Івонка Сурвіла, старшыня Рады БНР: «З гэтага магло б нешта выйсьці»

Мне цяжка сказаць. Можа, каб Мілінкевіч зрабіў першы крок… Справа ў тым, што Пазьняк вельмі ганарлівы чалавек. І ён першага кроку ня зробіць. Вы ведаеце, я менш блізкая з Пазьняком, чым, магчыма, вам падаецца там, у Беларусі. І хоць мы спатыкаемся нармальна і паводзім сябе нармальна, але ён уважае, што я недастаткова прыслухоўваюся да ягоных думак. І з‑за гэтага час ад часу маем невялікія дыскусіі. Але я яго моцна паважаю, безумоўна, як чалавека. І я сапраўды думаю, што каб дайшло да згоды паміж Мілінкевічам і Пазьняком, з гэтага магло б нешта выйсьці. Была б карысьць. Але ініцыятыва павінна ісьці ад Мілінкевіча. Я адзінае чаго баюся — што Пазьняк не саступіць ні на адзін сантымэтар сваіх пазыцыяў. А якраз тое, што мне падабаецца ў Мілінкевічу, гэта ягоная памяркоўнасьць. Прынамсі, адсюль так здаецца. Дзеля гэтага баюся, што Пазьняк будзе намагацца накідаць свае думкі так, як ён стараецца накінуць іх мне. Ён чалавек вельмі прынцыповы й бескампрамісны. Яго вельмі цяжка ў нечым пераканаць. А на маю думку, у цяперашняй Беларусі трэба забыцца на тое, што «толькі я маю рацыю й ніхто іншы». Трэба ўмець знаходзіць супольную мову. Трэба спачатку будаваць дом, а пасьля дзяліць яго.

Юрась Беленькі, Кансэрватыўна‑хрысьціянская партыя БНФ: «Паразуменьне немагчымае»

Я думаю, што паразуменьне немагчымае па той простай прычыне, што Зянон Пазьняк стаіць на пазыцыях нацыянальнага адраджэньня, на пазыцыях пабудовы нацыянальнай беларускай дзяржавы. А Мілінкевіч — інструмэнт у чужых руках, які адпрацоўвае пэўныя праекты. Як напісаў Паўлюк Быкоўскі ў «Беларускім рынку», «на Кангрэсе дэмакратычных сіл адбылася канкурэнцыя праектаў заходніх сяброў беларускай дэмакратыі». І спадар Мілінкевіч — яркі прадстаўнік такіх сяброў. Ён не самастойны ў палітыцы. Гэта чалавек ня той, за каго яго прымаюць людзі. І мы ж ведаем перадгісторыю працы гэтага чалавека. Спадар Мілінкевіч вельмі эфэктыўна папрацаваў па развалу Гарадзенскай абласной арганізацыі БНФ. Таму якое можа быць паразуменьне зь людзьмі, якія працуюць у супрацьлеглым накірунку і маюць супрацьлеглыя мэты? Спадар Мілінкевіч ня ёсьць, як ён сам прадстаўляе сябе, прадстаўніком беларускага нацыянальнага адраджэньня, беларускіх нацыянальна‑дэмакратычных сіл.

Васіль, сельскі настаўнік: «У нас няма традыцыі знаходзіць агульную мову»

Гэта было б цудоўна. Ідэальны варыянт! Але ж у нас няма такой традыцыі — знаходзіць агульную мову дзеля галоўнай мэты. У нас ёсьць іншая традыцыя — сварыцца з‑за дробязяў, ахвяраваць галоўным дзеля часовага. Таму думаю, што нашы самыя нацыянальныя палітыкі застануцца самымі вернымі старым традыцыям.

Уладзімер Крукоўскі, мастак: «Бескампраміснасьць уласьцівая не аднаму Пазьняку»

Немагчыма. З‑за бескампраміснасьці Пазьняка. Чалавек бескампрамісны — ён у нечым заўсёды абмежаваны. Кампраміс прадугледжвае шырыню погляду, мноства варыянтаў. Каб я пра гэта пачуў, я б вырашыў, што не Мілінкевіч памяняўся — я б падумаў, што зь Зянонам цуд адбыўся. Але гэтая бескампраміснасьць уласьцівая не аднаму Пазьняку, але ўсім адраджэнцам першай хвалі. Тут і асабістая крыўда, і, часам, перабольшаньне сваёй ролі, і крытычнае бачаньне ў іншых неадпаведнасьці нейкаму ідэалу. Тут многа ўсялякіх фактараў. Пазьняк такі не адзін. Чыста псыхалягічна тыя, хто былі першымі, адчуваюць заўжды большую рацыю.

Павал Мажэйка, прэс‑сакратар Мілінкевіча падчас прэзыдэнцкіх выбараў: «Нацыянальным палітыкам няма чаго дзяліць»

Саму пастаноўку пытаньня я асабіста лічу надуманай і не зусім актуальнай сёньня. Палітыкам, якія пранацыянальныя, прабеларускія, няма чаго дзяліць. І больш за тое, сёньня ўвесь цэнтрысцкі і правы край беларускай апазыцыі атаясамляецца выключна зь Мілінкевічам. Сапраўды, Пазьняк неаднаразова даваў вельмі рэзкія ацэнкі сытуацыі ў Беларусі і стану беларускай апазыцыі. Натуральна, ён мае на гэта права. Магчыма, гэтая ягоная рэзкасьць зьвязаная з тым, што ён інфармацыю пра Беларусь чэрпае альбо з прэсы, альбо з інтэрнэту, альбо ад тых людзей, зь якімі сустракаецца. Можа, ён не да канца адчувае тое, што адбываецца ў Беларусі. Зь іншага боку, Мілінкевіч неаднаразова падкрэсьліваў, што высока цэніць Пазьняка — і як навукоўца, і як адраджэнца, і як палітыка. Ён гэтай сваёй пазыцыі не хавае. Ён заўсёды быў прыхільнікам сустрэчы і дыялёгу ў справах Беларусі.

