Набліжаюцца Каляды, Новы год.

На паштамце безьліч прыгожых сьвяточных паштовак, толькі вось набыць іх замінае гэта пачварнае “З Ражджаством”, якое нахабна крочыць па краіне, замяніўшы сабой спрадвечна беларускае “Вясёлых Калядаў” ці хоць бы “З Нараджэньнем Хрыстовым”.

“Белпошта” ўпарта ня хоча ці ня ўмее рэклямаваць свой край. Мастацкія канвэрты з помнікамі архітэктуры, славутымі людзьмі, памятнымі датамі прызначаныя для рассылкі па Беларусі, што вельмі добра, але ў замежныя краіны чамусьці прадаюць чысты белы канвэрт.

А якую долю зазналі беларускія цукеркі! У “Лакамцы” (ці “Ласуне”?) беларускамоўных фанцікаў няма зусім. “Камунарка” тлумачыць, што, маўляў, шмат цукерак адпраўляецца ў Расею. Ну і што з таго? Мая расейская радня просіць прывозіць цукеркі менавіта зь беларускмі назвамі. Ім вельмі цікава чытаць іх. Напрыклад, ім вельмі падабаліся цукеркі “Ліса-махлярка”. Зараз гасьцей ужо давядзецца частаваць цукеркамі “Лиса-плутовка”.

Увечары вырашыў забіць двух зайцоў: за сымбалічны кошт патрапіць усярэдзіну Палацу Рэспублікі (звычайна канцэрты там дарагія) і паглядзець канцэрт славутых “Харошак”. Канцэрт быў цудоўны. Пасьля кожнага танцу – авацыі, кветкі, выкрыкі “брава”. Праўда, дасьведчаныя гледачы заўважылі, што склад удзельнікаў ансамблю амаль цалкам абноўлены, шмат моладзі і таму няма пакуль што той вытанчанасьці рухаў і шляхетнасьці, як у былых “Харошках”. Сцэна Палацу занадта вялікая, і таму артысты вымушаныя былі рабіць вялікія крокі, ад чаго некаторыя танцы былі больш падобныя да беганіны. У танцах паболела акрабатычных нумароў – высачэзныя скокі, шпагаты, прысядкі, перакульваньні, ад якіх у хлопцаў часта спадалі з галавы капелюшы. Усё гэта, на мой погляд, больш уласьціва “русским пляскам”, але менавіта гэта публіка вітала з асаблівым імпэтам. І зусім ужо залішнім быў дым, які ахутваў сцэну цягам усяго канцэрту. Фальклёр жа – ня рок.

Яшчэ шкада – праграмка была надрукаваная расейскаю моваю. Толькі назва на вокладцы па-беларуску, а ўнізе па-ангельску, ужо ў расейскай транскрыпцыі: KHOROSHKI. І.Гаявая, якая выйшла на сцэну ў фінале, не сказала гледачам двух словаў па-беларуску, хаця з залі нават чуліся воклічы “Жыве Беларусь!”.

Вы скажаце, я ўсё крытыкую, а трэба нешта рабіць. Я напісаў аднойчы ліст да кіраўніцтва мэтрапалітэну з пытаньнем, калі ўжо нарэшце будуць замененыя шыльды “Плошча Леніна” на “Плошча Незалежнасьці”. Мне адказалі, што гэта тэхнічна складана і дорага, бо ў слова “Незалежнасьці” больш літараў, чым у слова “Леніна”. І ўвогуле, шыльды пакінутыя па просьбе вэтэранскіх арганізацыяў. Як той казаў, дзе сеў, там і зьлез.

Лявон Гуменьнікаў, Менск

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0