Ніхто зь беларусаў ня вылучаны на Нобэлеўскую прэмію міру сёлета.

Паводле нашай інфармацыі з крыніцаў у Нарвэгіі, ніводзін беларус ня быў намінаваны сёлета на Нобэлеўскую прэмію міру.

Летась у сьпісе намінантаў быў праваабаронца Алесь Бяляцкі. Ён разглядаўся як адзін з самых імаверных кандыдатаў.

Вылучэньне сканчаецца ў лютым, і сьпісы кандыдатаў застаюцца ў таямніцы. Аднак пэўна, што прынамсі сярод нарвэгаў беларусаў сёлета ніхто не вылучаў.

Летась кандыдатуру Алеся Бяляцкага прапанавала група дэпутатаў нарвэскага парлямэнту ад розных партыяў. Гэтую ідэю лабіравалі праваабаронцы з Швэцыі й Нарвэгіі.

Выбар ляўрэата ажыцьцяўляе камітэт у складзе пяці чалавек, якія дэлегуюцца рознымі партыйнымі фракцыямі парлямэнту. Да гэтага пытаньня нарвэжцы ставяцца як да справы нацыянальнага гонару.

Прэмію ў свой час атрымалі Нэльсан Мандэла – лідэр руху барацьбы з апартэідам, Андрэй Сахараў (1975) – самы вядомы з савецкіх дысыдэнтаў, Лех Валэнса (1983) – лідэр польскай «Салідарнасьці», кіраўніца бірманскай апазыцыі Су Джы ці яшчэ кіраўнікі вызваленчага руху Ўсходняга Тымару. Камусьці зь іх гэтае найвышэйшае сусьветнае прызнаньне дапамагло захаваць свабоду, камусьці – нават жыцьцё. Яшчэ дзесьці гэта дапамагло ўнікнуць крыві – галоўная задача прэміі.

Дагэтуль ніводзін беларус не атрымліваў прэстыжнай узнагароды. Ураджэнцы Беларусі – Ахарон Клуг (хімія), Сайман Сьміт Кузьнец (эканоміка), Жарэс Алфёраў (фізыка), Мэнахем Бэгін і Шымон Пэрэс (мір) – але не грамадзяне краіны.

У свой час Сяргей Дубавец пісаў, што атрыманьне Нобэлеўскай прэміі было б важным для ўмацаваньня нацыянальнага гонару беларусаў.

Аднак пасьлядоўна лабіраваньнем беларускіх кандыдатураў на Нобэля не займаецца ніхто: ні ва ўрадзе, ні ў незалежным грамадзтве.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?