Ад 20 да 26 кастрычніка мне выпала ўдзельнічаць у праграме падвышэньня кваліфікацыі для беларускіх дырэктараў і настаўнікаў, якая адбывалася ў Нямеччыне.

Мы наведалі пяць школаў рознага кшталту ў землях Бэрлін, Брандэнбург і Саксонія-Ангальт, зблізку зірнулі на жыцьцё людзей у сталіцы Нямеччыны і трох “райцэнтрах” — Патсдаме, Дэсаў і Вітэнбэргу.

Эмігранты ня вучацца

Нямецкім настаўнікам жыцьцё дало апошнім часам два сыгналы аб тым, што ў сыстэме адукацыі ня ўсё ў парадку.

Гімназія імя Марціна Лютэра ў Вітэнбэргу
Гімназія імя Марціна Лютэра ў Вітэнбэргу
Першы прагучаў пры канцы вясны: у Эрфурце юнак застрэліў сваіх гімназічных настаўнікаў, якія другі год запар не прызнавалі яго дастаткова “сьпелым” для паступленьня ў ВНУ. Другім “alarmo tremolo” былі дрэнныя вынікі міжнароднага тэставаньня базавых навыкаў школьнікаў 32 краінаў. Нямецкія вучні занялі месца ў апошняй траціне.

Першы выпадак — гэта хутчэй выключэньне ў стабільным нямецкім школьным соцыюме. Што ж да вынікаў тэставаньня, дык у такой краіне, як фэдэратыўная Нямеччына зь яе сувэрэннымі землямі й дыспрапорцыяй разьвіцьця паміж Захадам і Ўсходам, любая статыстыка будзе падобная да сярэднестатыстычнай тэмпэратуры хворых у палаце. Вучні з Бадэн-Вюртэмбэргу добра напісалі тэсты, школьнікі Брэмэну — вельмі дрэнна. Спадар Краеўскі, раднік школьнага ведамства Бэрліна, кажа, што дрэнныя вынікі можна часткова патлумачыць наплывам эмігрантаў у краіну. У адным Бэрліне легальна жывуць пад 300 тыс. туркаў, і яшчэ столькі сама — нелегальна. Яны селяцца кампактна і зь цяжкасьцю засвойваюць нямецкую культуру. Гэты сацыяльна адчужаны пласт разам з прадстаўнікамі яшчэ сотні нацыянальнасьцяў, што насяляюць сталіцу, дадае праблемаў школьнай сыстэме.

Рады і прадстаўніцтвы

У нямецкіх школах — вучнёўскае самакіраваньне. Школьнікі там куды больш самастойныя ў сваіх рашэньнях, чым нашыя, а дырэктары й пэдагогі робяць стаўку на гэтую самастойнасьць і самадастатковасьць, а не валакуць на карку цяжкі камень аўтарытарнае пэдагогікі, як шмат дзе ў нас.

Так, у школе імя Макса Бэкмана, што месьціцца ў зусім не рэспэктабэльнай частцы былога Ўсходняга Бэрліну, — два ўзроўні “школьнае дэмакратыі”. Па-першае, гэта школьная Рада, куды на адпаведных сходах абіраюцца па чатыры чалавекі ад настаўнікаў, вучняў і бацькоў. Раду ачольвае дырэктар, аднак ён ня мае права вырашальнага голасу. Другі ўзровень — гэта школьніцкае прадстаўніцтва, па два вучні ад кожнай клясы. Гэты ўзровень падмацаваны сыстэмай “мэдыятараў” — адмыслова падрыхтаваных вучняў, якія могуць залагоджваць унутраныя канфлікты ў клясах. Такая “двухузроўневая” сыстэма — пілётны праект, які мае на мэце больш адкрыць нямецкія школы.

Яшчэ адзін такі праект — “эўрапейская школа”. У зямлі Саксонія-Ангальт 15 школаў пазначаюць гэты тытул у сваіх праспэктах. Там вялікая ўвага надаецца выхаваньню на аснове непасрэднага кантакту з вучнямі, вывучэньню культуры й моваў іншых эўрапейскіх краінаў. Школьнікі багата вандруюць: малодшыя езьдзяць па краіне, старэйшыя на вакацыях кіруюцца за мяжу.

Т’ютар для “мапэда”

Вельмі мне спадабалася абароненасьць нямецкага настаўніка. Ён мае дабратворны для прэстыжу гэтае прафэсіі высокі аклад. Нават ва ўсходніх землях настаўнік-пачатковец зарабляе 2—3 тыс. эўра ў месяц.

Маладому пэдагогу, які прыходзіць працаваць у школу, на першыя тры гады прызначаецца дасьведчаны т’ютар-дарадца. Тое самае — у лекараў ды юрыстаў.

Настаўніка бярэ на працу не дырэктар, ён прызначаецца раённым (гарадзкім) альбо нават зямельным школьным ведамствам. Дырэктар гімназіі імя Вальтэра Гропіюса спадар Альпэрт сказаў, што ён ня лічыць правільнай амэрыканскую мадэль прыватных школ, дзе дырэктар у канцы навучальнага году прастаўляе ў ведамасьці кожнаму настаўніку балы за шэраг пэўных аспэктаў, а потым выстаўляе ўсіх разам з мэбляю на вуліцу, каб зрабіць у школе рамонт і ўзяць (альбо ня ўзяць) назад у клясы.

