У склад камісіі па апытаньнях грамадзкай думкі пры Акадэміі навук разам з урадавымі сацыёлягамі ўвайшоў Леанід Міхейчыкаў зь БелаПАН. Кіраўнік НІСЭПД Алег Манаеў ад такога гонару адмовіўся.

Створаная камісія была пастановай Савету Міністраў яшчэ 31 траўня для “ўдасканаленьня ўмоваў правядзеньня і апублікаваньня апытаньняў грамадзкае думкі, якія адносяцца да грамадзка-палітычнае сытуацыі ў краіне, рэспубліканскіх рэфэрэндумаў ды выбараў”. Многія сацыёлягі расцэньваюць гэты крок як увядзеньне цэнзуры на сацыялягічныя дасьледаваньні. Урад жа спасылаецца на заходнюю практыку.

У камісію — рэдкі для Беларусі выпадак — увайшлі прадстаўнікі як дзяржаўных, так і недзяржаўных структураў. Ачоліў камісію небезьвядомы дэпутат палаты прадстаўнікоў Ігар Катляроў. Увайшлі ў яе “зоркі” беларускае сацыялёгіі: загадчык сэктару Інстытуту сацыялёгіі Яўген Бабосаў, дырэктар гэтага ж Інстытуту Георгі Явелькін, дырэктар Цэнтру сацыялягічных і палітычных дасьледаваньняў Давід Ротман, сакратар Цэнтравыбаркаму Мікалай Лазавік. Праўда, з 15 сяброў камісіі кандыдатура прадстаўніка Міністэрства інфармацыі застаецца вакантнай. Палажэньне пра дзейнасьць камісіі цяпер на зацьвярджэньні ў Міністэрстве юстыцыі. Гэтым дакумэнтам будзе рэглямэнтавацца парадак акрэдытацыі сацыялягічных службаў. Пасьля яго зацьвярджэньня ўсе сацыялягічныя службы змушаныя будуць праходзіць акрэдытацыю пры камісіі.

У праекце пастановы Саўміну пра яе стварэньне было агаворана, што акрэдытацыя неабходная на час правядзеньня выбараў ды рэфэрэндумаў. Аднак канчатковы варыянт пашырыў гэтую працэдуру і на ўсе сацыялягічныя апытаньні, датычныя грамадзка-палітычнае сытуацыі. Гэта азначае, што ўсе сацыялягічныя дасьледаваньні апынаюцца пад кантролем улады, бо “грамадзка-палітычная сытуацыя” — гэта нашае жыцьцё.

Ідэя заходняя

Сябар камісіі, кіраўнік сацыялягічнай службы “Люстэрка” кампаніі БелаПАН Леанід Міхейчыкаў сьцьвярджае, што камісія стваралася “паводле прыкладу аналягічных структураў, што існуюць на Захадзе, у прыватнасьці ў Францыі, якія вядуць акрэдытацыю на час выбараў і рэфэрэндумаў”.

Фактычна ў Беларусі ўводзіцца трохузроўневая сыстэма акрэдытацыі: для маркетынгавых службаў яна непатрэбная; да службаў, якія не даюць вынікаў апытаньняў у друк, — менш жорсткія патрабаваньні; да тых, хто дае, — больш жорсткія. Праект палажэньня прадугледжвае, што шанцы прайсьці акрэдытацыю маюць тыя службы, у складзе якіх ёсьць хоць адзін кандыдат сацыялягічных навук. “Гэта ўсё робіцца дзеля таго, каб кантраляваць вынікі сацыялягічных дасьледаваньняў. За некаторымі ня дужа сумленнымі службамі ён і патрэбны. Але ў нас ня самы лепшы кантроль — як бы ён не ператварыўся ў цэнзуру”, — гаворыць Л.Міхейчыкаў.

На сёньня ў Беларусі існуюць два дзясяткі сацыялягічных службаў, але назіраецца ўстойлівая тэндэнцыя да скарачэньня іхнае колькасьці — 4 службы (2 незалежныя, 2 дзяржаўныя) ужо спынілі сваё існаваньне. З увядзеньнем акрэдытацыі іх, трэба меркаваць, яшчэ паменее.

За Міхейчыкава вырашыў БелаПАН

Л.Міхейчыкаў ня згодны, што камісія абавязкова будзе выконваць загады ўлады. Хоць і не хавае, што “ініцыятыва сыходзіць ад улады, якая зацікаўленая праводзіць свае інтарэсы”. Але сам Л.Міхейчыкаў апынуўся ў камісіі не з уласнае ініцыятывы. За яго гэта вырашыла рада дырэктараў кампаніі БелаПАН, якая фінансуе дасьледаваньні службы “Люстэрка”. “Акрэдытацыю будзе атрымліваць не Міхейчыкаў, а кампанія БелаПАН. БелаПАН зацікаўлены атрымліваць максымум інфармацыі і выдаваць яе”.

Кіраўнік “Люстэрка” лічыць, што ў камісіі сабраліся “дастаткова кампэтэнтныя людзі”. “Ні пра кога зь іх нічога канкрэтна дрэннага сказаць не магу. Усе яны неблагія прафэсіяналы. Аднак, даючы інфармацыю, яны ня могуць яе інтэрпрэтаваць. А інтэрпрэтацыя — вельмі важны момант”.

Форма запалохваньня

Намесьнік дырэктара НІСЭПД Аляксандар Сасноў лічыць, што камісія створаная з мэтай “кіраваць інфармацыйным забесьпячэньнем насельніцтва ў часе выбарчых кампаніяў… Гэты працэс пачынаўся ня сёньня: яшчэ летась плянавалася ўнесьці зьмены ў закон аб выбарах якраз-такі ў сацыялягічным пляне. Не прайшло. Тады пайшлі шляхам стварэньня гэтае камісіі. Наступствы акрэдытацыі не прапісаныя; гэта, магчыма, будуць санкцыі супраць кіраўнікоў арганізацыяў, штрафы — будуць душыць сацыялягічныя службы, балазе ў нас заўсёды ёсьць магчымасьці душыць. Але цалкам задушыць сацыялёгію ўладзе ня ўдасца, рэальна ажыцьцявіць задуманае немагчыма. Я магу правесьці тэлефоннае апытаньне жыхароў Смаленску — хто мне забароніць, хіба ўсю тэлефонную сетку адключаць? Акрэдытацыя — гэта хутчэй форма запалохваньня. Можа, я перабольшваю сваё значэньне, але толькі-толькі НІСЭПД апублікаваў вынікі красавіцкага апытаньня, згодна зь якім рэйтынг Лукашэнкі рухнуў адразу ў паўтара разу, як 31 траўня выйшла першая пастанова Саўміну аб стварэньні камісіі”.

А.Сасноў падтрымлівае кіраўніка НІСЭПД, які адмовіўся ўвайсьці ў камісію. Крок кіраўніка службы “Люстэрка” сацыёляг ацаніў расейскай прыказкай: “Поскреби русского — увидишь татарина”. Выказаўся А.Сасноў і пра пэрсанальны склад камісіі: “Там сабраліся людзі, зь якіх можна віць любую вяроўку, у тым ліку і для таго, каб павесіцца самім. Што скажуць ім, тое яны і зробяць”.

Глеб Хмяльніцкі

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0