Да выбараў ў мясцовыя саветы засталося тры месяцы. 22 сьнежня распачнецца вылучэньне кандыдатаў у дэпутаты. Большасьць апазыцыйных партый і арганізацый абвесьцілі пра ўдзел у выбарах. Яны імкнуцца правесьці сваіх людзей у мясцовыя саветы, каб гэтыя палітыкі здабывалі досьвед і заваёўвалі аўтарытэт у выбаршчыкаў. “Сьвежая кроў” у мясцовых органах улады мусіць ажывіць іх, стварыць перадумовы для будучага рэфармаваньня.

Наступным крокам апазыцыйных сілаў могуць стаць выбары ў парлямэнт. Посьпех у іх кардынальна зьмяніў бы палітычную сытуацыю ў краіне, а, магчыма, і аднавіў бы колішнюю раўнавагу розных галінаў улады ў Беларусі. Што ж за людзі будуць прабівацца ў мясцовыя органы ўлады? Зь якімі праграмамі яны пойдуць да выбаршчыкаў? І, нарэшце, ці вераць яны ў сваю перамогу? З такімі пытаньнямі мы зьвярнуліся да будучых кандыдатаў у дэпутаты, якія будуць балятавацца ў рэгіёнах.

Шанец — дзецям

У гарадзкі савет Мар'інай Горкі зьбіраецца балятавацца 27-гадовы Алесь Міхалевіч. Ён мае вышэйшую адукацыю — выпускнік юрыдычнага факультэту БДУ. З 2002 г. Міхалевіч узначальвае Менскую абласную арганізацыю Партыі БНФ.

“У мяне маленькая акруга — крыху больш за дзьве тысячы выбаршчыкаў. Цэнтар акругі й мікрараёну — СШ №1, адзіная беларускамоўная школа ў горадзе, — гаворыць А.Міхалевіч. У мікрараёне жывуць пераважна маладыя людзі — большасьць дамоў там збудаваныя як моладзевыя жыльлёвыя каапэратывы.

Асноўны лёзунг праграмы Міхалевіча: “Дамо нашым дзецям шанец!” Ня дзіва. У мікрараёне адна школа і большасьць сем’яў зьвязаныя зь ёй: хтосьці там працуе, у многіх дзеці ды ўнукі — школьнікі. Тым больш, што А.Міхалевіч ужо раней дапамагаў гэтай навучальнай установе: арганізоўваў паездкі дзяцей за мяжу, курсы для настаўнікаў і г.д.

А.Міхалевіч плянуе вылучацца падвойна: зборам подпісаў і рашэньнем Пухавіцкай арганізацыі Партыі БНФ. Збор подпісаў дазваляе мець дадатковы месяц працы з выбаршчыкамі. Рашэньне партыі дае большыя гарантыі, што ён будзе зарэгістраваны.

А.Міхалевіч заснаваў мясцовую прыватную газэту “Регион”, якая выдаецца пераважна па-расейску накладам у 1500 асобнікаў. У 35-тысячным горадзе выходзіць таксама дзяржаўная газэта “Пухавіцкія навіны” (наклад 3 тыс. асобнікаў) і прыватная “Павятовая газета” (1500 асобнікаў).

“Шанцы ў мяне дастаткова высокія, — кажа А.Міхалевіч. — Акруга для намэнклятуры правальная. Ужо ёсьць прыклад, калі ўдаўся байкот выбараў у палату прадстаўнікоў — прыйшло толькі 30% выбаршчыкаў. У перамогу абсалютна веру. Калі мне ўдасца абысьці кожную кватэру, я дакладна перамагу. У маёй камандзе вельмі аўтарытэтныя людзі. Што таксама зарука перамогі”.

Трэба чакаць, што супраць Міхалевіча мясцовая “вэртыкаль” выставіць моцнага кандыдата. Хутчэй за ўсё, кагосьці з дырэктараў заводаў. Не выключана, што кандыдатаў будзе некалькі.

Без палітыкі

У Маладачанскі гарсавет будзе балятавацца 20-гадовы Ян Лагвіновіч. Ён — студэнт-завочнік Беларускага дзяржаўнага тэхнічнага ўнівэрсытэту, сябар БНФ, кіраўнік маладачанскага “Маладога фронту”. Працуе лесьніком у мясцовым лясгасе.

Лагвіновіч зьбіраецца ісьці на выбары праз збор подпісаў, бо лічыць, што абыход кватэр і непасрэдны кантакт з выбаршчыкамі — гэта “найбольш эфэктыўны мэтад агітацыі”. Аднак, ён дапускае, што зборам подпісаў уладам вельмі лёгка “выдаліць” кандыдата з гульні. Таму, для падстрахоўкі, Я.Лагвіновіч мяркуе вылучацца і ад партыйнай арганізацыі. У яго ёсьць каманда, якая складаецца з сяброў “Маладога фронту” і ягоных знаёмых.

Лагвіновіч кажа, што ў сваёй праграме ён робіць акцэнт на маладыя сем'і: працоўную моладзь, прадпрымальнікаў, людзей з вышэйшай адукацыяй. Акруга, па якой Я.Лагвіновіч мяркуе балятавацца, гэта новы раён, які вызначаецца больш высокім узроўнем жыцьця. Ён абяцае вырашыць праблемы гэтага мікрараёну: камунальныя паслугі, транспарт ды інш. Палітычныя лёзунгі ў праграме Лагвіновіча наўрад ці будуць.

