Групу Блакітных азёр недарэмна называюць дыямэнтам у каралях Паазер’я. Выглядае мясцовасьць дужа маляўніча: аточаная лясамі цёмна-блакітная роўнядзь вады зьмяняецца ўзгоркамі, вышыня якіх перавышае 50 мэтраў.

Кожнае з азёраў своеасаблівае: Глубля вызначаецца зялёна-блакітным колерам вады, Балдук — глыбінёй, у Мёртвым ня водзіцца рыба.

Прыгожыя і нехарактэрныя для Беларусі пэйзажы, чысьціня азёр прыцягваюць турыстаў. А калі вам і экскурсавод добры патрапіцца, як краязнаўца з Камарова Іван Драўніцкі, дык ня толькі атрымаеце асалоду ад сузіраньня пекных краявідаў, але й дазнаецеся шмат чаго цікавага.

Мёртвае возера

Ландшафтны заказнік БЛАКІТНЫЯ АЗЁРЫ
Ландшафтны заказнік БЛАКІТНЫЯ АЗЁРЫ
Вандроўныя марскія воіны з Скандынавіі — вікінгі — па рацэ Страча трапілі ў край Блакітных азёр. Аблюбавалі яго для жыцьця. Яны сталі несьці тут ваенную службу ў князёў, займацца рыбнай лоўляй. Вызначаліся вікінгі асаблівым умельствам весьці бой на вадзе, сябе лічылі “марскімі ваўкамі”. Паводле іх звычаяў, парэшткі памерлых ці загінулых патрэбна аддаваць не зямлі, а вадзе. Вось і выбралі яны для пагосту невялікае бяссточнае возера на левым беразе Страчы. Забітых падчас баявых сутычак воінаў вікінгі хавалі з шанаваньнем, на дно возера апускалі ў дасьпехах. Тых, хто памёр ад старасьці або хваробы, спальвалі, каб хвароба не распаўсюджвалася, а попел таксама апускалі на дно. Гэты вадаём назвалі возерам Мёртвых.

Аднаго дня ішоў з Полацку ў Вільню манах-пілігрым, які чуў пра незвычайнае возера-могільнік і вырашыў пацікавіцца ім. Сьцямнела, надумаў тут і заначаваць. Выбраў месца пад сасной, памаліўся. Толькі пачаў укладацца, як над вадзяной гладзьдзю зазьвінелі званочкі. Глянуў — зь сярэдзіны возера падплывае да берага кораб, поўны скарбаў. Манах абхапіў яго, паставіў пад сасну і стаў разглядаць. На хвіліну ім авалодала сквапнасьць: вось, думае, скарбаў хопіць, каб усё жыцьцё правесьці ў багацьці.

А потым сумненьні яго ахапілі: “А можа, гэта нячыстая сіла мяне спакушае?”

Дрыготкай рукой ён перахрысьціў кораб. Узьняўся віхор, закруціў верхавіну сасны, і зноў усталявалася цішыня. Потым з вышыні пачуўся мілагучны жаночы голас:

— Ты, высакародны манах, зрабіў правільна. Табе я даю ганаровае даручэньне: вазьмі з кораба сэрдалікавую залатую брошку і занясі ў Вільню да абраза Маці Божай Вастрабрамскай. Гэта падарунак ад Полацкай зямлі, ад Эўфрасіньні...

Манах выканаў даручэньне.

А сасна з закручанай верхавінай стаяла некалькі соцень гадоў і была цудадзейнай. Да яе прыходзілі самотныя і пакрыўджаныя, дзяліліся сваім горам і атрымлівалі душэўную палёгку. 3 гадамі старая сасна ўпала, а на яе месцы вырасла маладая з такой самай закручанай верхавінай. Яна таксама валодае ўласьцівасьцю здымаць душэўны цяжар, чым часта карыстаюцца мінакі ды турысты. А возера гэта любіць цішыню, гасіць розныя гукі і паглынае рэха.

Панская дарога

Возера Балдук
Возера Балдук
У старажытныя часы сувязь паміж мясцовасьцямі ажыцьцяўлялася па рэках. I Страча была шляхам зносін паміж Полацкай зямлёй і Вільняй. Потым уздоўж рэчак пачалі рабіць дарогі — зьявілася такая і ля Страчы. А як зрабілі Полацкі тракт, то патрэбы ў гэтай дарозе ня стала. Але паны вырашылі яе выкарыстоўваць па-свойму. Дарога праходзіла па ўзвышшах, навокал — прыгожыя краявіды: рэчка, азёры. Паны брычку запрагуць і ўперад, на прагулку. Дрэвы павысякалі, каб з вышыні добра было ўсё відаць. Самі паны каталіся, гасьцей вазілі па гэтай дарозе.

