зусім няма.

Было адно, дзе бязьлітасныя зубаскалы бэсьцілі гісторыкаў і пісьменьнікаў за тое, што блытаюць гады жыцьця асобаў, пра якіх бяруцца пісаць, музыкаў - за тое, што не працуюць над абнаўленьнем рэпэртуару; дзе ішла размова паміж адукаванымі людзьмі на тэмы, якія цікавяць адукаваных людзей, - на ўзроў-ні, які дазваляў не сумнявацца ў адукаванасьці суразмоўнікаў. Больш няма.

Затое ёсьць бадзёрыя сьцьверджаньні: "Увогуле тэматычную прастору беларускай літаратуры можна параўнаць з пашырэньнем Сусьвету пасля выбуху Звышновай. Пішуць пра ўсё" ("Дзеяслоў"). І няма пытаньняў, як вызначыць, ці пра штосьці не забыліся і ці насамрэч адбіваецца нейкім драматычным чынам на Сусьвеце выбух Звышновай.

Ёсьць бясконцы эксгібіцыянізм дробязных успамінаў і няма спро-бы асэнсаваць вынікі апош-ніх пятнаццаці гадоў у хоць бы якой сфэры грамадзкага жыцьця (прыклад спробы зрабіць гэта ў галіне мастацкай літаратуры глядзі вышэй).

Ёсьць эклектычная сумесь розных тэкстаў - асабліва ўражвае "ARCHE" "Нашы дзеткі" і ягоны папярэднік "ARCHE" №1-2002 - і няма трыбуны для грунтоўнай размовы.

Ёсьць ўзаемазахапленьне аўтараў (узор - інтэрвію Леаніда Галубовіча з

Алесем Асташонкам у "Дзеяслове") і ані каліва палемікі. Усё, чаго няма ў сёлетніх нумарох літчасопісаў, хай патроху, але прысутнічала ў "ARCHE-Скарыне". Аўтары жадалі вы-сьветліць нейкую праблему, не для публікі, а для сябе саміх імкнуліся выглядаць разумнымі, адпавядаць свайму статусу. Гэта было балюча для тых, каму давялося трапіць пад крытычны агонь, але выхоўвала павагу да ўзроўню працы, што выстаўляецца на разгляд грамадзтва. Было - і больш няма.

Ці не пра тую ж зьяву гаворыць паважаны Пятро Ламан: артысты граюць па-беларуску, але на рэпэтыцыі гавораць па-расейску - адпрацавалі для публікі й годзе? (А перад спэктаклем прапануюць залі "цяпло сваіх сярдзец" - як падчас гастроляў Купалаўскага ў Горадні.) Чым гэтыя паводзіны розьняцца ад паводзінаў рэдакцыі "Дзея-слова", якая ў першым нумары зьмясьціла творы, знаёмыя чытачам па іншых публікацыях? Цяперака ім няма чаго баяцца: у "ARCHE-Скарыне" маглі абсьмяяць, а ў "НН" ці "Нашым слове" адно сьлязу пральюць - і зноўку вернуцца да разважаньняў, як дурыць народ спрытней, чым гэта робіць улада.

"ARCHE-Скарына" зьнік. Рэфармаваны "ARCHE" і новапаўсталы "Дзеяслоў" вяртаюць традыцыю эклектыкі, непераборлівасьці й аксамітнае крытыкі. У іх могуць зьявіцца выдатныя творы, але на гэтых прынцыпах часопісы будуць адно месцам для публікацыі тэкстаў і ніколі ня стануць трыбунаю для абмеркаваньня праблемаў.

"НН" ня можа выконваць ролю інтэлектуальнага выданьня, гэта нельга спалучыць зь ейнай цяперашняй канцэпцыяй (хаця й робіць нешта ў гэтым кірунку - згадаем "Нашых сумленьнікаў" Анатоля Сідарэвіча ці "Кампот з

хрэнам" Пятра Ламана, - але на ўзроўні публіцыстычных заклікаў).

Але ці зьнікла патрэба мець выданьне, дзе б адбывалася інтэлектуальная

гаворка? Дзе не было б масак-"нікаў", як на інтэрнэт-форумах, якія лепей было б па-беларуску зваць балбатанкамі, каб не абражаць годнага слова "форум"? Дзе праблемы дэмагогіі і маніпуляцыі электаратам адышлі б на другі ці трэці плян перад пытаньнямі, а як жа жыве наша грамадзтва насамрэч? Дзе вартасьць меркаваньня вызначалася б не ягонай прыдатнасьцю нейкай невялікай групе ў нейкі канкрэтны момант, а адпаведнасьцю сапраўднаму стану рэчаў?

Уражаньне такое, што патрэба ў гэткай трыбуне, гэткім форуме без двукосьсяў засталася адно ў невялікай колькасьці людзей, якія не зьмяшчаюцца ў двухадзі-ную сыстэму "спажыўцы бюджэту" - "спажыўцы грантаў". Усе астатнія задаволеныя сытуацыяй, якая склалася: магчымасьці друкавацца, граць, сьпяваць за-стаюцца, а патрабаваньні якасьці паступова зьмяншаюцца - як і магчымасьці спажыўцоў чытаць, глядзець і слухаць.

Сыстэма інтэлектуальнага страўсізму мае сваю жорсткую праграму разьвіцьця, і, калі высілкі інтэлігенцыі, якую мы чамусьці называем адраджэн-скай, асяродзяцца на вынаходзтве "нашага" прымітывізму для ачмурэньня натоўпаў, для спрытнейшага падману людзей, можна гарантаваць, што найгарчэй падманутай будзе менавіта гэтая інтэлігенцыя.

Згадваюцца апошнія кадры фільму "Кабарэ": зубаскал, які, сьмеючыся, казаў людзям горкую праўду, сыходзіць, а на яго з залі глядзяць… самі памятаеце хто. У самавітым шоргаце новых выданьняў, у бясконцых газэтных разважаньнях пра тое, як лепей маніпуляваць народам, чуецца тая мэлёдыя: Auf Wiedersehen!.. Auf Wiedersehen!.. Ці пераб'е яе іншая музыка?

Даніла Жукоўскі, Горадня

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0