Канстанцін, мэнэджэр: «Наколькі Мілінкевічу патрэбнае такое паразуменьне?»

Як мне здаецца, Пазьняк зараз увасабляе ў сабе артадаксальнага беларуса. І Мілінкевіч зрабіў шмат, каб ад гэтага паразуменьня адыйсьці — ад усіх гэтых заклікаў: «прыходзьце на нашае сьвята!». І калі Пазьняк мае аўтарытэт духоўны, нягледзячы ні на што, дык Мілінкевіч зараз фігура больш адміністратыўная. І гэты ганебны кангрэс таксама паказаў, што Мілінкевіч ня мае ніякага рэсурсу, акрамя яго прэзыдэнцкай кампаніі. І асноўны раскол паміж Мілінкевічам і ўсімі астатнімі адбыўся вакол пытаньня: «Хто нас будзе прадстаўляць у Эўразьвязе?». І наколькі Мілінкевічу патрэбна падтрымка ў паразуменьні з Пазьняком? Цяжка сказаць. Пазьняку, здаецца, такое паразуменьне ўвогуле непатрэбна.

Сяргей Навумчык, журналіст, паплечнік Пазьняка: «Гэта асобы рознага маштабу»

Думаю, што калі гаворка пра нейкі палітычны альянс, а не, скажам, абмеркаваньне вартасьцяў літаратурнага твору — дык немагчыма. Падаецца, гэта асобы рознага маштабу (найперш у гісторыі), і ў іх занадта розныя палітычныя ўстаноўкі і спосабы дзеяньня. Праўда, гады паўтары таму, яшчэ да выбараў, Мілінкевіч падчас прыезду ў Прагу папрасіў мяне пагутарыць з Пазьняком наконт іх сустрэчы. Магчыма, ён быў зацікаўлены ў такой гутарцы ў сувязі з выбарамі. Зянон Станіслававіч пагадзіўся сустрэцца, але, ведаю дакладна, на кантакт з Пазьняком Мілінкевіч ні тады, ні пазьней , не выходзіў. Ні ў Варшаве, ні ў Амэрыцы. Можа, неабходнасьць адпала, а магчыма, Мілінкевічу давялося б тлумачыць, чаму ён заставаўся ў сыстэме лукашэнкаўскай улады яшчэ ў 1996 годзе, калі годам раней той жа Пазьняк быў жорстка зьбіты ў залі парлямэнту па загадзе Лукашэнкі. Стаўленьне Пазьняка да Мілінкевіча вядомае зь ягоных апошніх заяваў. Увогуле, падаецца, што ацэнка Пазьняком якога заўгодна палітыка шмат у чым абумоўленая стаўленьнем гэтага палітыка да Расеі. І калі Пазьняк кажа, што Беларусь ніколі ня ведала ад Масквы нічога добрага і наўрад ці калі‑небудзь атрымае, дык трэба памятаць, што гэта ня толькі гістарычны вопыт нацыі, але й «генэтычная памяць» сям’і Пазьняка, ягонага роду (чытайце кнігу «Вялікае Княства»). Празьмерная даверлівасьць палітыкаў занадта дорага каштавала Беларусі ўвосені 96‑га. Над папераджальнымі лістамі Пазьняка да Шарэцкага тады сьмяяліся. Потым кусалі локці. Ёсьць і яшчэ адзін момант. Палітычная апазыцыя, якую ўзначальваў Пазьняк і якая дамаглася аднаўленьня Незалежнасьці, не атрымлівалі ні цэнта дапамогі, ніадкуль. Усё было зроблена ўласнымі сіламі. Пазьняк — зь ліку тых лідэраў, якія перакананыя, што беларуская палітыка можа рабіцца толькі на беларускія сродкі.

Павал Севярынец, лідэр Маладога Фронту: «Паразуменьне патрэбнае»

Адкажу адным словам. Трэба. Паразуменьне патрэбнае, бо гэтыя два палітыкі ўвасабляюць нацыянальны рух. Нацыянальны рух зараз нямысьлімы як без Зянона Пазьняка, так і без Аляксандра Мілінкевіча. Тое, што яны дагэтуль разьяднаныя, тое, што робяцца ня вельмі прыемныя заявы, гэта, безумоўна, шкодзіць усяму нацыянальнаму руху. Таму вельмі хацелася б папрасіць гэтых людзей… Я не магу ім раіць, бо ня маю такога маральнага права… Але папрасіць пра ўзаемную ўдзячнасьць і ўзаемную павагу. Бо, мне здаецца, толькі пры ўзаемадзеяньні руху «За Свабоду», КХП БНФ і ўсіх частак нацыянальнага руху будзе магчымае нацыянальнае адраджэньне.

Газэта «Свабода»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0