Балдук і Балдучыха

Сярод дрымучых лясоў, дзе цяпер красуюцца азёры Балдук і Балдучыха, стаяла вёска. Жылі ў ёй працавітыя людзі: гадавалі жывёлу, палявалі, лавілі рыбу. Усё здабытае дзялілі па справядлівасьці. Ля кожнай хаты расла рабінка, зь ягад і зёлак умелі рабіць лекі ад розных хвароб.

Але пасьля таго як у навакольлі зьявіўся злы вядзьмар, жыцьцё ў вёсцы разладзілася. Заразіў ён людзей зайздрасьцю, сквапнасьцю, утрапёнасьцю. Дзеці перасталі паважаць бацькоў, бацькі апекавацца дзецьмі, брат пайшоў на брата. Быў сярод вяскоўцаў мудры, паважаны ўсімі чалавек — вяшчун. Двойчы ўжо ратаваў ён вёску: раз ад голаду і раз ад пошасьці. I паводле законаў магіі мог зрабіць гэта толькі тройчы. Варажнеча сярод людзей зайшла так далёка, што была страшнейшай за голад і пошасьць. Вяшчун стаў рыхтаваць чарадзейнае зельле. У гэты момант да яго прыйшоў вядзьмак, зарагатаў: “Дарэмна стараешся, вяскоўцы сапсаваліся канчаткова. Хаця ты выведаў сакрэт чароўнага зельля, але ня знойдзеш людзей, каб згадзіліся на ахвярнасьць дзеля другіх, — б’юся аб заклад. Я нашлю на вёску бяду, і калі хоць дзясятая частка тваіх суседзяў паклапоціцца пра іншых, то я адступлюся, у вёсцы запануе дабрыня. А калі не, то ня жыць людзям у гэтай прыгожай мясьціне”.

[]Вяшчун спадзяваўся на разважнасьць сваіх аднавяскоўцаў, верыў, што падчас усеагульнай бяды яны згуртуюцца, не пакінуць блізкіх. Чарадзейнае зельле паказала, што выратаваць людзей ад бяды з дапамогай цудадзейнай вады змогуць Балдук і Балдучыха, бо іх сэрцы не заплямленыя ніякімі хібамі. Цёмнай купальскай ноччу Балдук і Балдучыха пайшлі ў лясную глухамань па чароўную ваду. Крычалі совы, чуліся патаемныя шоргаты, страшныя цені нейкіх пачвар суправаджалі іх, але яны дайшлі да цудадзейнай крыніцы, якая пырскала з-пад гары, і набралі вады. Калі вярнуліся ў вёску, то ўзьняўся вецер, пачаў ламаць, крышыць арабінкі, зрываць стрэхі з хат, стаў лупіць пярун, а зь неба, бы з магутнай ракі, хлынула вада. Людзі ад страху павыскоквалі з хат, ратаваў кожны сам сябе, ні пра дзяцей, ні пра хворых ніхто ня думаў. Вада залівала вуліцы, людзі сталі ўзьбірацца на стрэхі, залазіць на дрэвы. Баддучыха выліла частку вады са збаночку, і навальніца адразу супакоілася. А людзі ператварыліся ў буслоў і, цяжка ўзмахваючы крыламі, пачалі пакідаць вёску, разьлятацца ў розныя бакі. Як толькі краналіся зямлі, зноўку ператвараліся ў людзей. Яны заснавалі новыя вёскі: ад Барыса пайшла вёска Барысы, ад Янука — Януковічы, ад Яцака — Яцыны. Балдук і Балдучыха, сьведкі гібелі роднай вёскі, стаялі, трымаючыся за рукі, а потым расталі, ператварыліся ў азёры. Як яны трымаліся за рукі, то і цяпер азёры Балдук і Балдучыха зьвязаны між сабой рукой-пратокай. Рэшткі чароўнай вады са збаночка распырскаліся па навакольлі і па сёньняшні дзень сьцякаюць у азёры дзясяткамі крыніц.

Запісаў Алесь Высоцкі, Паводле “Рэгіянальнай газеты”

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0