Кніга з Магілёва

Былы настаўнік расейскай мовы гімназіі імя Лютэра ў Вітэнбэргу, вось ужо два гады як пэнсіянэр спадар Мюнхгоф, які вадзіў нас па школе, разумеў, што мы — не расейцы, і адмыслова для нас знайшоў у бібліятэцы кніжкі па-беларуску “з Махілйова” (так ён заве Магілёў).

Гімназія імя Марціна Лютэра ў Вітэнбэргу
Гімназія імя Марціна Лютэра ў Вітэнбэргу
У Бэрліне і Патсдаме вучні, якіх спыталіся неўзнарок, дакладна назвалі сталіцу Беларусі і месцазнаходжаньне нашай краіны. Яшчэ некалькі гадоў таму назад гэта было б немагчымым. Але што бачыць у тэлевізіі, чытае ў друку ды Інтэрнэце немец пра Беларусь? Так, па дарозе між Патсдамам і Дэсаў нас абрадавалі: “Пра вас пішуць!” І зачыталі абвестку: дзесьці паблізу зьбіраюць для беларусаў у Хойнікі старыя аправы ад акуляраў ды запрашаюць далучацца да акцыі...

Шторанку — у кола

Закон аб адукацыі патрабуе, каб у школьнай праграме абавязкова прысутнічала рэлігія або этыка. Гэты самы закон дазваляе адкрываць прыватныя школы, якімі апякуюцца рэлігійныя канфэсіі. У Дэсаў ёсьць пачатковая школа эвангельскай дыяканіі. Яна была адчыненая на жаданьне бацькоў чатыры гады таму. Цяпер у ёй больш за восемдзесят вучняў. Бацькі прыстасавалі і адрамантавалі пад школу былы дзіцячы садок. Хоць выбіралі будынак зь дзесяці варыянтаў, але сякія-такія мінусы ёсьць. Тут няма кухні, хоць гэта адна зь нешматлікіх у Нямеччыне школаў з “групай”. Але немцы ня робяць з гэтага праблемы: абеды ў школу прыносяць у тэрмасах.

Зранку дзеці сядаюць у кола і нейкі час абмяркоўваюць свае праблемы, выказваюць пажаданьні — выгаворваюцца. Тое самае адбываецца пасьля абеду перад сыходам дахаты. Старшынька бацькоўскай Рады кажа, што такая тэрапія дае станоўчыя вынікі: дзеці робяцца больш спакойныя, прыязныя, практычна ніколі ня б’юцца.

Першыя тры гады дзяржава ні шэлега не давала на ўтрыманьне школы, цяпер аплачвае адно 90% ад сярэдняга штатнага раскладу дзяржаўнай школы. Настаўнікі атрымліваюць даплату, бо з гэтага году навучаньне там зрабілася платнае (50 эўра ў месяц). Але бацькі, якія ня маюць чым плаціць, ня плацяць.

На маё пытаньне, ці хочуць дзеці хадзіць у школу, выхавальніца распавяла пра новенькую, якую маці ўвечары мусіла яшчэ раз прывезьці зь вёскі пад школу, каб тая паторгала дзьверы й упэўнілася, што школа насамрэч замкнёная.

Школа з ілюмінатарамі

Гімназію імя Марціна Лютэра ў Вітэнбэргу ў народзе называюць школай Гундэртвасэра. Вітэнбэрг, як і Дэсаў, быў крыху палепшаным варыянтам нашых панэльных райцэнтраў: з азотнатукавым камбінатам, спальнымі раёнамі й іншымі стандартнымі мінусамі. Калі пачалася санацыя сацыялістычных будынкаў, настаўнік працы даў дзецям творчае заданьне — спраектаваць школу, у якой яны хацелі б вучыцца. Некаторыя вучнёўскія ідэі настаўнік даслаў аўстрыйскаму архітэктару Гундэртвасэру. Ён славуты тым, што вырабляе праекты толькі ў адным экзэмпляры: чыгуначны вакзал, царкву, капліцу, тэрмінал, дзіцячы садок. Яшчэ ён адпрэчвае простыя лініі ды ўжывае яшчэ раз, як інсталяцыі, старыя будматэрыялы. Гундэртвасэр прасякнуўся дзіцячым рамантызмам, і праз колькі часу зь Вены быў дасланы гатовы праект. Да сумы, прадугледжанай урадам на пераабсталяваньне, улады зямлі дадалі яшчэ 4 млн. эўра, апякунская Рада дазьбірала мільён — і за год паўстала прыгажуня-школа, дзе дрэвы вольна растуць на даху, а вокны — як ілюмінатары карабля...

Замест пастскрыптуму

Розьніца ў сацыяльным разьвіцьці між Заходняй і Ўсходняй Нямеччынай моцна адчуваецца. У Дэсаў з 200 тыс. жыхароў 20 тыс. самых маладых і мабільных зьехалі шукаць працы на захад краіны. Бэрлін хоць дадае аптымізму шматлікімі новабудоўлямі, але непрыемна прэзэнтуецца шматлікімі нягеглымі спарудамі ўсходніх кварталаў, старой вулічнай каналізацыяй. На Аляксандэрпляц, каля самай тэлевежы, увечары шпацыруюць вялізныя непалоханыя шчуры. Ва ўсходніх мястэчках вечарамі пустыя гастштэтэ і рэстарацыі. Кожны восьмы — беспрацоўны. Аднак у Нямеччыне ворагамі зьяўляюцца ня людзі, а праблемы. Праблемы там абмяркоўваюць. Школа не ў апошнюю чаргу вучыць культуры супольнага жыцьця, майстэрству паляпшаць яго якасьць. Хто з бацькоў не жадае сваім дзецям такой школы?

Яўген Бяласін

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0