Дзіўныя рэчы адбываюцца апошнімі тыднямі на рынку мабільнай сувязі: два мясцовыя гіганты, якія спрабуць зьяднаць сваей сувязьзю ўсю Беларусь, выбралі зусім не характэрную для Беларусі маркетынгавую стратэгію.

Velcom і МТС пільна адсочваюць рэклямную палітыку адно аднаго і робяць хады ў адказ. Імгненнасьць рэакцый уражвае.

Чуткі, што МТС пачне браць за хвіліну ўсяго па 30 рублёў — таньней немагчыма — плянамерна перацяклі ў моцную рэклямную кампанію. Цяпер з мабільнікаў МТС тэлефанаваць таньней, чым праз стацыянарны тэлефон між абласьцямі. Velcom таксама ня сьпіць у шапку і ўводзіць зьніжкі на 30%. Цяпер першая хвіліна размоваў паміж абанэнтамі гэтага апэратара каштуе 170 рублёў, другая — 119. Уначы яшчэ таньней: першая 80, другая 56.

GSM-кампаніі маюць на мэце завабіць як мага больш кліентаў. Гэта яскрава бачна з рэклямных прадуктаў. МТС скіроўвае насельніцтва на таннасьць прадукту і прапануе разам пераходзіць да іх. Velcom выпускае шчымлівую аудыёгісторыю пра хлопчыка, якому трэба вярнуць свой падарунак увесну. З гэтага вынікае, што на сёньня колькасьць беларускіх GSM-абанэнтаў дабрала сваю “крытычную масу”, і кампаніі мабільнай сувязі найперш спрабуюць іх дзяліць. Адна хоча перацягнуць пэўную колькасьць ужо наяўных абанэнтаў да сябе, а другая — усімі шляхамі захаваць кліентаў. Апэратары менш, чым раней, спадзяюцца на агульнае павелічэньне “мабільных” грамадзянаў у Беларусі, а галоўную ўвагу зьвяртаюць на змаганьне за “падлучаных”. Сапраўды, калі ня будзе радыкальных зьменаў у палітыцы кампаніяў (рэзкае зьніжэньне тарыфаў, бясплатныя размовы паміж абанэнтамі аднае кампаніі, пасэкундная тарыфікацыя), рост кліентуры можа замарудзіцца.

Аляксей Чубат

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0