Што да сваіх шанцаў на перамогу, то Лагвіновіч бачыць галоўную небясьпеку ў магчымасьці фальсыфікацыі вынікаў выбараў з боку ўладаў. “Досьвед мінулага году, калі падчас прэзыдэнцкай кампаніі даводзілася зьбіраць подпісы, паказвае, што людзі вельмі добра рэагуюць на абыход кватэраў. Супольную мову зь імі можна знайсьці!”, — кажа Лагвіновіч.

Бабруйская “сацыяльная дамова”

Настаўнік з Бабруйску 30-гадовы Алесь Чыгір зьбіраецца балятавацца ў мясцовы гарадзкі савет. Ён працуе настаўнікам гісторыі ў бабруйскай СШ №8. Беспартыйны, сябра грамадзкай арганізацыі “Свая справа”. А.Чыгір адказаў на пытаньні карэспандэнта “НН”.

“НН”: Якая ў Вас праграма?

А.Ч.: Пад выбары была падрыхтавана т.зв. “сацыяльная дамова”. Мы сабралі інфармацыю пра ўсе гарадзкія праблемы і яе абагульнілі. Са жніўня на гэтую тэму праводзілася анкетаваньне сярод сяброў грамадзкіх арганізацый і жыхароў гораду, была створаная экспэртная група. Яна падрыхтавала тэкст “сацыяльнай дамовы”, што складаецца з 11 пунктаў: асьвятленьне гораду, рамонт дарогаў, ахова здароўя, праблемы інвалідаў ды інш. Гэта будзе дамова паміж кандыдатамі ў дэпутаты і жыхарамі гораду. Я буду стартаваць у выбарчай кампаніі, закранаючы толькі сацыяльныя праблемы.

“НН”: Якім чынам будзеце вылучаць сваю кандыдатуру?

А.Ч.: Шляхам збору подпісаў. Гэта самы аптымальны варыянт. У Бабруйску 40 акругаў. У кожнай зь іх 3—4 тысячы выбаршчыкаў. Трэ будзе абысьці кватэры: першы раз, каб сабраць подпісы, другі раз — каб правесьці агітацыю. Я мог бы вылучыцца і ад працоўнага калектыву, але вырашыў ісьці такім шляхам. Ад партыі вылучыцца не магу, бо з 2001 г. я — беспартыйны.

“НН”: Ці маеце Вы каманду?

А.Ч.: Каманда ёсьць. Пераважна гэта сябры грамадзкага аб'яднаньня “Свая справа”. Наагул, людзей шмат, з многімі я вёў перамовы.

“НН”: Што Вы можаце сказаць пра сваю выбарчую акругу?

А.Ч.: Гэта працоўны раён, шыннага камбінату. Тут знаходзіцца школа, дзе я працую.

“НН”: Ці маеце досьвед удзелу ў выбарчых кампаніях?

А.Ч.: Мне падаецца, што маю. Бо пачынаючы з 1999 г. я браў удзел ва ўсіх палітычных кампаніях, ведаю адпаведныя тэхналёгіі.

“НН”: Як ацэньваеце свае шанцы на перамогу?

А.Ч.: Шмат будзе залежаць ад таго, хто яшчэ вылучыцца ў маёй акрузе, наколькі гэта будзе моцны праціўнік. І па-другое, я лічу, што існуе магчымасьць фальсыфікацыяў. Таму свае шанцы ацэньваю 50/50.

“НН”: Што можна сказаць пра перадвыбарчую сытуацыю ў Бабруйску?

А.Ч.: Стан даволі складаны. У нас у апошнія гады партыі спрабавалі ствараць нейкія кааліцыі, але яны ніколі не спрацоўвалі. Цяпер зноў зьбіраюцца дзяліць акругі. Мне здаецца, што падзяліць іх немагчыма, бо няма ніякага прынцыпу, яны ня могуць вызначыцца, хто “наш” кандыдат, а хто “ня наш”. Наша арганізацыя ўзгадняла разьмеркаваньне кандыдатаў па акругах з БНФ “Адраджэньне”, Арганізацыяй працоўных жанчын, “Вэтэранамі Адраджэньня”, Беларускай асацыяцыяй журналістаў, арганізацыямі сацыяльнай скіраванасьці (напрыклад, інвалідаў). Але гэта было не падпісаньне дамоваў ці стварэньне кааліцыі, а больш прыватныя перамовы. Усе названыя арганізацыі бяруць удзел у кампаніі “сацыяльнай дамовы”. На іх аснове можа пасьля паўстаць кааліцыя.

А хто там ідзе?—

Дык хто ж ідзе на выбары ў мясцовыя саветы ад апазыцыі? Паводле папярэдніх зьвестак, вялікую частку кандыдатаў складуць маладыя людзі да 30 гадоў, якія яшчэ ня ўдзельнічалі як кандыдаты ў выбарчай кампаніі альбо былі ўжо дэпутатамі (праўда, такіх мала). На сёньняшні дзень моладзь да 30 гадоў у мясцовых саветах складае толькі 5% ад дэпутацкага корпусу. Гэтую лічбу агучыла нядаўна старшыня Цэнтравыбаркаму Лідзія Ярмошына.

Пакуль нельга сказаць, колькі кандыдатаў выставяць на выбарах апазыцыйныя сілы. У Менску, напэўна, “накрыюць” усе акругі, але ці будзе пры гэтым станоўчы вынік? У малых гарадах кандыдаты маюць добрыя шанцы перамагчы, калі здолеюць абысьці кватэры выбаршчыкаў ды скласьці пры гэтым станоўчае ўражаньне.

Наўрад ці кандыдаты вераць, што выбары нешта кардынальна зьменяць, але непасрэдныя кантакты з выбаршчыкамі (а не праз газэту ці ўлётку) могуць значна палепшыць у народзе імідж апазыцыйных палітыкаў.

Алег Тачоны

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0